22 чэрвеня 1941 года ўначы нацысцкая Германія напала на Савецкі саюз без абвяшчэння вайны. Амаль праз 81 год сітуацыя паўтарылася паміж двума саюзнікамі ў барацьбе з нацыстамі: Украінай і Расіяй. З часоў ІІ Сусветнай зараз адбываецца самая маштабная і кравапралітная вайна за пошнія 8 дзясяткаў гадоў. Гэтым тэкстам budzma.org хоча нагадаць аб недапушчальнасці і антыгуманнасці вырашэння любых канфліктаў вайсковым шляхам.
Фартэцыю будавалі больш за 80 год
Брэсцкую крэпасць распачалі будаваць у 1833 годзе, але ідэя аб пабудове ўмацавання на заходніх межах узнікла ў рускага імператара адразу пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай — у 1796 годзе. Такім чынам планавалі ўмацаваць мяжу з Аўстрыяй і Прусіяй, стварыўшы тры лініі фартыфікацыйных умацаванняў. Будучая Брэсцкая крэпасць мусіла стаць часткай другой умацаванай лініі. Пачатак маштабнага будаўніцтва некалькі разоў адкладалі з-за войнаў і падзей паўстання 1830–1831 гадоў. Першы ж камень ў аснову будучай фартэцыі быў урачыста закладзены 1 ліпеня 1836 года.
Карта Брэсцкай крэпасці 1834 года
26 красавіка 1842 года над фартэцыяй Брэст-Літоўскі ўзнялі штандар, крэпасць на той момант была адной з самых сучасных і непадступных, лічылася, што такая крэпасць можа спыніць армію. У часы паўстання 1863 года будынак былога манастыра быў перабудаваны пад турму для паўстанцаў. Крэпасць яшчэ шмат разоў умацоўвалі дадатковымі пабудовамі, мадэрнізавалі і перабудоўвалі. Канчаткова крэпасць была пабудаваная толькі ў 1915 годзе, калі ішла І Сусветная вайна і на тэрыторыю Расійскай імперыі наступалі войскі кайзера.
Хоць на той момант гэта была адна з самых абароненых і сучасных цвярдыняў, пры набліжэнні войскаў кайзера Вільгельма жаўнерам царскай арміі быў дадзены загад пакінуць крэпасць, забраўшы самае каштоўнае, а фартэцыю часткова зруйнаваць. Ужо ў 1918 годзе, 3 сакавіка, на тэрыторыі фартэцыі быў падпісаны Брэсцкі мір, які гарантаваў ужо Савецкай Расіі выхад з гэтай вайны. Пасля падзей Савецка-Польскай вайны 1920 года, згодна Рыжскаму падзелу 1921 года, Брэст-Літоўск, а разам з ім і фартэцыя, сталі належаць да ІІ Рэчы Паспалітай.
Першая абарона крэпасці была ў 1939 годзе
У міжваенны перыяд крэпасць выкарыстоўвалася як казарма, ваенны склад і палітычная турма, у якой трымалі ў 1930-х гадах палітычных вязняў.
1 верасня 1939 года распачалася ІІ Сусветная вайна, а на наступны дзень на цвярдыню паляцелі нацысцкія бомбы. Крэпасць стала сховішчам для вялікай колькасці жыхароў Брэста. Моцную шкоду гарнізону нанеслі нямецкія танкі, якія пастаянна наступалі. У жаўнераў польскага войска не было супрацьтанкавай зброі, крэпасць бамбілі з паветра і з дапамогай наземнай артылерыі.
Камандаваў абаронай адстаўны генерал Канстанцін Плісоўскі. З 14 верасня распачаліся самыя жорскія баі за крэпасць. Па стане на 17 верасня было страчана больш за 40% складу абаронцаў крэпасці.
Польскі генерал Канстанцін Плісоўскі
Ранены генерал Плісоўскі тады загадаў ацалелым пакінуць крэпасць праз мост. Такім чынам нямецкія войскі занялі Брэст і крэпасць. 22 верасня 1939 года горад і цвярдыня былі перададзеныя прадстаўнікам Чырвонай арміі, тады Брэст увайшоў у склад СССР.
Праз два гады была зноў вайна
22 чэрвеня 1941 года без абвяшчэння вайны ўначы Германія напала на СССР, першымі сустрэлі нямецкія бомбы беларускія памежныя гарады.
У першыя гадзіны вайны Брэст і крэпасць былі моцна абстраляныя нямецкай авіяцыяй і дальнабойнай артылерыя. Вельмі хутка большасць складоў, ваенных аб’ектаў, водаправод былі разбураны, у крэпасці на той момант было каля 9 000 савецкіх жаўнераў, але з-за абстрэлаў гарнізон быў разбіты на асобныя групы.
План-схема сістэмы ўмацаванняў Брэсцкай крэпасці: Кобрынскае ўмацаванне,Валынскае ўмацаванне,Цярэспальскае ўмацаванне
Нямецкія жаўнеры разлічвалі хутка захапіць цытадэль, выкарыстаўшы момант раптоўнага нападу. Планавалася масіраванымі артударамі змусіць гарнізон да капітуляцыі. Напад ажыцяўляла 45 пяхотная дывізія вермахта, узмоцненая цяжкай артылерыйскай зброяй, на чале з генерал-лейтэнантам Фрыцам Шліперам. Ранкам 22 чэрвеня савецкім салдатам быў дадзены загад адступаць, і палова гарнізона здолела пакінуць крэпасць.
Пачатак баёў за крэпасць
У першы дзень баёў да 9 гадзін раніцы крэпасць была цалкам узятая ў кальцо. Штурмавыя групы праз Цярэспальскае ўмацаванне і мост каля Цярэспальскіх варот прарваліся ў цытадэль, захапілі будынак палкавога клуба, дзе пакінулі пазіцыю карэкціроўшчыкаў артылерыйскага агню. Адначасова развівалася наступленне ў напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот, каб злучыцца з групамі, што наступалі з боку Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў. На працягу першага дня абаронцамі было адбіта 8 атак пяхоты, асноўныя сілы ворага былі выбіты з цытадэлі. Заставаліся нешматлікія нямецкія аўтаматчыкі, што ўкрыліся ў будынках клуба і сталовай для начальства, іх ліквідавалі на наступны дзень. Нямецкія войскі занялі некалькі казематаў апусцелых казармаў. Амаль адначасова баі разгарнуліся на тэрыторыі ўсіх умацаванняў. Абаронцаў узначалілі камандзіры і палітработнікі, у асобных выпадках — шараговыя байцы.
«Азоўсталь» чэрвеня 1941
Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. На тэрыторыі Цярэспальскага ўмацавання пагранічнікі ачысцілі ад праціўніка большую частку ўмацаванняў, аднак з-за недахопу боепрыпасаў і вялікіх страт утрымаць іх не маглі. У ноч на 25 і 30 чэрвеня яны групамі фарсіравалі Заходні Буг і далучыліся да абаронцаў цытадэлі і Кобрынскага ўмацавання. На Валынскім умацаванні камандзіры арганізавалі абарону ў межах шпіталя, на астатняй тэрыторыі яна мела ачаговы характар і працягвалася да канца тыдня; некаторыя байцы ўліліся ў рады абаронцаў цытадэлі, нямногія прабіліся з акружэння.
Цытадэль Брэсцкай крэпасці
У Цытадэлі — самым буйным вузле абароны — да канца дня 22 чэрвеня вызначыліся асобныя ўчасткі абароны: у раёне Цярэспальскіх варот, у паўночнай частцы абарончай казармы, каля Брэсцкіх варот, у казарме 33-га асобнага інжынернага палка, у раёне Белага палаца, у раёне размяшчэння 84-га стралковага палка, будынку інжынернага ўпраўлення. Паводле рашэння камандавання былі зроблены спробы прарваць кальцо акружэння, аднак беспаспяхова. На Кобрынскім умацаванні ў раёне Заходняга фронту і дамоў начскладу абарона працягвалася 3 дні. У раёне Усходніх варот амаль 2 тыдні змагаліся байцы 98-га асобнага процітанкавага артылерыйскага дывізіёна. У паўночнай частцы галоўнага вала і ў раёне Паўночных варот 2 дні стрымлівалі войскі вермахту, а потым адышлі ва Усходні форт, дзе абарону трымалі байцы 393-га асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, 333-га стралковага палка, каля 400 жаўнераў і камандзіраў пад кіраўніцтвам маёра П. Гаўрылава.
Карціна мастака І. Ахрэмчыка. Абаронцы Брэсцкай крэпасці
У поўным акружэнні, пры нястачы вады, прадуктаў, боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6-8 атак за дзень. Разам з жаўнерамі былі жанчыны і дзеці.
Да канца чэрвеня жаўнерамі вермахту захоплена большая частка тэрыторыі крэпасці. 29 і 30 чэрвеня вёўся бесперапынны 2-сутачны штурм з выкарыстаннем моцных авіябомб, вагою ў 500 і 1800 кілаграмаў. У выніку абарона крэпасці была разбіта на некалькі ізаляваных ачагоў супраціву, савецкія жаўнеры неслі вялікія страты.
«Я паміраю, але не здаюся»
Да 12 ліпеня ва Усходнім форце вяла баі група савецкіх жаўнераў. Пазней, вырваўшыся з форта, яны трымалі абарону ў капаніры за знешнім валам умацавання. Цяжка параненыя П. Гаўрылаў і зампалітрука Р. Дзеравянка трапілі ў палон 23 ліпеня. Савецкія жаўнеры працягвалі змагацца і пасля 20 ліпеня. Пра апошнія дні баёў вядома мала. Да гэтых дзён адносяцца надпісы, што пакінулі на сценах крэпасці яе абаронцы: «Памром, але з крэпасці не пойдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.».
Перадсмятротныя надпісы на сценах абаронцаў Брэсцкай крэпасці
Лічыцца, што абарона крэпасці цалкам была задушана 23 ліпеня, калі апошнія савецкія жаўнеры былі ўзятыя ў палон або забітыя.
Ушанаванне памяці
Удзельнікі абароны ўзнагароджаны савецкімі ордэнамі і медалямі пасля вайны, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена П. Гаўрылаву і начальніку 9-й пагранзаставы А. Кіжаватаву. Некаторыя абаронцы крэпасці, што трапілі ў палон, за часамі сталінізму былі прызнаныя ворагамі народа, але ў часы хрушчоўскай адлігі іх рэабілітавалі і ўшанавалі пасмяротнымі ўзнагародамі.
Мемарыял памяці абаронцаў крэпасці
8 мая 1965 года крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». На тэрыторыі крэпасці створаны Музей Брэсцкай крэпасці-героя, адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой, а ў Брэсце адна з вуліц горада названа ў гонар Герояў абароны Брэсцкай крэпасці.
АМ, budzma.org