Расіянка, 30 гадоў, вышэйшую адукацыю атрымала ў Францыі і Германіі (Кёльнскі універсітэт і парыжская Сарбона (эканамічны факультэт), працавала рэдактаркай і карэспандэнтам аддзела культуры на дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі WDR. Год таму вярнулася ў Маскву, цяпер працуе каардынатарам культурніцкіх праектаў у нямецкім культурным цэнтры імя Гётэ ў Маскве.
— Я ведаю багата беларусаў — журналістаў, мастакоў, дызайнераў, — якія жывуць за межамі Беларусі: у Маскве, у Парыжы, у Амстэрдаме, у Нямеччыне я працавала разам з беларускай. Як звычайна гэта і бывае, яны з’явіліся ў маім жыцці зусім выпадкова. Ва ўсіх беларусаў, з якімі я знаёмая, вельмі актыўная жыццёвая пазіцыя, гэта людзі, якія да чагосьці імкнуцца. У гэтым сэнсе яны мне падаюцца вельмі еўрапейскімі, то бок яны не карыстаюцца сацыяльнай дапамогай, а імкнуцца неяк самастойна сябе рэалізаваць.
Беларусы мне ўяўляюцца больш адкрытымі, чым еўрапейцы. Быць можа, таму, што я размаўляю з імі на адной мове і знаходжуся ў адной культурнай прасторы.
Мне кінулася ў вочы, што многія беларусы, хоць і жывуць за мяжой, перажываюць за сваю краіну. З прычыны палітычнай сітуацыі ў вашай краіне яны разважаюць на тэмы, на якія расійцы ці жыхары іншых краін нават не задумваюцца. Я такіх паводзінаў сярод расійцаў, якія жывуць за мяжой, не сустракала. Мяне неаднаразова наведвала думка, што беларусы вельмі дакладна сябе ідэнтыфікуюць са сваёй краінай. Напрыклад, калі ў Беларусі былі выбары, усе мае сябры (і ў Расіі, і ў Германіі), вельмі перажывалі, увесь час дыскутавалі. Мне падаецца, што расійцы хутчэй раствараюцца ў іншых нацыях. А беларусам, мабыць, уласцівая нацыянальная самасвядомасць, якая ў іншых народаў выяўляецца слабей.
Што да асабістых якасцяў, то беларусы — вельмі адкрытыя і камунікабельныя людзі. Яны вельмі хутка ідуць на кантакт. Хачу асобна адзначыць, што яны вельмі гасцінныя.
Сама Беларусь мне ўяўляецца ціхай краінай, дзе людзі ядуць бульбу, дзе шмат-шмат бульбы. Дзе жывуць вельмі душэўныя людзі і дзе жахлівы прэзідэнт.
Жадаю беларусам пабудаваць такое грамадства, у якім жылося б добра ўсім, каб краіна развівалася і эканоміка працавала, каб палітычная сістэма не замінала жыць і каб беларусы маглі сябе рэалізоўваць, не пакідаючы радзімы.