«Мова паказвае, хто свой, а хто чужы». Польская антраполаг пра 30 гадоў даследавання беларускай ідэнтычнасці

Польская антраполаг Катажына Вашчыньска даследавала ідэнтычнасць беларусаў больш за 30 гадоў. Яна распавяла культурна-асветніцкаму парталу «Будзьма беларусамі!» пра свае этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя часткі краіны, назіранні за пратэстамі 2020 года і беларускай дыяспарай у Польшчы.

K. Waszczyńska.jpgКатажына Вашчыньска. Фота з яе асабістага архіва

Пра пачатак даследаванняў у Беларусі

Я ўпершыню прыехала ў Беларусь на пачатку 1990-х як студэнтка кафедры этналогіі і культурнай антрапалогіі Варшаўскага ўніверсітэта (цяпер гэта аднайменны інстытут) у складзе даследчай лабараторнай групы прафесара Леха Мроза. Мы займаліся міжэтнічнымі адносінамі.

Агулам большая частка даследаванняў праводзілася ў Літве, на Віленшчыне і ў ваколіцах Коўна. Але адзін з нашых экспедыцыйных выездаў быў у Лідскі раён. Пазней я самастойна, пішучы магістарскую працу, паехала на беларуска-літоўскае памежжа, у ваколіцы Ашмянаў і Буйвідзаў. Там я займалася пытаннямі памяці пра шляхецтва. Дробная шляхта — гэта асобная група, якая страціла дакументальнае пацвярджэнне свайго паходжання, але захавала свядомасць «Я не селянін», а таксама імкненне да пошуку элементаў, якія б гэта пацвярджалі, нават калі чалавек нарадзіўся ўжо ў змяшанай шляхецка-сялянскай сям’і.

Пра даследаванне самасвядомасці беларусаў

Пытанні ідэнтычнасці мяне заўжды цікавілі. Таму мой трэці даследчы праект у Беларусі датычыўся гэтага пытання. Я рэалізавала яго ў Мінску і ваколіцах. Мае суразмоўцы часта распавядалі, як прыязджалі з вёскі ў горад і задумваліся пра сваю ідэнтычнасць. Жадаючы стаць гарадскімі, яны мусілі адмовіцца ад мовы, на якой размаўлялі, і навучыцца кантактаваць па-руску. Гэта істотная частка маёй дысертацыі — дарога да беларускасці. Дарога, якую мусілі прайсці мае суразмоўцы, — ці з Усходу на Захад, ці з меншай мясцовасці да большай, ці паступленне, каб здабыць адукацыю, ці служба ў войску — прымушала іх задумацца пра сваю ідэнтычнасць.

Група, якую я даследавала — досыць спецыфічная. Гэта не галоўныя лідары беларускага руху, але лідары меркаванняў у пэўных супольнасцях, у т. л. настаўнікі, журналісты, артысты, але не толькі. Сярод іх не было палітыкаў, ідэолагаў. Я размаўляла з імі, але не выкарыстала гэты матэрыял для дысертацыі. Я спрабавала адказаць на пытанне, хто такі «свядомы беларус» для людзей, якія лічылі сябе беларусамі.

Я задумвалася над тым, хто такі «сапраўдны беларус» (нібыта могуць быць «несапраўдныя»). Варта памятаць, што вынікі этнаграфічных даследаванняў залежаць не толькі ад таго, што мы сустракаем у полі, але і ад пытанняў даследчыка. Як праведзена размова — такі будзе выніковы матэрыял. Задаючы пытанні, якія рысы мусіць мець прадстаўнік пэўнай нацыі, я сыходзіла з таго, што я як полька думаю аб быцці палякам. Цяпер, гледзячы на свой даўні матэрыял, я думаю, што павінна была інакш правесці тыя даследаванні.

Пра беларускую мову ў Беларусі і Польшчы

Пачынаючы даследаванні беларускай ідэнтычнасці, я не ведала беларускай мовы. Гэта быў ужо пачатак ХХІ ст. Для папярэдніх праектаў мне хапала рускай мовы. Я зразумела, што ў асяродках, якія я хачу аналізаваць, людзі ведаюць рускую мову, але гэта не тая мова, якая дазволіць мне завязаць добры кантакт і прасунуцца ў маіх даследаваннях. Дзякуючы розным зычлівым людзям я пачала ўваходзіць у прастору беларускай мовы. Я вельмі ўдзячная тым, хто трываў маю беларускую, на якую я пераходзіла з польска-рускай мяшанкі, не папраўляючы мяне, з аграмаднай цярплівасцю чакалі, пакуль я скончу думку, і толькі тады адказвалі. Часта людзі, якія дэкларавалі, што беларуская мова для іх істотная, таксама не валодалі ёй дасканала.

У сваёй працы я не прыйшла да высновы, што свядомы беларус абавязкова мусіць быць беларускамоўным. Беларускасць можа існаваць у розных моўных прасторах. Нават ідэолагі беларускага руху праходзілі розныя этапы. Якім чынам сфармуляваць, што значыць быць беларусам? З моўнага, рэлігійнага, гістарычнага боку? Усё гэта — элементы складанай беларускасці.

Але пасля 2020 года сітуацыя змянілася. Перад тымі, хто з’ехаў з Беларусі, паўстае моўнае пытанне. Не ўсе яны беларускамоўныя, але калі хочаш функцыянаваць у т. зв. новай беларускай дыяспары, мусіш быць беларускамоўным. Можа, слова «мусіш» тут не вельмі пасуе, але прынамсі чакаецца, што будзеш беларускамоўным.

Рускамоўнасць будзе паказваць прыналежнасць да пэўнай групы — эканамічных мігрантаў альбо, вузей, ІТ-шнікаў. Натуральна, гэта не значыць, што няма беларускамоўных ІТ-шнікаў. Але мяркуецца, што актывісты, моцна ўцягнутыя ў пратэсты 2020 года, будуць беларускамоўнымі. Такія чаканні. Гэта можа быць прыгожая альбо непрыгожая беларуская мова, але чакаецца такі моўны канон.

Я не даследавала новую беларускую дыяспару, але здаецца, што беларуская мова там — усё ж у вялікай ступені злучальны элемент, як і досвед вымушанай эміграцыі, немагчымасці вярнуцца дамоў. Мова паказвае, хто «свой», а хто «чужы».

Калі казаць пра беларусаў, якія нарадзіліся і жывуць у Польшчы (у рэгіёне Падляшша), то іх беларуская мова адрозніваецца ад беларускай у Беларусі. У старэйшага пакалення яшчэ мелодыка мовы набліжаная да беларускай, але ў пакалення, скажам, сярэдне-старэйшага праз польскамоўную адукацыю з’яўляецца польская мелодыка. Беларуская мова мае падвойную інтанацыю: акцэнтаванне ў словах і ў сказах. А ў польскай застаецца толькі ў словах, няма той плыннасці, мелодыі мовы. У кароткіх фразах гэта можа быць не чутна, але ў доўгіх сказах — ужо праяўляецца.

Аб пратэстах 2020 года і беларускім парадку

У 2020 г. і раней мяне здзіўляла, што дэманстрацыя, якая ідзе, нешта маніфестуе, спыняецца на светлафоры. Альбо людзі, якія здымалі абутак, залазячы на лаўкі. У маёй галаве такія рэчы папросту не змяшчаліся.

Размова тут не толькі пра тое, беларускае гэта ці не. А пра выхаванне ў пэўнай прасторы, якая прывучае да парадку, пашаны і падобных рэчаў. Шырэй, гэта сістэма, якая бытуе на постсавецкай прасторы. Я не хачу сказаць, што гэта нейкі homo soveticus, нічога такога. Калі я даследавала, чым, на думку беларусаў, яны адрозніваюцца ад рускіх, то гучала ў першую чаргу, што ў беларусаў парадак, а ў рускіх яго няма. Што беларус, лузгаючы семкі, будзе збіраць шалупінне, а рускі пра гэта не падумае, проста выплюне. Гэта класічны прыклад, якім мае суразмоўцы ілюстравалі тэзіс «Мы культурныя, а яны — не; мы добрыя, а яны — кепскія». Нават калі гэта парадак «зверху» — улада дбае пра тое, што вуліцы чыстыя, упрыгожаныя кветкамі і іншымі рэчамі, то ў людзях гэта ўсё роўна ўзмацняе перакананне, што гэта яны такія акуратныя і дбаюць аб парадку.

Чаму беларусаў у Польшчы блытаюць з украінцамі і рускімі

Калі распаўся Савецкі Саюз і ў Польшчу пачалі прыязджаць людзі з Усходу, то для палякаў яны ўсе былі «рускімі», нават калі паходзілі з Беларусі ці Таджыкістана. «Рускі», бо з СССР. Я не хачу сказаць, што цяпер, калі беларусаў блытаюць з украінцамі, механізм той жа самы. Але хіба падобны. У польскіх СМІ вельмі шмат пішуць пра Украіну. Новая беларуская дыяспара ў Польшчы — трохі ахвяра вайны ва Украіне. Пасля пратэстаў 2020 года ў краінах на Захад ад Беларусі з’явілася шмат праграм дапамогі, некаторы час усе казалі пра беларусаў: што змагаюцца, што, можа, нешта атрымаецца. А калі Расія атакавала Украіну, то Беларусь знікла з галоўных навінаў. Беларусаў сталі згадваць разам з расіянамі.

Цяпер вельмі шмат высілкаў трэба ўкласці, каб паказаць, што ўсё ж беларусы — не рускія. Гэта ўвесь час робіцца, у т. л. у медыяпрасторы. У той жа час, звычайныя палякі не настолькі цікавяцца ўсходнімі суседзямі, каб разбірацца ў нюансах: шмат кажуць пра Украіну — значыць, усе людзі з усходнім акцэнтам, напэўна, адтуль. Нават як ведаюць, што нехта з Мінска, хоць гэта сталіца... Як яшчэ з Наваградка, то паляк можа задумацца, бо адтуль Міцкевіч. А так, паляк можа паблытаць Беларусь з Украінай. І такія памылкі часам робяць нават людзі, што прафесійна займаюцца постсавецкай прасторай.

Важна таксама, наколькі сама група паказвае, што яна іншая, адрозніваецца ад тых, з кім яе блытаюць. Ці гэта ёй наогул цікава. Па маіх суб’ектыўных назіраннях, украінцы ў Польшчы нашмат больш актыўныя і гучныя за беларусаў. Яны ў большай ступені адчуваюць сябе ў бяспецы.

Алеся Лях, budzma.org