Кандыдат культуралогіі Алесь Суша нядаўна прэзентаваў знакавае выданне «Беларускі Буквар», што адразу ж стала падзеяй у айчыннай навуцы. Кніга — вынік дзесяцігадовай працы па вывучэнні гісторыі «Буквароў», піша «Звязда».
Алесь Суша. Фота Кастуся Дробава
— Збіраць «Буквары» — ваша даўняе захапленне. Як узнікла ідэя?
— Зацікаўленне з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі на ўроку ў першым класе пабачыў «Буквар» упершыню. Гэта быў «Буквар» Анатоля Клышкі, з якога і пачыналася навучанне грамаце ў большасці беларусаў. У той няпросты час у канцы 1980-х у маім родным Мінску амаль не засталося беларускамоўных школ. У нас у раёне была ініцыятыва з арганізацыяй беларускамоўнага навучання — і ў 1989 годзе ў маёй школе быў створаны адзіны беларускамоўны клас, куды я і трапіў. Пра пачатак навучання засталіся рамантычныя ўспаміны, як і пра першы мой «Буквар». Пасля шкадаваў, што той кнігі ў мяне не засталося: памятаў вобразы з яе, словы, фразы... І хоць падручнік быў насычаны камуністычнай ідэалогіяй, якая ў перыяд суверэннай Беларусі ўспрымалася ўжо неадназначна, але ўсё адно любоў да таго «Буквара» была моцнай — увесь час шукаў яго ў букіністычных крамах.
— Але ж вашы навуковыя інтарэсы сягаюць нашмат глыбей жадання мець гэтую кніжку.
— Так, другі раз цікавасць абудзілася, калі прыйшоў на працу ў Нацыянальную бібліятэку. Адзін з першых праектаў, у якім браў удзел, называўся «Кніга Беларусі» — гэта мелася быць электроннае выданне, прысвечанае ўсім старым беларускім кнігам: ад Скарыны да пачатку ХХ стагоддзя, з апісаннем чатырох стагоддзяў айчыннай друкаванай кнігі. Сярод іншага звярнуў увагу на вельмі адметнае выданне пад назвай «Буквар», якое выбівалася з усёй інфармацыйнай прасторы, незвычайна выглядала для пачатку XVII стагоддзя і было абазначана як вельмі рэдкае. То-бок напаўміфічнае, якое ўжывую ніхто не бачыў, але якое нібыта недзе існавала пад назвай «Буквар». Датавалася кніга 1618 годам. Я на той час ужо ведаў, што гэта фактычна першае выкарыстанне слова «Буквар».
Цікавасць паглыблялася і надалей. У 2012 годзе ў бібліятэцы зрабілі факсімільнае ўзнаўленне самай першай айчыннай кнігі, першага «Буквара» з тых, што захаваўся ў нашай краіне, — 1767 года. Ён вядомы ў свеце толькі ў двух ці трох экзэмплярах, адзін з якіх — у фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Памятаю, калі ўпершыню яго пабачыў, адчуў культурны шок: незвычайнае выданне, цікавае і мала чым падобнае на сучасныя «Буквары». Уразіла вельмі! Калі працавалі над факсімільным узнаўленнем, я зрабіў першае сваё грунтоўнае даследаванне, прысвечанае «Буквару», — разам з факсіміле выйшла кніжка пад назвай «Буквар у жыцці нашых продкаў».
З 2012 да 2022 года адбывалася паступовае пашырэнне і паглыбленне цікавасці да тэмы беларускага «Буквара». У 2015 годзе мы адшукалі самы старажытны «Буквар» 1618 года — пабачыў на ўласныя вочы і зрабіў копію, даследаваў. У 2018 годзе яго апублікавалі факсімільным узнаўленнем і арганізавалі яркія мерапрыемствы, звязаныя са святкаваннем чатырохсотгоддзя з часу выдання першай кнігі пад назвай «Буквар».
Беларускі буквар1618 года. Фота з уласнага архіва Алеся Сушы
Такім чынам, на працягу 10 гадоў адбывалася паступовае знаёмства з тэмай праз розныя формы: навуковыя, пошукавыя, прычым пошукі былі вельмі складанымі, найскладанейшымі — тэма часам падавалася непасільнай... Арганізоўваліся культурныя акцыі: выйшаў шэраг артыкулаў у навуковых выданнях, рыхтаваліся выступленні на канферэнцыях, пабачыла свет некалькі кніг, прысвечаных асобным «Букварам», выданне з абагульненнямі па гісторыі «Буквара»; ладзіліся выстаўкі, я пазнаёміўся з некалькімі цікавымі калекцыянерамі «Буквароў» у розных краінах. Пазней з адным з іх зрабілі выстаўку «Буквары народаў свету», якая выклікала шырокі розгалас: паказалі выданні і з нашых фондаў, і з яго прыватнай калекцыі — усяго экспанавалася амаль паўтары тысячы «Буквароў» прыблізна на васьмістах мовах свету. Можна было пазнаёміцца з «Букварамі» народаў Аўстраліі, Малайзіі, далёкіх рэгіёнаў Афрыкі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, невялікіх і зусім малых народаў вялікіх краін — тыя падручнікі адлюстроўвалі ўсю чалавечую цывілізацыю... Тады зразумеў: «Буквар» — у нейкім сэнсе кніжка, якая раскрывае культуру краіны самымі даступнымі метадамі і формамі, культуру таго ці іншага народа, часам зусім маленькай народнасці, што не аформілася ў дзяржаву ці нацыю, але якая існуе, часам у колькасці некалькіх соцень яе прадстаўнікоў. Больш за тое: праз «Буквар» можна хутка, лёгка і дакладна пазнаёміцца з характарам пэўнага народа. У «Буквары» на простай і даходлівай мове альбо ў зразумелым выглядзе сканцэнтраваны галоўныя каштоўнасці таго ці іншага народа, яго сімвалы, знакавыя гістарычныя асобы і гарады, найважнейшыя тэксты, і аўтарскія, і народныя, і пададзены яны так, каб зразумела дзіця. Адпаведна, і замежнік, які не ўмее чытаць на гэтай мове, можа пазнаёміцца праз «Буквар» з пэўнай культурай. Такім чынам, кнігі гэтыя — адзін з варыянтаў знаёмства са светам, з кожным народам і кожнай культурай.
Таксама тады зразумеў (і вось другая прычына, чаму пачаў актыўна вывучаць з’яву): «Буквар» не толькі збірае галоўныя каштоўнасці, вобразы, сімвалы, ідэі народа ці дзяржавы, але і ўкладвае іх у свядомасць цэлай супольнасці — праз «Буквар» фарміруецца калектыўная свядомасць! Так, пэўную сістэму арыенціраў, каштоўнасцей і знакаў, якія вызначаюць характар нашай культуры і народа, мы ўспрымаем не толькі праз сям’ю, але і праз «Буквар». У гэтым сэнсе кніга — выключна важная аснова, бо ўвесь народ, які фарміруецца праз пэўную сістэму падручнікаў для пачатковага навучання, становіцца нечым цэласным, большым, чым механічная сукупнасць людзей, — ён становіцца адзіным.
Тады я зрабіў выснову: і тут нам ёсць чым ганарыцца! Бо апрача таго, што беларусы прыдумалі такую з’яву, як «Буквар», увялі ў шырокі ўжытак гэтае слова, аказалася, што з’ява гэта надзвычай істотная...
— Вы паўсюль ужываеце назву «Буквар». Але ёсць яшчэ і «Азбука». У чым розніца?
— У многіх слоўніках гэтыя словы падаюцца як сінонімы, але найчасцей «Азбукай» называюць кнігу для пачатковага навучання, якая ўключае алфавіт, азбучныя рады, літараскладальныя практыкаванні, наборы слоў і правілы граматыкі, у той час, як «Букваром» найчасцей завецца кніга, што ўключае «Азбуку», але як невялікую частку, і вялікую колькасць адмысловых тэкстаў для чытання: выхаваўчага, асветніцкага, літаратурна-мастацкага характару. Нярэдка ў старых падручніках падаваліся малітвы, звароты духоўных асоб, настаўленні, словы розных айцоў царквы і святых, цытаты з Бібліі. У сучасных падручніках — іншыя тэксты: фрагменты з аўтарскіх і народных твораў... Сёння «Буквар» — гэта яшчэ і зборнік практыкаванняў, то-бок зазвычай сістэмна-комплексная кніга, большая ад «Азбукі» па аб’ёме, нашмат больш разнастайная па змесце...
— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся пры паглыбленні ў тэму?
— Тэма гэтая зусім не даследавана, нікому не вядома. Быў вельмі здзіўлены, што ў нас амаль няма навуковых даследаванняў, прысвечаных «Буквару», ён глыбока і шырока не асэнсаваны, і гэта прабел нават у плане павагі да папярэднікаў! Былі, праўда, спробы Марата Батвінніка, які праз свае кніжкі пра «Буквар» здолеў азначыць каштоўнасць гэтага выдання і расказаць пра ўдзел беларусаў у яго з’яўленні, але тое былі папулярныя кніжкі з некаторымі навуковымі недакладнасцямі і фрагментарнай кропкавай падачай, з якой не відаць сістэмы і многіх каштоўнасных ацэнак, што абавязкова ў гэтай тэме трэба рабіць.
Буквар Анатоля Клышкі
Можна яшчэ згадаць Яленскага і некаторых іншых. Але сістэмных поглядаў ні на ўзроўні дысертацыі, ні на ўзроўні сур’ёзнай навуковай манаграфіі не існавала. Цяпер, калі ты пачынаеш даследаванне па большасці пытанняў кніжнай культуры мінулага часу, то, натуральна, працуеш з даследаваннямі папярэднікаў: нярэдка знаходзіш нешта новае, некаторыя факты, напрыклад, якія абагульняюць карціну. Нярэдка робіш новыя абагульненні. Гэтак у мяне было, калі займаўся Скарынам ці Ордам, нават Берасцейскай Бібліяй... Тут мне давялося перапрацоўваць усё з нуля, працаваць з арыгіналамі... У большасці з іх няма не тое што прыстойнага даследавання, але нават згадкі ці апісання, на якое можна было б абаперціся. Складана было і рабіць абагульненні. Так, каб напісаць адну кнігу, мне давялося прааналізаваць каля тысячы абсалютна розных буквароў на самых розных мовах, у тым ліку на латгальскай, ідыш і на мове іўрыт — а ўсе яны друкаваліся на нашай зямлі! Шмат у чым важна разумець, што ў іх было закладзена і чым яны адрозніваліся.
— Вы, па сутнасці, першапраходзец?
— І зразумеў, чаму так склалася, толькі калі працаваў над тэмай. Рэч у тым, што гэтых «Буквароў» у Беларусі не захавалася... Каб з імі працаваць і грунтоўна падрыхтаваць тэму, трэба аб’ездзіць увесь свет — на жаль, фонды музеяў і бібліятэк тут не дапамогуць. І гэтае разуменне — адзін з вынікаў даследчай працы: нягледзячы на выключную значнасць «Буквара» і вялікія тыражы, гэта найгорш захаваныя кнігі з усіх: чым Евангеллі, выданні Скарыны і Статуты... Звязана гэта з актыўным выкарыстаннем буквароў: літаральна за год працы кніга становіцца зацёртай да дзірак. Пакуль дзіця навучыцца чытаць, старонка пачынае выглядаць вельмі замучанай... Так было ва ўсе часы. Да таго ж «Буквар» — не тое выданне, якое, раз прачытаўшы, ставілі на паліцу ці забывалі пра яго — з ім штодзённа сістэмна працавалі, а пасля зачытаная кніга сыходзіла з ужытку. У выніку «Буквары» не захаваліся фізічна. Гэта тычыцца і XVII, і XVIII стагоддзяў — амаль усе кнігі захаваліся не ў Беларусі ў 1, 2, рэдка ў 3 экзэмплярах. Так, адзін з першых «Буквароў» 1618 года ў адным асобніку ляжыць у Лондане, другі — у Капенгагене. «Буквар» Куцеінскі ў адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Львове. Ёсць асобнікі пазнейшых выданняў у Швецыі, Даніі, Германіі, Расіі. У бібліятэках гэтых краін яны захоўваюцца як экзатычныя: калекцыянеры ранейшых стагоддзяў, сустракаючы незвычайныя кнігі, што ўключалі граматыку, слоўнік, тэксты, куплялі іх, напрыклад, каб вывучыць мову. Вядомы факт: калі замежныя купцы гандлявалі з нашымі, «Буквар» быў ім патрэбны, каб хоць нешта разумець у мове тутэйшага насельніцтва і ўмець прадаць свой тавар. Так, у прыватных калекцыях гандляроў найчасцей «Буквары» і захаваліся. Як і ў зборах калекцыянераў-лінгвістаў. Першы наш «Буквар» такім шляхам і апынуўся ў Лондане.
Чытаць па тэме: Пабачыла свет кніга пра гісторыю беларускіх буквароў
Новыя кнігі Алеся Сушы
— То-бок, усе гэтыя «Буквары» трэба было фізічна патрымаць у руках...
— А атрымаць доступ да многіх з іх амаль немагчыма. Каб напісаць адно даследаванне, трэба аб’ехаць пяцьдзясят-семдзесят краін... Гэта патрабуе вялізных выдаткаў, часу, сіл...
Было складана і тое, што даследаванне любога кніжнага помніка, у тым ліку і «Буквара», патрабуе асобных ведаў у розных галінах навук. Так, каб прааналізаваць «Буквар» як кніжны помнік, трэба было звярнуць увагу і на педагагічны бок, і на мастацтвазнаўчы (шмат пра што кажуць гравюры), і на гістарычны (у якіх абставінах узнікала гэтая кніга), і на мовазнаўчы ды літаратуразнаўчы (бо гэта помнік моўнай культуры, у якім змешчаны шматлікія літаратурныя тэксты)... Плюс уласна кнігазнаўчы аналіз і матэрыяльныя характарыстыкі: якая папера, філіграні, колькі старонак, аб’ём, пераплёты, структурныя часткі... Даводзілася праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні і разбірацца ў кожнай з гэтых сфер. Больш за ўсё сумняваўся, што я не прафесійны педагог, не гісторык педагогікі і адукацыі ў Беларусі, таму аналізаваць і рабіць нейкія высновы, асабліва пра сучасныя падручнікі, складзеныя па пэўных методыках, думаў, будзе невырашальна складана. Таму запрасіў быць рэцэнзентам дэкана факультэта пачатковай адукацыі педуніверсітэта Наталлю Ждановіч, якая фактычна з’яўляецца адным з галоўным экспертаў у краіне па пытаннях падрыхтоўкі будучых настаўнікаў пачатковай школы — тых, хто працуе з букварамі. Яна падтрымала мяне і шмат дапамагла, каб гэтая праца пабачыла свет. Дапамаглі і іншыя: сотні людзей у розных бібліятэках і музеях свету ў тых ці іншых пытаннях — праца была вельмі складаная, тым не менш нешта атрымалася...
— Ці былі ў працэсе пошукаў заўважныя, выключныя адкрыцці?
— У выніку даследавання ўдалося знайсці асобнікі, якія раней былі невядомыя. Магчыма, наперадзе — яшчэ адкрыцці... Хочацца верыць, што мая праца падштурхне іншых навукоўцаў да знаходак «Буквароў» мінулага часу.
Гутарыла Яна Будовіч, «Звязда»