Ці можа мастацтва існаваць ва ўмовах небяспекі для сваіх стваральнікаў, дзяржаўнай цэнзуры, фінансавых абмежаванняў і невідавочнай дыскрымінацыі?
Можа, але тут ёсць нюанс.
На шосты год палітычнага крызісу ў краіне і чацвёрты год вайны беларускае кіно як культурная з’ява трапіла ў абцугі наймацнейшага крызісу, супастаўнага па маштабах хіба толькі з часамі нямецкай акупацыі і разрухі 1940-х гадоў.
Тады краіна ляжала ў руінах, і аднаўленне кінавытворчасці яўна было не ў самым версе піраміды патрэбаў савецкіх беларусаў. Зараз праблем з дабрабытам няма, але ўнутраны канфлікт улады з людзьмі, нябачная палярызаванасць грамадства не менш эфектыўна псуюць умовы працы кінематаграфістаў.

Архіўнае фота. Мінск, 2024
Паказальнікам існавання праблемы застаецца «Беларусьфільм» — адзіная кінастудыя, разлічаная на засвойванне дзяржфінансавання. Яе прызначаныя кіраўнікі, а за імі чыноўнікі Мінкульта, падобныя да сярэднявечных алхімікаў — спрабуюць вынайсці формулу ідэалагічна выверанага кіно, якое адначасова спадабаецца і ўладам, і выкліча захапленне ў публікі. Толькі вось заўважных поспехаў у гэтай няўдзячнай справе пакуль не бачна.
Ацалелы ў палітычныx чыстках на студыі пастаноўшчык Іван Паўлаў здымае выключна прэсныя драмы пра вайскоўцаў мінулага («Час вярнуцца», «Вышыня») ці сучаснасці («Адно на дваіх»).
За больш глядацкае кіно адказвае адзіны студыйны пратэжэ Кірыл Халецкі. У маладога рэжысёра ў мінулым годзе выйшла вытворчая драмедзі «Класная» пра размеркаванне настаўніцы ў аграгарадок, дзе ад колькасці ўпіхнутых ідэалагічных элементаў стракаціць у вачах. А наўпрост зараз ідуць здымкі прыгодніцкай стужкі ў беларускім антуражы пачатку 1990-х з дзіўнай назвай «19.91». ДзяржСМІ напышліва сцвярджаюць, што стужкі Халецкага запатрабаваныя ў беларускага гледача, але ў сацсетках асаблівага захаплення людзі наконт яго творчасці не выказваюць.
Нічога заўважнага не паўстае ў анімацыі і дакументалістыцы. «Беларусьфільм» працягвае адпрацоўваць ідэалагічную дзяржзамову, звязаную з вайной («Мемарыяльныя комплексы Беларусі», «Спаленыя вёскі», «Лагеры смерці») і прасоўваннем каштоўнасцяў рэжыму («Душа абаронцы», «Нашы сімвалы», «Наш космас», «Птушка Фенікс Аляксея Талая» і г. д.). Цалкам непалітычныя працы ёсць, але іх няшмат, і яны адрасаваныя зусім маленькім гледачам («Правільныя правілы», «Дзідзі» і г. д.), альбо прысвечаны дзікай прыродзе («Белавежская пушча», «Краіна ўратаванага волата»).
Праз адмыслова створаны ў краіне спецыфічны працоўны клімат, завязаны на праверцы лаяльнасці да ўлады, студыі яўна не хапае працоўных кадраў. Нястачу сцэнарыстаў спрабуюць кампенсаваць за кошт сцэнарных конкурсаў пад патранажам Мінкульта, а нястачу рэжысёраў — праз расійскую мастацкую майстэрню пад кіраўніцтвам пракрамлёўскага кінематаграфіста Сяргея Бязрукава, у якой будзе навучацца беларуская моладзь.
Абавязковае атрыманне дазволу ад дзяржорганаў на здымкі і паказ кантэнту звялі прыватную кінавытворчасць унутры Беларусі да безбюджэтнага аматарства і камерцыйнага канвеера на замову расіянам.
Гаворачы пра безбюджэтны напрамак, можна ўзгадаць стужку Андрэя Кудзіненкі пра савецкага кінаавангардыста Сяргея Эйзенштэйна і фільм Галіны Адамовіч «Кентавр», якія былі створаны, але невядома, дзе і як іх можна паглядзець. А вось у пачаткоўцаў з гэтым праблем няма. Мінулым лютым хорар «Рэха» рэжысёра-пачаткоўца Андрэя Ягорава трапіў у абмежаваны пракат Мінска. Але каб тое адбылося, стваральніку прыйшлося добра папацець — Ягораў не толькі самастойна зняў поўнаметражны фільм, але і вёў перамовы з кінатэатрамі аб паказах, а таксама рэкламаваў свой дэбют.
Перыядычна з’яўляюцца прыклады паспяховых фестывальных стужак, як аўстра-нямецкая драма «Белы слімак» Эльзы Крэзмер і Левіна Петэра, зняты амаль цалкам у Мінску з мясцовымі выканаўцамі. Але гэта хутчэй выключэнне з правілаў.
Кадр з фільма «Белы слімак». Фота: locarnofestival
Акрамя расіян, зараз жадаючых здымаць кіно ў Беларусі практычна няма, нават сярод ідэалагічна блізкіх уладам кітайцаў і індыйцаў. Гэта не замінае беларусам убудоўвацца ў расійскі рынак, які зараз праз вайну шмат выдаткоўвае на мясцовы кантэнт.
У гэтай справе найбольшага поспеху дасягнулі кінематаграфісты Андрэй Ліпаў і Максім Максімаў. Іх беларуская студыя «Кінацэх» і расійская «Біг Скрын Прадакшн» апошнім часам наздымала процьму забаўляльнага кіно з разлікам на попыт сярод расійскіх гледачоў (франшызы «Не адна дома», «У вёску да дзеда», «Мой бацька — мядзведзь» і г. д.). Толькі за гэты год яны павінны выпусціць на экраны 9 праектаў, сярод якіх ёсць англамоўны праект «Бочка», які набыў стрымінг Amazon. Адкуль у іх на ўсё гэта грошы — да канца не зразумела. Але самі стваральнікі кажуць, што не просяць грошай у расійскага «Фонду кіно» і расійскага Мінкульта.
У эмігранцкім асяроддзі выпадковае фінансаванне цалкам знікла. Працягваюць паказваць вынік толькі аўтары, убудаваныя ў мясцовыя і міжнародныя кінаіндустрыі.
Праз тое сёлета новых прэм’ер было вобмаль. У верасні, у пазаконкурснай праграме Венецыянскага кінафестывалю, пакажуць эксперыментальную працу «Лісты» дакументаліста Андрэя Куцілы, прысвечаную лёсам беларускіх палітзняволеных і іх сваякоў. Глыбокай восенню альбо зімой да экранаў, напэўна, дабяруцца поўнаметражныя працы яшчэ двух дакументалістаў: Ксеніі Галубовіч і Аляксандра Гарадка. У апошняга павінен выйсці спрадзюсаваны тэлеканалам «Белсат» фільм «Дзвіж», прысвечаны фанатам беларускага рэпера Макса Каржа, якія жывуць у розных краінах.
У больш аддаленай перспектыве наспявае шэраг прац ад аўтараў ігравога кіно. Стваральніца драмы «Крышталь» Дар’я Жук працуе над экранізацыяй прозы Таццяны Заміроўскай «Менавіта тое, чым падаецца» і дакументальнай стужкай «Грудзі наша зброя: Гісторыя руху Femen». Аляксей Палуян, падтрыманы нямецкімі і польскімі кінаінстытуцыямі, распрацоўвае два амбітныя поўнаметражныя праекты «Спадчына» і «Інкубатар», прысвечаныя актуальным падзеям у Беларусі і Украіне. У стваральніцы драмы «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч таксама намячаюцца два праекты — драма «Паўночнае ззянне» і «Я яго маці».
Атрымалі фінансаванне Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй — Польскі кінаінстытут даў шоуранерам «Працэсаў» грошы на іх поўнаметражны праект «Суд памерлых», які летась выйшаў у якасці дэманстрацыйнай кароткаметражнай версіі.
Рэжысёр Юрый Сямашка шукае актораў для свайго новага фільма «Бессэнсоўныя людзі», сцэнар для якога быў напісаны дзякуючы праграме Gaude Polonia. У аўтара гэтай восенню адбудзецца абмежаваны пракат фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» ў Літве.
Форму краўдфандынгу абралі дакументаліст Максім Швед і яго ананімная частка каманды, каб адшукаць неабходныя грошы для стварэння стужкі «Эфект Джоні Косміка».

Джоні Космік (Іван Смаляр).Скрыншот відэа Максіма Шведа
У Расіі Уладзімір Зінкевіч на сродкі «Яндэкса» паўтара гады таму зняў крымінальную камедыю «Дзе нашыя грошы?» для сэрвісу «Кінапошук».
Згаданыя аўтары і шэраг іншых спрабуюць розныя хады для рэалізацыі сваіх праектаў. Недзе ў іх гэта атрымліваецца прасцей (Польшча, Германія, Расія), недзе цяжэй (Літва) праз высокую канкурэнцыю і дыскрымінацыйнае заканадаўства. Аднак больш зручных варыянтаў для працы ў найбліжэйшай перспектыве не прадбачыцца.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org