БульФэст прадстаўляе: 7Б – Вясновы Пазыў!

14.03.2012 Афіша

У канцы Велікоднага тыдня рамантыкі рок,н,рола вялікім канцэртам прадстаўляюць свой апошні альбом “АЛІМПІЯ” і ўсе гіты апошніх гадоў!  У падтрымку праграмы 7Б выступяць дзве яскравых беларускіх каманды – Sonika і Bosae Sonca

ТЫМ, ХТО НЕ ВЕДАЕ:

Пра назву:
“7Б” тлумачыцца адназначна. У юнацтве я паспеў пабываць не толькі ў ПТВ, але яшчэ і ў дурдоме. Абследавалі, шукалі сімптомы лёгкай ступені шызафрэніі. За гэта і выпісваюць даведку па форме “7Б”. – Іван Дзям’ян, лідар групы (з інтэрв’ю).

7Б – неаднаразовыя ўдзельнікі фэсту “Нашествие”, аўтары саўнд-трэкаў да кінастужак “Зоймемся каханнем”, “Спартак і Калашнікаў”, “Чатыры таксісты і сабака”, лідары “Хит-Парада Двух Столиц” на радыё “Максимум” і “Чартовой дюжины” на “Нашем Радио” – так, усё гэта яны.

Івана Дзям’яна, лідара групы і аўтара ўсіх песень, можна пачуць на самых розных радыё і тэлеканалах. Ён нават паспеў зняцца ў галоўнай ролі расейскага баявіка пад назвай “Цень байца”.

Датай нараджэння групы стала 8 сакавіка 2001 году. З таго часу мільёны людзей пачулі такія хіты, як «Молодые ветра», «Появись», «Неизвестный солдат», «Инопланетен», «Моя Любовь», «Осень», «Некрещеная луна» і шматлікія, шматлікія іншыя. На сёння ў творчым багажы групы шэсць выдадзеных альбомаў і ўдзел у мностве складанак. Падрабязней – на афіцыйным сайце групы.

Па меркаванні БУЛЬФЭСТА 7Б – гэта праўдзівы вясновы рок-н-рол: сумленны, рамантычны, сапраўдны!

Sonika – юны, імкліва набіраючы абароты, неверагодна яркі і абаяльны праект з выдатным і нечаканым дзявоцкім вакалам. Як часта бывае – добра вядомы за мяжой – лаўрэат, намінант і гэтак далей. БУЛЬФЭСТ лічыць, што прыйшла пара і нам пазнаць тых, кім можам ганарыцца па праве!

Bosae Sonca – яскравая і стыльная каманда, дзе ўнікальным чынам сустрэліся лірыка і драйв, якая знаходзіцца ў безупынным руху, абнаўленні, пошуку. БУЛЬФЭСТ мяркуе, што вось гэта і ёсць – сапраўдны рок-н-рол па-беларуску!

БУЛЬФЭСТ – стэйдж-версія тэлевізійнага праекта БУЛЬБОКС (www.bulbox.tv). Гэта цыклавы канцэртны праект, які рэгулярна прадстаўляе беларускай публіцы жывы рок-н-рол ва ўсіх яго шматстайных праявах. Класічная праграма БУЛЬФЭСТА – гэта, па-завядзёнцы, вядомае аўтарытэтнае музычнае імя, і дзве маладыя беларускія каманды, якія, па меркаванні арганізатараў, маюць права прэтэндаваць на не меней выдатную будучыню. Бульба форэва!

ТЫМ, ХТО ВЕДАЕ, АЛЕ ЯШЧЭ НЕ ЛЮБІЦЬ:

Усё папраўна, сябры! Змяніць свае прынцыпы, пашырыць прыхільнасці, адкарэктаваць густ і АТРЫМАЦЬ ЗАДАВАЛЬНЕННЕ! (А гэта вам Бульфэст гарантуе!) вы зможаце 20 красавіка ў 19:00 у клубе Рэ:Паблік – Менск, вул. Прытыцкага, д. 62, ст. м. Кунцаўшчына.