Тэу Ван, Паўднёвая Карэя, 30 гадоў, перакладчык.
— Доўгі час я працаваў у кампаніі Samsung, а цяпер збіраюся наладзіць уласны бізнэс. Планую, што ён будзе звязаны з гэтым рэгіёнам, таму цяпер вывучаю расійскую мову – у дадатак да ангельскай і кітайскай.
Упершыню я пачуў пра Беларусь ад сваёй сяброўкі, якая тут вучылася. Калі яна вярталася на канікулы, то з захапленнем расказвала пра свае жыццё ў Мінску. Таму для дадатковай адукацыі я абраў Беларусь. На той момант ужо было зразумела, што мой бізнэс будзе звязаны з гэтым рэгіёнам. Расія, Беларусь і Украіна – цяпер вельмі перспектыўны рынак для паўднёвакарэйскіх кампаній, мы плануем павялічваць пастаўкі сюды нашых тавараў.
Першае, што мяне ўразіла па прыездзе, – колькі тут высокіх дзяўчат. У нас жанчыны пераважна маленькія. А вашыя мала таго што значна вышэйшыя, дык яшчэ і амаль усе ходзяць на высокіх абцасах. Я не вельмі разумею, навошта, шчыра кажучы. А яшчэ яны апранаюць шмат скураных і мехавых рэчаў. Нам гэта неяк нязвыкла, гэта, так бы мовіць, не вельмі добры тон. А яшчэ беларускія жанчыны вельмі шмат гавораць у параўнанні з нашымі.
На маю думку, галоўнае адрозненне Беларусі ад Паўднёвай Карэі – у рытме жыцця. У вас ён вельмі павольны.
Напрыклад, для мяне спачатку была вельмі нязвыклай амаль поўная адсутнасць хуткага харчавання. У кавярні сваю ежу трэба чакаць паўгадзіны, а то і болей. Гэта не вельмі зручна, але я лічу, што гэта добра. Так чалавек мае магчымасць адпачыць, разняволіцца…
У вас увогуле вельмі разняволеныя людзі ў параўнанні з нашымі. Карэйцы ўвесь час занятыя працай. Ты пачынаеш працаваць з самай раніцы і заканчваеш позна ўвечары. Перапынку на абед няма, ты проста хутка з’ядаеш набыты фаст-фуд – і зноў за працу. Ні на што больш часу ўжо не застаецца. Працы ва ўсіх шмат, і рабіць яе трэба вельмі хутка.
Таму калі я ўпершыню трапіў у беларускую фірму і пабачыў, як людзі ў пачатку працоўнага дня паўгадзіны п’юць каву, а потым на паўгадзіны ідуць курыць, я вельмі здзівіўся.
У Мінску ў сярэдзіне дня можна пабачыць на вуліцы шмат людзей, якія нікуды не спяшаюцца – гуляюць, сядзяць на лаўках і размаўляюць.
Не ўпэўнены, што гэта добра для працы, але людзі так дакладна пачуваюцца больш вольна, чым у нас. Я ўспрымаю Мінск як утульны, павольны, разняволены горад. Вельмі добры горад для жыцця, для таго каб займацца спортам, гуляць з дзецьмі.
І я спадзяюся, што, працуючы з гэтым рэгіёнам, жыць я буду менавіта тут.