Брызгалаўка Аркуша: “Я пакажу табе свае любімыя мясціны…”

23.03.2009 Кнігагляд

Алесь Аркуш, Барыс Козік Брызгалаўка: Жодзінскія аповеды, успаміны і вершы–Мінск: І.П.Логвінаў, 2009.

Каб выклікаць цікавасць да кнігі ў век усяіснага маркетынгу і рэкламы, аўтару перш за ўсё трэба заінтрыгваць чытача незвычайным дызайнам вокладкі, а таксама яркай і, пажадана, кідкай назвай, сэнс якой становіцца зразумелым толькі ў працэсе чытання твора (яшчэ лепш, пасля яго прачытання). Слова “брызгалаўка”, пра семантыку і этымалогію якога на пачатку можна толькі здагадвацца, як нельга лепш падыходзіць на ролю “інтрыгі-назвы” кнігі. Яшчэ больш інтрыгуе і наяўнасць двух аўтараў. Узнікае заканамернае пытанне: чаму іх творы змешчаны пад вокладкай адной кнігі з такой дзіўнай назвай?

“Брызгалаўка” — кніга, частку якой складаюць ўспаміны Алеся Аркуша пра яго маленства і юнацтва. Горад Жодзіна, раён з таямнічай назвай ДРЭС, мясцовы Дом культуры і любімая кнігарня, дзе можна выйграць кнігу ў латарэю, дамба на рачулцы, рыбалка на досвітку з сябрамі і, натуральна, сама таямнічая — чытачу пашанцавала, адказ на пытанне: што ж гэта такое? можна знайсці ўжо на трыццатай старонцы–брызгалаўка (месца ў вадасховішчы на Плісе, дзе над паверхняй вады ўздымаліся трубы, з якіх увесь час лілася вада–кандэнсат пары, што круціць турбіны на ДРЭС. Пазней так сталі зваць усю прылеглую да вадаліваў тэрыторыю вадасховішча с.31) — усё гэта складала цэлы свет для маленькага Алеся, свет дзіўны, поўны прыгод і забаваў як улетку, так і зімой.

Карціны мінулага аформлены аўтарам у выглядзе ўспамінаў, аповедаў, вершаў-роздумаў. Гэта асэнсаванне свайго дзіцячага светаўспрымання сталым чалавекам, параўнанне двух перыядаў жыцця: “жодзінскага”, мінулага, калі і вада была чысцейшая, і рыбы было больш, і можна было ў час веснавога разліву пакатацца на плыце; і “полацкага”, сучаснага, дарослага і поўнага адказнасці.
Гэта і ўспаміны пра сяброў. Гісторыя сяброўства Алеся і таленавітага музыкі Дзімы (яго малочнага брата) расказваецца аўтарам з болем і шкадаваннем за трагедыю лёсу сябра. Гэта і згадванне гісторыі свайго роднага гораду, краязнаўчыя і гістарычныя каментары да падзей мясовага жыцця. Але ўспаміны аўтара сягаюць значна далей за межы яго ўласнай памяці. Ён пераказвае аповеды бацькі пра вайну, удзел дзеда (скупога на аповеды) у ваенных дзеяннях, яго дзейнасць у складзе партызанскага атрада, працу на чыгунцы. Менавіта ўспаміны пра ваенны час і з’яўляюцца мастком паміж “Брызгалаўкай” Алеся Аркуша і творам “Каля чыгункі” (успаміны пра вайну ды мінуўшчыну) Барыса Козіка.

Барыс Козік стрымана, натуралістычна і без мастацкіх дэталяў апавядае пра сваё жыццё да вайны і зусім яму супрацьлеглае –часу ваенных дзеянняў, акупацыі (хоць ён тады і быў маленькім хлопчыкам, усё надоўга і трывала засталося ў памяці).
Успаміны Б.Козіка пра вайну і дзейнасць бацькі пераклікаюцца з успамінамі А. Аркуша пра дзеда. Становіцца зразумелым, што Барыс Козік — бацька Алеся Аркуша. І не выпадкова іх творы, па сутнасці, розныя змешчаны пад адной вокладкай. Памяць пра мінулае сям’і, успаміны маленства, пачуццё далучанасці да гісторыі роднага краю — вось што аб’ядноўвае многія пакаленні людзей, звязвае іх у адно цэлае.

Родныя мясціны вачыма хлопчыка і сталага мужчыны, дзяцінства якога было атручана вайной, замілаванне родным краем — вось што хаваецца пад вокладкай кнігі з загадкавай назвай “Брызгалаўка”. Варта задумацца: што я ведаю пра сваіх продкаў, пра СВАЮ гісторыю? А потым хутчэй пытацца ў саіх бабуляў і дзядуляў, шукаць у іх пямяці адказы на важныя пытанні. І гэта трэба зрабіць як мага хутчэй.

для www.budzma.org