“Будзьма” прыйшла ў Беразіно

31 студзеня 2015-га – дзень, калі культурніцкая кампанія “Будзьма” нарэшце дабралася і да райцэнтра Беразіно Мінскай вобласці. Месцам правядзення яе літаратурна-мастацкай імпрэзы стала канферэнц-заля раённага дварца культуры, першазванымі апосталамі – два Андрэя: пісьменнік (А)Ляхновіч і бард Мельнікаў. Першы прадстаўляў літаратурную частку, а сугуба секцыю непрыдуманай літаратуры Саюза Пісьменікаў, краязнаўчыя зборнікі сэрыі “Малое Палессе”, якія рэдагуе і ўкладае і іншыя свае доследы гэтага ўнікальнага беларускага рэгіёну, сэрца якога – Бярэзіншчына і Крупшчына. Другі праспяваў некалькі знакавых песень са сваёй творчай спадчыны і правёў традыцыйны для імпрэзаў “Будзьмы” конкурс на веданне беларускай гісторыі і культуры з раздачаю памятных прызоў.

Падзея сабрала два дзесяткі дарослых жыхароў сталіцы гэтай часткі Малога Палесся. Сярод іх быў і малады, але ўжо даволі вядомы і прызнаны гісторык, ахеолаг, музыка і спявак Раман Яраш. У якасці бонуса да змястоўнай сустрэчы ён пад гітару праспяваў класічны духоўны гімн “Магутны Божа” Міколы Равенскага і Наталлі Арсенневай. Кампазітар Мікола Равенскі – аўтар музыкі гэтага гімна і Раман нарадзіліся з розніцай у стагоддзе ў адным населеным пункце – у вёсцы Капланцы, што ў дванаццаці кіламетрах ад Беразіно.

Па сканчэнні сустрэчы большасць прысутных доўга не разыходзілася – мясцовым карцела працягу сумоўя з прыезжымі і дамоваў на новыя сустрэчы. І тое, і тое паспяхова зрэалізавалася за кавай, гарбатай, цукеркамі і іншымі прысмакамі. А каму хацелася без іх – паспяхова зрэалізавалася без іх.

Што сказаць пра вынікі? З іх заканамерна вымалёўваецца такі дыягназ: райцэнтр Беразіно для “Будзьмы” – перспектыўная пляцоўка, каб працягваць супрацу.

Раман Яраш

Андрэй Мельнікаў

 

Андрэй Мельнікаў

Тэгі: