Падрыхтаваў кнігу гісторык, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Аўтар працаваў над кнігай 5 год і прысвяціў яе 400-годдзю «Буквара».
“Беларускі буквар” – гэта паўнапраўная манаграфія на 336 старонак вялікага фармату. У ёй 8 раздзелаў, 125 параграфаў, 730 ілюстрацый, 1025 спасылак на апублікаваныя і архіўныя крыніцы. Кніга сабрала ўсю гісторыю айчынных падручнікаў для пачатковага навучання ад старажытнасці да нашых дзён. Вялікая доля помнікаў зусім невядомая нават даследчыкам, а іх ілюстрацыі публікуюцца ўпершыню.
“Каб сабраць звесткі пра беларускія Буквары давялося аб’ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях, бо даўнія (ды і адносна сучасныя) беларускія падручнікі выключна слаба захаваліся ў самой Беларусі (што там, амаль не захаваліся). Па факце былі выкарыстаны ілюстрацыі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швецыі” – піша ў сваім Facebook Алесь Суша.
Неўзабаве аўтар абяцае агучыць даты прэзентацый кнігі.