На сусветна вядомы Burning Man упершыню паедуць дзве беларускія мастачкі

У пустыню Блэк-Рок у Невадзе, дзе ладзіцца з канца 80-х Burning Man, Марыя Тарлецкая прывязе скульптуру «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны», Ганна Сілівончык — інсталяцыю «Камуфляж».


Праца Марыі ТарлецкайСкульптура Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны»

Працы Ганны Сілівончык у траўні мінулага года па палітычных матывах знялі з экспазіцыі ў Мінску. «З-за таго, што ў Беларусі я забароненая мастачка, даводзіцца шукаць іншыя магчымасці развіцця, што складана і тэхнічна, і фінансава», піша ў Facebook Ганна Сілівончык. Творцу можна падтрымаць, купіўшы яе працы, кнігі ці наборы паштовак.

«Маскіроўка, мімікрыя... Камуфляж, які звычайна выкарыстоўваецца чалавекам падчас палявання ці вайны, выступае тут у зусім іншай ролі: як спосаб не проста схавацца, візуальна змяшацца з ландшафтам, але як мажлівасць прыкінуць на сябе вобраз, рысы і якасці іншага», — так вызначае сваю працу Ганна Сілівончык.

Праца Ганны Сілівончык 1Інсталяцыя Ганны Сілівончык

Паводле мастачкі, інсталяцыя візуалізуе тугу па ідэальным свеце, дзе чалавек не імкнецца супрацьпаставіць сябе прыродзе, але адчувае яе сэрцабіццё і дыхае ва ўнісон.

Праца Ганны Сілівончык 2Інсталяцыя Ганны Сілівончык

У каманду мастакоў, якія паедуць на фэст, што збірае штогод пад 80 тысяч чалавек, таксама ўключаная мастачка Марыя Тарлецкая, вядомая сваімі працамі з металу.

Скульптура «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны» пра тое, як палюбіць сапраўдную версію сябе. У сабраным выглядзе яна сягае 2,4 метры ў вышыню і 3,5 метры ў шырыню.

Да Сіэтлу мастачка везла скульптуру ў валізцы ў разабраным і няпоўным выглядзе — частку дэталяў планавалася купіць на месцы, а потым перавезці праз усе Штаты да месца правядзення фэсту.