Баскетбольны клуб “Цмокі-Мінск” абвясціў конкурс дзіцячага малюнка “Мой найлепшы сябар цмок”: да 28 мая клуб збірае працы маленькіх мастакоў, з якіх журы па выніках абярэ трох пераможцаў. Далучылася да конкурсу і кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая ўзнагародзіць пераможцаў стылёвымі дзіцячымі саколкамі з выявай цмока.
Дызайн – Анатоль Лазар
“Вы не горш за мяне ведаеце, што дзеці — “нашае ўсё”, — кажа дырэктар па маркетынгу клуба “Цмокі-Мінск” Аляксандр Куль. — Калі мы ў будучыні хочам мець больш заўзятараў, то любоў да цмока, да баскетбола і нашага клуба трэба прывіваць ужо з дзяцінства. У выніку мы абралі вось такі канал камунікацыі — малюнкі. Калі дзецям цікава намаляваць для нас цмока, то ім цікава і прыйсці на гульню, разам з бацькамі — калі ласка, вось і новыя заўзятары”.
Па словах спадара Аляксандра, сёлета конкурс надзвычай зацікавіў мэтавую аўдыторыю.
“Я не магу назваць канкрэтныя лічбы, але мы ўжо, за два тыдні да канца конкурсу, атрымалі больш працаў, чым падчас аналагічнага конкурсу летась, — кажа спадар Куль. — Колькасць і адначасова якасць працаў павысіліся ў разы”.
Сёлета да конкурсу таксама далучылася кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая ўзнагародзіць пераможцаў стылёвымі саколкамі з выявай цмока.
Умовы конкурсу:
1. Малюнкі выконваюцца на паперы фармату А4 (альбомны ліст) любымі сродкамі (алоўкі, фламастары, крэйды, фарбы і інш.).
2. На адваротным баку малюнка неабходна напісаць імя, прозвішча і ўзрост аўтара, а таксама дадзеныя бацькоў (імя і кантактны тэлефон).
3. Малюнкі можна адпраўляць па пошце з пазнакай “Конкурс малюнка “Мой найлепшы сябар Цмок” на адрас: “Баскетбольны клуб “Мінск-2006″, 220037, г. Мінск, вул. Уральская 3а”, а таксама пакінуць у адміністратара спарткомплексу па гэтым жа адрасе.
4. Малюнкі прымаюцца да 28 мая 2015 года.
Пасля заканчэння конкурсу журы абярэ трох пераможцаў і ўзнагародзіць іх памятнымі падарункамі. Чакаем вашых малюнкаў і зычым поспехаў усім канкурсантам!
Тэлефон для даведак: +375 44582 18 70.
Мікалай Левертаў