Паглядзець на касцёл у Камаях на Пастаўшчыне, адметны сваёй архітэктурай, едуць турысты з усёй Беларусі, а нават і з-за мяжы.
У старажытным храме можна пабачыць карціну знакамітага мастака Альфрэда Ромера “Хрыстос і сірата”. У ім працаваў вядомы кампазітар і арганіст Браніслаў Руткоўскі. А яшчэ ў камайскім касцёле ў 1915 г. служыў ксёндз Кастусь Стэповіч, вядомы ў гісторыі беларускай літаратуры як паэт Казімір Сваяк, аўтар кнігі “Мая ліра”, якая пабачыла свет у Вільні ў 1924 г.
Штогод ксёндз-пробашч Камайскага касцёла Яцэк Хутман ладзіць паэтычныя імпрэзы памяці святара-паэта, які пражыў толькі 36 гадоў, але пакінуў па сабе добрую памяць. У міжваеннай Польшчы за сваю беларускасць ён пераследаваўся польскімі ўладамі, а ўласныя публікацыі ў рэлігійных і свецкіх перыёдыках (“Віеlarus”, “Кгуnіса”, “Авадзень”, “Студэнцкая думка”) падпісваў знакавым псеўданімам – Ксёндз Беларус. Арганізаваны К. Стэповічам гурток беларускай моладзі “Хаўрус сваякоў” меў за мэту пасваячыць усіх беларусаў, з’яднаць іх у адну вялікую сям’ю. І такая вялікая “сям’я” ў камайскай парафіі створана – на імпрэзе прысутнічала больш за дзве сотні вяскоўцаў.
Гэтым разам 7 лютага ў Камаі прыехалі госці са сталіцы – спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла.
Надзвычай цёпла прынялі слухачы песні “Авэ, Марыя”, “Малітва”, “Паланез Агінскага” і “Чароўная Ганна” на вершы З. Пазняка, Г. Бураўкіна, С. Сокалава-Воюша. Яны нібы створаныя для выкананя ў храмавай сакральнай прасторы.
У сваім выступе М. Скобла сказаў: “Казіміру Сваяку не давалі доўга працаваць на адным месцы, каб не ствараў “беларускіх хаўрусаў”. На беларусаў у міжваеннай Польшчы глядзелі як на людзей другога гатунку. Але пахаваны Сваяк у месцы адметным – на віленскіх могілках Роса, якія можна назваць адзіным месцам у свеце, дзе беларусы вышэй за ўсіх. І кампанія ў яго там годная – Уладзіслаў Сыракомля, Ядвігін Ш., браты Іван і Антон Луцкевічы, Францішак Аляхновіч. Добра, што і ў Камаях у яго знайшоўся годны спадкаемца – ксёндз Яцэк, які прыехаў з Польшчы і вывучыў беларускую мову, каб на ёй несці людзям слова Божае”. Паэт прачытаў некалькі сваіх вершаў і ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі!” падараваў камайскаму пробашчу ўнікальнае выданне “Маёй ліры” і кнігі беларускіх паэтаў на духоўную тэматыку.
Пасля выступаў у касцёле ў гасподзе ксяндза адбыўся святочны абед і сустрэча творцаў з вучнямі Камайскай школы. Ізноў гучалі песні ў выкананні Т. Грыневіч-Матафонавай, для вучняў быў зладжаны бліц-конкурс на лепшае веданне гісторыі Пастаўшчыны, а завершылася сустрэча экспромтам М. Скоблы: “Не з чужога прымусу, / не крадком-патайком, / беларус беларусу / мусіць быць Сваяком!”