Часовы дах неабходна памяняць на пастаянны — гэта вельмі дорага. А перад гэтым — правесці праектныя работы, піша katolik.life.
Нацыянальны санктуарый у Будславе нагадаў пра збор ахвяраванняў на аднаўленне касцёла пасля пажару ў 2021 годзе і паведаміў, што ў хуткім часе зноў спатрэбіцца фінансавая дапамога. Справа ў тым, што «надыходзіць момант, калі часовы дах на працягу бліжэйшых гадоў неабходна памяняць на пастаянны і рамантаваць дах над старым касцёлам», — паведаміла парафія ў сторыс у сваім Instagram.
Адразу пасля пажару ўсталёўвалі часовы, а не пастаянны дах — таму, што трэба было паспець выратаваць храм да пачатку дажджоў і снегу. А працы па ўсталёўцы пастаяннага даху — доўгія і вельмі дарагія. Аднак перш чым пачаць усталёўваць новы пастаянны дах, трэба зноў правесці праектныя работы, якія таксама дорага каштуюць.
«Яшчэ раз дзякуем за ўсю тую дапамогу, якую вы нам аказалі, але ў бліжэйшы час нам яшчэ спатрэбіцца ваша дапамога», — адзначылі ў парафіі і нагадалі аб зборы ахвяраванняў па спасылцы.
Ад пачатку збора ўдалося сабраць амаль 1,5 млн рублёў ахвяраванняў.