Брэнд Sakolka звязаў космас і БНР

25.03.2015 Культура

Новая калекцыя брэнду Sakolka напачатку задумвалася, як «Асобны Атрад БНР – ІІ» з аўтарскай інтэпрэтацыяй тэмы космасу, зорных войнаў і фантастычнай экспэдыцыі Прэзыдэнта БНР Івана Серады на Месяц, а пазьней і на Марс, дзе ён стварае новы Асобны Атрад БНР. Агульную зьвязку Космас-БНР , як заўсёды сфармуляваў Міхаіл Баярын.

Але потым, зусім нечакана мы натрапілі на кнігу Язэпа Драздовіча «Нябесныя бегі» 1931г., якая абсалютна  арганічна і вельмі  сучасна ўпісалася ў канцэпцыю калекцыі.

Язэп Драздовіч, безумоўна, выбітнейшая постаць, творчасьць якой застаецца актуальнай і да сёньня. Ён меў рацыю, калі казаў “Вы мяне яшчэ пашукаеце”. Мы пашукалі і адшукалі.

Адна мова чаго вартая – “канструкцыя мнагабойнай таўкач-ракеты”!

Рэшта сымбаляў, што вельмі нагадвалі крылатыя дыскі, дадалася з кнігі «Беларускі арнамэнт» Міхаіла Кацара 1953г.

У нашым фальклёры ёсьць усё і нават космас. На гэтым фрагмэньце можна пабачыць г.зв. “дыскаліты” або “лятучыя дыскі”. Міхаіл Кацар, называе гэтую выяву “Узор абярэга”. Відаць, у паваенны час вера ў тое, што людзі на лятучых дысках могуць аберагаць, была даволі шырака распаўсюджана сярод нашага народу, што толькі пацьвярджае нашу гіпотэзу пра Асобны Атрад БНР – ІІ

Такім чынам, калі вы маладыя і сучасныя і вам надакучыла бясконцае рэпрадукаваньне старых сымбаляў – калекцыя «Нябесныя бегі» для вас. Тут ёсьць стыль і гісторыя, сучаснасьць і нават прышласьць, якая пазірае на нас з вамі вачыма бясконцых зор…

Калекцыя прэзэнтуе саколкі, світшоты, худзі і нагавіцы ў чорна-белай гаме.

Над калекцыяй працавалі:

дызайн: Вадзім Пракопчык; фота: Дзіна Даніловіч; стыль: Эма-Марыя Чарных, Дзіна Даніловіч; мадэлі: Эма-Марыя Чарных, Аляксандар Сітнікаў;  мэйк: Кася Эйфарыя; аксесуары: Кацярына Прус-Анісковіч/VEDOVKA; скураныя аздобы: Мілана Хасіневіч/KILLTODAY, футра: Аляксандра Жук/ZIBRA.