Большасьць сучасных беларусаў — расейскамоўныя. Беларуская мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня. Што варта зрабіць, каб гэтыя прыкрыя факты перасталі быць часткаю нашае беларускае рэчаіснасьці? У пошуках адказу Валера Руселік прыглядаецца ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» да завочнае спрэчкі двох вядомых беларусаў.
Ведаеце, мне часьцяком здаецца, што мы, беларусы — гэткі народ, што гатовы зрабіць альбо сьцярпець усё, абы не пакрыўдзіць кагосьці іншага. Нават у крыўду самым сабе.
Нейкая гіпэрдыпляматычнасьць, ці што.
Валера Руселік. Фота з архіву аўтара
Ну вось глядзеце. Мы ўвесь час чуем абсалютна з усіх бакоў нейкія прэтэнзіі то на нашыя тэрыторыі, то на нарадзінцаў і дзеячаў нашае зямлі, то на вытокі нашае мовы і культуры, то на слаўныя моманты з нашае гісторыі: маўляў, насамрэч усё нашае, а не беларусаў!
Гэта я зараз гэтак далікатна акрэсьліў, нікога не называючы, не канкрытэзуючы — ну, чыста па-беларуску. Дыпляматычненька.
З нашага ж боку прэтэнзіі да суседзяў гучаць куды радзей, збольшага — з нешматлікіх маргіналізаваных асяродкаў. Мабыць, даецца ў знакі нашая беларуская рацыя стану: нам бы хоць сваё ў цяперашніх межах краіны неяк утрымаць, а не на спрэчкі з суседзьмі распыляцца.
Заўжды лепей дамаўляцца, чым сварыцца. Асабліва калі сілаў у цябе — вобмаль.
Карціна Ігара Кебеца «Дух паўстанцаў на Сьвятым балоце»
Даецца ў знакі й нашая прыродная дыпляматычнасьць: маўляў, ну хай той сусед вярзе, што хоча — нам-та што? Абы біцца ня лез. Няма чаго яго дадаткова крыўдзіць, правакаваць. Хай сабе балбоча... Часам даходзіць нават да няёмкасьці: маўляў, ну як я яму скажу, што гэта ня я, а ён парушыў мяжу ды залез на маю дзялку — пакрыўдзіцца ж! Ат, няхай — мне і таго, што засталося, хопіць.
І, як і ўсялякая маштабная зьява, гэтая беларуская дыпляматычнасьць і нежаданьне сварыцца часам праяўляюцца на самых розных узроўнях і сумерах: ад дзяржаўнага да асабістага.
Памятаеце гэтае няёмкае адчуваньне, калі сварацца дзьве блізкія табе асобы? Маўляў, ну чаго ў тую сварку лезьці — хай самыя разьбіраюцца, ня трэба мяне ўцягваць.
Зьлева направа: Яраслаў Іванюк, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Фядута. Каляж аўтара
Якраз гэтымі днямі назіраю за публічнай завочнай спрэчкай, асноўныя фігуранты ў якой — асобы, якіх вельмі паважаю й шаную.
У часе публічнай сустрэчы ў Варшаўскім унівэрсытэце наш Нобэлеўскі ляўрэат міру і, сярод іншага, літаратар Алесь Бяляцкі, адказваючы на пытаньне выдаўцы й заснавальніка фундацыі kamunikat. org, падляскага беларуса Яраслава Іванюка, ці варта працягваць выдаваць кнігі толькі па-беларуску альбо зьвяртацца і да расейскамоўных твораў, адказаў:
«Безумоўна, калі мы робім штосьці для беларусаў і для беларускай культуры, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову, таму што гэта элемэнт нашае духоўнае культуры. І калі мы хочам захавацца народам на бліжэйшыя 200 гадоў, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову, таму што бяз мовы мы размыемся, нас проста расьцягнуць на кавалкі. Гэта зразумелая сытуацыя. Таму абсалютна правільна: трэба выдаваць кнігі на беларускай мове. Па-руску кнігі трэба выдаваць у Расіі. Вось там трэба выдаваць беларускіх пісьменьнікаў па-руску».
Абсалютна прабеларуская пазыцыя.
Гэтым сьцьверджаньнем аднак абурыўся іншы беларускі літаратар, таксама былы палітвязень Аляксандар Фядута: маўляў, дык а дзе мне, расейскамоўнаму беларускаму аўтару, тады друкавацца?
Сярод іншага, Аляксандар Фядута вядомы сваімі дасьледаваньнямі лёсаў віленскіх філяматаў, іх змаганьня з Расейскай імпэрыяй. Быў вызвалены з лукашэнкавай турмы, куды трапіў па абвінавачваньні ў спробе зрынуць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, і выкінуты з краіны адначасова з сваім цёзкам Алесем Бяляцкім — 13 сьнежня 2025 года.
Напрыканцы студзеня, дарэчы, «Будзьма беларусамі» публікавала тэкставую вэрсію вялікай і вельмі натхняльнай размовы Аляксандра Фядуты на «Эўрарадыё», у часе якой ён быў акрэсьліў як беларускую нацыянальную ідэю чытаньне знакамітага рамана Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Важна, што ў часе тае размовы спадар Фядута закрануў і пытаньне беларускае мовы ды ідэнтычнасьці:
«Ёсьць беларусы як нацыя этнічная. Гэта тыя, хто па крыві, як кажуць, беларусы. У каго шэраг продкаў, 20 ці 30 генэрацыяў за плячыма. Яны жылі тут. І вось яны, гэтыя людзі, ад тутэйшасьці перайшлі да беларускасьці, асэнсоўваючы, што яны ня рускія, не палякі, не ўкраінцы, не летувісы. Хто мы такія? Мы беларусы.
Пасьля мы можам казаць аб тым, што беларусы ёсьць як культурная нацыя. [...] Гэта тыя, хто ўсьведамляюць сябе як беларуса, хто спрабуе размаўляць па-беларуску. Чытаць беларускія кнігі, слухаць беларускую музыку, вывучаць беларускую гісторыю і ствараць нейкі культурны прадукт. Тыя, хто выхоўвае сваіх дзяцей як малых беларусаў, каму важна, каб Гары Потэр быў на беларускай мове — не на англійскай, а на беларускай.
Вось гэта беларусы як культурная нацыя. І ёсьць трэці ўзровень. Беларусы як палітычная нацыя. Гэта тыя, хто разумее, што быць беларусам як прадстаўніком этнасу і як прадстаўніком культурнай нацыі мажліва, толькі калі ты бароніш сваю тэрыторыю, сваю зямлю. Менавіта тут мы ўсе будзем адзіныя.
Нам няма дзе больш зьявіцца. Хто павінен бараніць беларускую культуру, беларускую мову, беларускую гісторыю? Мы. Мы, у тым ліку як дзяржава, як дзяржаўны інстытут. Бо, можна сказаць, англійскай ці кітайскай, ці рускай, ці польскай мове на тэрыторыі Беларусі нічога не пагражае. А што можа пагражаць? Прабачце, колькі расейцаў жыве ў Расеі? Усе яны на якой мове гавораць? На расейскай. Колькі кітайцаў жыве ў сьвеце, і ўсе яны ведаюць кітайскую мову. Што, паляк, калі ён зьязджае са сваёй краіны, ён забывае пальшчызну? Ды ніколі. Дзьвесьце гадоў палякі ня мелі сваёй дзяржаўнасьці фактычна і захаваліся як нацыя, таму што захоўвалі сваю мову, сваю культуру.
Зараз у нас ёсць тэрыторыя. Хто яе кантралюе, мы з вамі не гаворым, бо гэта ня справа ідэалягічная, гэта справа палітычная. Гэтая тэрыторыя — наколькі яна належыць беларусам і якім беларусам? Беларусам як культурнай нацыі ці беларусам як нацыі, пра якую сьпяваў Уладзімір Мулявін у сваёй "Пагоні" на верш Максіма Багдановіча? Адракліся. Ад чаго? Ад культурніцкай складкі. Аб тым, што ёсьць у іх, што больш ніхто, апроч нас і іх, бараніць ня можа. Без асэнсаваньня гэтых дзьвюх апошніх складак беларус беларусам ня будзе».
Таксама ж абсалютна прабеларуская пазыцыя.
І вось глядзіш цяпер на гэтую завочную спрэчку двох, без сумневаў, абсалютна шчырых беларусаў і за галаву хапаесься: дзядзькі, ну вы ж аднадумцы — пра што наагул вы спрачаецеся?
І хоць зазвычай я намагаюся трымацца ад чужых спрэчак падалей (ох, каб толькі часьцей гэта атрымлівалася!), аднак тут лічу патрэбным усё-ткі выказацца.
Я ўпэўнены, што часам нам усё-ткі трэба адкладаць убок нашую гіпэрдыпляматычнасьць і выказвацца хай і рэзка, але дакладна і адназначна, не баючыся пакрыўдзіць іншых, нават самых цудоўных людзей у сьвеце.
Спадар Аляксандар! Беларускім выдавецтвам і сапраўды варта трымацца свайго, выдаваць беларускамоўную літаратуру, не марнуючы свае абмежаваныя рэсурсы на расейскамоўныя творы. І тут гаворка зусім не пра выпісваньне якога-колечы іншамоўнага аўтара зь беларускага кантэксту. Мы ведаем, любім і ганарымся сваімі. Але — па-беларуску.
Ну не выдаюць жа ў нас нашага вялікага земляка, філямата і геніяльнага польскамоўнага паэта Адама Міцкевіча па-польску, праўда? Спачатку перакладаюць, а потым выдаюць. Дык тое ж тычыцца і іншых небеларускамоўных беларускіх аўтараў.
Перакладайце свае творы на беларускую мову, а лепш адразу пішэце на ёй — і будзе нам усім шчасьце!
І наагул гэтае правіла мае тычыцца ня толькі выдавецтваў, але й наагул усіх нас. Ну бо, цытуючы шаноўнага Аляксандра Фядуту, хто, калі ня мы? Менавіта ж на гэткай прынцыповай пазыцыі й наагул трымаецца ўвесь наш Беларускі Цуд. Насуперак бясконцым рэпрэсіям і, у выніку, насуперак дэнацыяналізаванай большасьці ўсьцяж знаходзіцца жменька прынцыповых сейбітаў беларускае нівы, якія ўпарта рупяцца менавіта пра сваё.
Пра нашае. Беларускае.
Ня як-небудзь потым, не ў сьвятыя нігды, не а давайце заўтра, не да лепшых часоў. Тут і цяпер.
І хто-хто, а літаратары, якіх часьцяком называюць душою і сумленьнем нацыі, гэта цудоўна ведаюць. Праўда, спадар Аляксандар?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
______________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.