Роўна год таму беларускія студэнцкія арганізацыі сабраліся разам і вырашылі правесьці фестываль розных актыўнасцей, каб такім чынам супольна адзначыць Міжнародны дзень студэнта. Пасля пазітыўнага досведа летась было вырашана зрабіць гэты фестываль штогадовым, а значыць – паўтарыць гэты досвед і ў гэтым годзе.
З 9 па 17 лістапада ў Мінску адбудзецца асветніцкі фестываль “Тыдзень студэнта”. У гэтым годзе ў межах Тыдня адбудзецца форум-тэатр, семінар па правах студэнтаў, гарадская гульня (сіці-гейм), “Жывая бібліятэка”, кулінарны майстар-клас, фотасушка, Моладзевы парламент з дэбатамі, канцэрт у самым цэнтры Мінска і шмат яшчэ чаго цікавага! Карацей, сумна не будзе!
Хочаш даведацца пра ўсе нашы мерапрыемствы? Заходзь на сайт або на сайты арганізатараў.
Над правядзеннем гэтага тыдня працуе каманда актыўнай моладзі з розных арганізацый Беларусі: “Студэнцкая Рада”, “Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў”, “БАСС”, “Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў”, “Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая грамада” і многія іншыя.
Любыя пытанні па фестывалю ”Тыдзень студэнта” можна адпраўляць на электронную пошту [email protected].
Далучайся да нашых суполак у сацсетках ўКантакце, facebook і twitter, каб пазнаёміцца з хлопцамі і дзяўчатамі з іншых універсітэтаў і першымі глядзець фотаздымкі з мерапрыемстваў, а таксама дзяліцца сваімі фоткамі і ўражаннямі!
Удзельнічайце ў мерапрыемствах, каб быць заўжды ў курсе студэнцкіх падзей, якія адбываюцца ў межах фестывалю.
Будзьма cтудэнтамі! Жыві сапраўдным!
Даведка
«Тыдзень студэнта» прымеркаваны да 17 лістапада – Міжнароднага дня студэнтаў. Гэта дзень міжнароднай салідарнасці студэнтаў. У канцы кастрычніка 1939 года ў акупаванай фашыстамі Чэхаславаччыне пражскія студэнты і выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю ў гонар гадавіны заснавання сваёй дзяржавы. Падчас дэманстрацыі быў застрэлены студэнт медыцынскага факультэта Ян Оплетал (Jan Opletal). Яго пахаванне таксама перарасло ў акцыю пратэсту.
У адказ на акцыі, 17 лістапада 1939 г., больш за 1200 студэнтаў былі арыштаваныя і заключаны ў канцлагер. Дзевяць актывістаў – пакараныя без суда. У той жа дзень па распараджэнні Гітлеры ў Чэхаславакіі былі зачыненыя ўсе універсітэты.
17 лістапада 1941 у Лондане адбылася Міжнародная сустрэча студэнтаў, якія змагаліся супраць фашызму. На ёй было вырашана ў гонар загінуўшых штогод адзначаць гэтую дату як Міжнародны дзень студэнтаў.