«Bulbamovie 2022». Кінатэрапія ў часы вайны і агрэсіўнай контррэвалюцыі

27.12.2022 Кіно

Калі год таму польскі фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві» рэанімавалі пасля чатырохгадовага забыцця, яго адразу ж нараклі «дакладнейшым індыкатарам стану беларускага кіно». Настолькі гучны статус падзеі цалкам прадвызначаў наш гаротны грамадска-палітычны кантэкст унутры Беларусі, калі ўлада контррэвалюцыйным катком пракацілася па ўсіх больш-меньш важных культурніцкіх мерапрыемствах, ініцыятывах, актывістах, арт-мэнаджерах. Усе апынуліся закатанымі глыбока пад асфальт.


bulbamovie2022.jpg

Сказаць, што сітуацыя склалася катастрафічна — гэта як не сказаць нічога. Для айчыннай кінасупольнасці кінафестывалі заўжды былі адзіным месцам сустрэч са сваім гледачом і калегамі па цэху, а тут яны пачалі адмяняцца (як Belarusdocs), сыходзіць у кампрамісную самацэнзуру (як «Паўночнае ззянне») ці гвалтоўна нацыяналізавацца і перабудоўвацца (як «Лістапад»).

У той момант падавалася, што панк-рокаўская непахіснасць «Бульбамуві» перад абставінамі можа часова прытуліць разгубленых кінематаграфістаў. Але пасля 24 лютага стала зразумела, што варшаўскі кінафест у кінатэатры «Ілюзіён» стаўся не проста індыкатарам, а фактычна адзіным месцам для беларускіх аўтараў, дзе яны змогуць сабрацца ўжывую, як раней, у дапандэмійную і дапратэсную эпоху. Канешне, у гэтым годзе беларускае кіно паказвалі «Паўночнае ззянне», «Нефільтраванае кіно», новы фест «Глядач», украінскі «1084. На мяжы». Але немагчыма не пагадзіцца, што ў Варшаве узровень канцэнтрацыі айчыннай кінакультуры аказаўся проста непараўнальна больш шчыльным.

edugsg9oy7d7msmmn9ajer0kdz6it34o.jpg

Выпрабаванне вайной апошнім часам толькі ўзмацніла палярызацыю не толькі беларускага грамадства, але пралажыла бятонны мур паміж кінематографам, які падтрымлівае дзяржава, і ўсімі не звязанымі з ім кінематаграфістамі. Тыя, хто да 24 лютага лічылі кампраміс з сістэмай магчымым, горка пралічыліся. Андрэй Кудзіненка, які збіраўся папрацаваць селета на праўладным «Лістападзе», кудысьці знік сумесна са сваім знятым з пракату фільмам «Дзесяць жыццяў Мядзьведзя», а Зміцер Дзядок і Андрэй Грынько так і не дачакаліся прэм’еры сваей, даробленай праз тры гады стужкі «Гэта я, Мінск». Яе ўжо знялі з паказу з «Бульбамуві» па патрабаванню ўладальніка правоў — «Беларусьфільма». Зразумела, што ўлада зараз цэніць лаяльнасць вышэй за талент і вялікі вопыт у рамесніцтве. Таму і кінасупольнасць зараз нагадвае своеасаблівае магнітнае поле. На адным баку апынуўся «Лістапад» і іншыя ідэалагічныя падзеі, дзе ў гэтым годзе не паказалі ніводнай прыстойнай дакументальнай і ігравой кінастужкі, а на другім — «Бульбамуві» і ўсе астатнія, куды трапіла практычна ўсё беларускае кіно гэтага неспакойнага часу.

Як і ў мінулым годзе, асноўнай тэмай праграмы фэсту стала пераэсенсаванне сацыяльнага выбуху 2020 года. Толькі ўзровень яго ад больш простага, плакатнага, перайшоў на больш складаны, рэфлексіўны. І ў ім намеціліся некалькі важных напрамкаў.

Міфалогія і абсурд 

Адзін з іх — гэта міфалагізацыя падзей двухгадовай даўніны сродкамі кіно. 

Спроба аўтараў-сведак ці проста назіральнікаў адліць свае ці чужыя адчуванні тых лёсавызначальных падзей у відэавізуальнай бронзе. Гэта зразумелае жаданне мастацкага дзеяння на такой кароткай адлегласці часу ўвайшло ў прамы канфлікт з арганічнай немагчымасцю аўдыторыі успрыняць законы жанра ігравога кіно, якое не існуе без ўмоўнасці і перабольшванняў. 

e14edprg3emlwj1mwh36zewa7vdfe078.jpg

Таму зразумела, чаму сноўная хваля глядацкага хейту выплюхнулася на «Minsk» (падрабязна ён ужо раней разбіраўся) расійскага рэжысера Барыса Гуца. Гэта па сутнасці фільм-атракцыён бясконцых жахаў пра першы вечар пасля выбараў 9 жніўня, зняты для большага паглыблення ў падзеі адным дублем. Кіно, якое насамрэч вельмі натуральна рэканструюе жах затрымання і гвалту з боку сілавікоў, патанула пад цяжарам заўваг пра расійскі слэнг герояў і нягеглую развязку, калі футбольныя фанаты ўзялі штурмаі міліцэйскі пастарунак і выпусцілі затрыманых, а уладальнік мінскага аўтасервіса пачаў страляць на працоўным месцы са стрэльбы. Культурнага абмеркавання фільма пасля сэансу не атрымалася — размова адразу абрынулася нават не ў эмацыйную спрэчку са стваральнікамі фільма, а ў абмен жорсткімі абвінавачваннямі ў апрапрыяцыі чужой гісторыі і хайпе на чужым болю.

Яшчэ відавочны маркер часу — стварэнне ігравога кіно пра беларускія пратэсты пакуль магчыма ў Еўропе і за еўрапейскія грошы. Канешне, калі вы не ўладар андэграўнду як Мікіта Лаўрэцкі. Калі «Minsk» ствараўся ў Эстоніі за грошы Эстонскага фільмафонду, то стужка «У жывым эфіры» Мары Тамковіч у Польшчы і за польскія грошы.

У адрозненні ад Гуца, якога загіпнатызавала некантралюемая прырода гвалту на беларускіх вуліцах, Тамковіч засяродзілася на больш канкрэтнай гісторыі, экранізаваўшы чвэрць гадзіны працы арыштаваных тэлежурналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Менавіта яны вялі відэастрым з вядомага маршу памяці загінулага мінчука Рамана Бандарэнкі, кульмінацыя якога адбылася ў двары «Плошчы Перамен». 

t52glx693pj9gfx5mh2jm5pjt3rcj3e8.jpg

«У жывым эфіры» не рэканструявала ва ўсіх падрабязнасцях тыя падзеі, а прапанавала іх вольную інтэрпрэтацыю, спрэсаваную ў 15 хвілін наэлектрызаванага псіхалагічнага трылера. Атрымалася эфектнае жанравае кіно, што рамантызуе працу журналістаў у незвычайных абставінах. Якое, тым не менш, не змагла прыняць частка гледачоў, у тым ліку вярнуўшася з-за кратаў Чульцова. Яны яшчэ не ў стане дакладна падзяліць успаміны з уласнага жыцця і натхнёную імі мастацкую выдумку на вялікім экране. Сітуацыя зразумелая, атрыманыя раны яшчэ не паспелі загаіцца.

Па іншым напрамку пайшоў рэжысер Андрэй Кашперскі, які пасля 2020 года стаў знакаміты як стваральнік сатырычнага ютуб-праекта «ЧынЧынЧэнел». У ім былыя акторы Купалаўскага тэатра Дзмітры Ясеневіч і Міхаіл Зуй у вобразе лукашэнкаўскіх чыноўнікаў інспектавалі Беларусь у пошуках здрады. Ен прадставіў пілот інтрыгуючага серыяла «Працэсы», у якім звар’яцелая інфармацыйная павестка краіны трапіла на экраны ў яшчэ больш гіпербалізаваным выглядзе. 

У паказанай серыі пад назвай «На ператрымцы» адказнаму амапаўцу начальства загадала змясціць у сваей кватэры чатырох пратэстантаў на 15 суток, бо спецыяльныя месцы для затрыманах у краіне скончыліся. Распачатая як абсурдны палітычны анекдот, кароткаметражка ў рэшце вырульвае да суцэльна лагічнай высновы, што дармавы труд палітвязняў — гэта новая форма легальнага рабаўладальніцтва, якая дазваляе максімальна спрасціць сабе жыццё. Па шчырасці, да гэтага наша дзяржава ужа даўно прыйшла, зрабіўшы на гэтым многамільенны бізнес

У Кашперскага атрымалася асядлаць беларускі абсурд і стварыць на яго базе больш набліжаны да зямлі аналаг «Чорнага люстэрка» ад Netlix. Пытанне зараз толькі за тэлеканалам «Б*л**т» — ці хопіць у яго топ-менеджараў мужнасці, грошай і жадання запусціць першы сезон серыяла ў вытворчасць. Бо яго, можна нават не сумнявацца, чакае непазбежны глядацкі поспех.

Рэфлексія і расчараванне

У адрозненне ад плакатнага падыходу аўтараў ігравога кіно, дакументалісты, працуючы з падзеямі 2020 года, пайшлі ў больш мудрагелістыя наратывы, як па форме, так і па змесце.

«Смеласць» Аляксея Палуяна (разбор стужкі публікаваўся раней) яшчэ летась стала неафіцыйным культурным амбасадарам пратэсту за мяжой, трапіўшы ў конкурс «Берлінале» і пракаціўшыся з дабрачыннымі паказамі па некалькі краінах Еўропы. Акрамя энергічнай хронікі жніўня 2020 года з узрывамі гранат ля стэлы на праспекце Пераможцаў і псіхалагічнай трансфармацыі герояў, дрэйфуючых ад натхення надзеяй да яе канчатковай страты, аўтар увеў у тканіну фільма важны элемент — культуру памяці аб мінулых спробах супраціву ўладнаму рэжыму. Праз набор хранікальных кадраў у самым пачатку фільма з пратэстамі 90-х і нулявых гадоў і выступамі Свабоднага тэатра, Палуян убудоўвае пратэсты 2020 года у метадычныя спробы розных пакаленняў беларусаў атрымаць свабоду. Спробы, якія не атрымалі плёну. Ва ўсялякім разе, пакуль.

Больш безапеляцыйнай у сваім успрыняцці 2020 года аказалася Саша Кулак. У сваім цалкам самастойным дакументальным эксперыменце «Мара» (тут падрабязная рэцэнзія) яна спляла відэаарт, кінаэсэ і дакументальны рэпартаж разам у магічную фантасмагорыю пра дзівосную Чырвоную каралеву са славянскім імем Мара. Яна фактычна трапляе са свайго свету на вуліцы горада, запоўненанага ўзрушаным натоўпам пратэстуючых мінакоў. Светлая казка пра жаданне перамен, у якую два гады таму паверыла большасць беларускага грамадства, скончылася змрочным канцом з тытрамі-спісам дзясяткаў соцен палітзняволеных. Зло апынулася мацнейшым за дабро. Наіўная вера ў лепшае разбілася аб моцны кантроль улады з яго няспынным гвалтам.

jzhib18xu4m3ll982ik7ewj7s55gw7vm.png

Услед за Кулак, сумясціў тэатралізаваны перформанс і дакументальныя сведчанні аб методыках рэпресій нямецкі рэжысер з беларускімі каранямі Павал Мажар. Яго «Метадычка» (вялікі разбор чытайце тут) дазваляе зразумець міліцэйскі гвалт не як хаатычную навалу ці змрочную сілу, а як эфектыўны канвеер рэпресій, у якога есць свая ўнутраная логіка і распрацаваная метадалогія працы. Глядзець, як чатыры чалавекі (адзін з дубінкай і чорнай балаклавай на галаве) у вольным пакоі дэманструюць прынцып трамбавання затрыманых на падлозе аўтазака, проста фізічна невыносна. Асабліва, калі вы не можаце адключыць уласнае вобразнае мысленне.

Вялікія і малыя партрэты

На фоне эксперыментальных дакументальных прац трохі згубілася больш канвенцыянальная партрэтная дакументалістыка пра сучасных эмігрантаў. «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага, прысвечаны аповеду пра пераехаўшую у Польшчу праз рэпресіі мастачку, і «Бойка з ценем» Надзі Родкінай пра маладога хлопца Дзіму, які нават за мяжой не можа адпусціць свой трамаўтычны вопыт перажывання 2020 года. Гэтыя стужкі зроблены па методыцы інтэрв’ю і назірання за жыццём герояў.

Больш складана выглядае трохактная драма маладой сям’і Cердзюковых. Праз іх лёс ананімныя аўтары фільма «Галасы» распавядаюць пра ўзнікненне і працу «Вольнага хору» — аб’яднання прафесійных спевакоў, якія сталі музычным сімвалам пратэсту. Стужка паэтапна сочыць за шляхам, які прайшлі музыкі ад першага выступу на ганку Дзяржаўнай філармоніі і да дабрачынных канцэртаў за межамі краіны, фіксуючы іх думкі і эмацыйны стан у важных момантах. Класічная драматарургічная форма аповеду дазваляе паразважаць, што з намі сталася за гэты кароткі час. І як новую краіну, новы дом і новы сацыяныльны стан у эміграцыі можна паспрабаваць прыняць зараз.

Незвычайным чынам паўстаюць падзеі 2020 года ў фільме Ігара Чышчэні «Апошняе лета». Малады рэжысёр, які раней быў вядомы не вельмі яркімі этнаграфічнымі працамі на дзяржаўнай студыі «Летапіс», пад уплывам настаўнікаў Школы Вайды зрабіў на дадзены момант дакладна найлепшае сваё кіно.


«Апошняе лета» — гэта яркі кінараман выхавання для купкі сталічнай моладзі, захопленай віртуознай яздой на скейтбордах. У ім летні Мінск паўстае амаль што ў абліччы кінематаграфічнай Каліфорніі, як месца магчымасцей, самасцвярджэння і ўнутранай свабоды. Чышчэню ўдалося зарыфмаваць гэты вайб, якім жывуць яго героі, з рытмам горада, які паўстае тут рамантызаваным, энергічным і папросту прыемна непазнавальным. Пераломным момантам тут становіцца перыяд электаральнай кампаніі, што раптоўна ўрываецца ў жыццё маладзёнаў. Менавіта гэта ставіць крыж на былой еднасці кампаніі, а ўслед за ім — і на бестурботным юнацтве.

Вайна, мір і эмігранцкая доля

Акрамя пратэстаў, у праграму сёлетнега фестывалю трапіла колькі стужак на менш актуальныя тэмы.

Асабліва ўразіў фільм «І зноў Беларусь», прысвечаны мігранцкаму крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвій, штучна створаны ўладамі. Памятаеце, была такая справа ў 2021 годзе? З ёй вельмі годна справіўся таямнічы рэжысёр пад псеўданімам Іван Фёдараў. Ен фактычна пражыў з чатырма курдамі маленькае жыццё ад моманту трапляння ў Мінск да паездкі на мяжу з Еўразвязам, дзе, як лічаць эмігранты, іх чакае лепшае жыцце. На фоне эміграцыі беларусаў з радзімы і вайны ва Украіне змест фільма атрымлівае падвойную актуальнасць.

i-znowu-bialorus-2.png

Зафіксаваў трывожнае прадчуванне вялікай вайны дакументаліст Андрэй Куціла. У сваёй назіральніцкай працы «Сваё хрышчэнне» ён сочыць за кіяўлянамі, якія ў сяредзіне студзеня акунаюцца у сцюдзёны Днепр. Яшчэ не ляцяць самалеты, не едуць танкі і ракеты не бамбяць украінскія электрастанцыі, але ўсе размовы выпадковых гараджан зводзяцца да размоў, ці прыйдуць рускія са зброяй. Холад прабягае па скуры, калі разумееш, што да пачатку вайны засталося 36 дзен.

Значна больш разнявольвае іншая праца Куцілы — летняя і сонечная па настроі стужка «Над Нёманам». Яе герой — малады вясковы лекар, які лечыць апошніх жыхароў вёскі, а у свабодны час сее жыта і сочыць за габрэйскімі могілкамі, надмагільныя камяні якіх ужо моцна ўраслі ў зямлю. Плынь часу не пашкадавала былых жыхароў гэтых мясцінаў. Незразумела, ці застануцца тут жыць новыя пакаленні. Напрыклад, маленькі сын галоўнага героя, які напявае пад нос рэп пра тое, што трэба рабіць бізнес, пакуль ты працуешь паўстаўкі. Напэўна не, не застануцца, сыдуць услед за вялікай цывілізацыяй і магчымасцямі, якія кволая вёска і зараз не можа задаволіць.

nad-niemnem-screen-1.jpg

Таксічная маскуліннасць і змрочная прытча пра выкананне жадання

Нетыповыя стужкі адшукаліся і сярод нібы аматарскага Конкурсу маладога беларускага кіно.

Заўважнай і вельмі дасканалай атрымалася праца «Смеццевая галава» аніматара і рэжысера Юрыя Сямашкі, які неаднаразова атрымоўваў прызы на фестывалях «Смартфільм», «Нефільтраванае кіно», «Глядач» са сваімі ігравымі і анімацыйнымі працамі. Злавесная прытча пра смецяра, які знаходзіць на сметніку чароўную галаву, што можа выканаць любое жаданне, але з падвохам, нагадвае раннія стужкі Дэвіда Лінча альбо Мішэля Гандры. Гэтым разам Сямашка спалучыў свае рэжысёрскія і анімацыйныя таленты стварыўшы маленькі шэдэўр, які абавязкова трэба паглядзець, калі вы яго яшчэ не бачылі.

Фармалісцкай па форме выглядае стужка-назіранне «Цела Хана» дакументалісткі Крысціны Савуцінай. Зробленая з дапамогай статычнай камеры, яна амаль гадзіну дэманструе паўсядзеннасць пасёлка Целяханы: працу сельсавета, загса, прадпрыемства і г.д. Вось толькі зразумець, якое ж насамрэч жыццё Целяханаў хаваецца за гэтай стэрыльнай і безэмацыйнай абалонкай, якую нам дэманструе камера, мы так і не зможам. «Цела Хана» апынаецца пластмасавым і нежывым, як толькі загараецца чырвоная лямпачка запісу.

khans_flesh_4.jpg

Таксама вартая ўвагі і падлеткавая псіхалагічная драма «Усё нармальна» Антона Жука. У ёй аўтар у ігравой форме даследуе межы дзіцячай псіхікі 11-гадовага хлопца, якога бацька хоча навучыць быць сапраўдным мужыком, прызвычыўшы да жорсткасці праз забойства хатняй свінні. Стужка выглядае цікава ў кантэксце новай хвалі цікавасці еўрапейскіх аўтараў да крызісу маскуліннасці. Адпаведнасці тым патрыархальным стэрэатыпам, якія нібы павінен увасабляць кожны «сапраўдны» мужчына. Гэта мера. Вось толькі ці так неабходна такая закалка зараз, калі грамадства патрабуе хутчэй эмпатыі і інклюзіўнасці? Пытанне, над якім хацелася б паразважаць.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org