Большасць беларусаў усведамляюць сябе прадстаўнікамі асобнай нацыі, вытокі беларускай дзяржаўнасці бачаць у Вялікім Княстве Літоўскім, нацыянальнымі сімваламі лічыць сённяшнюю афіцыйную сімволіку, са стэрэатыпным побытавым беларускім характарам сябе не атаясамлівае. Пра гэта кажуць сацыёлагі па выніках даследавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Як канцэптуалізецца ў свядомасці беларусаў мінуўшчына і дзень сённяшні з пункту гледжання нацыянальнай самаідэнтыфікацыі? Якія імёны і падзеі ёсць знакавымі для беларусаў? У якіх дзяржаўных утварэннях бачаць беларусы вытокі беларускай дзяржаўнасці, і ці ёсць беларусы асобным народам? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукалі аўтары даследавання, праведзенага па ініцыятыве грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у супрацы з лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў “НовАК” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS).
Акрэсленыя тэмы – частка даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў сучасным беларускім грамадстве, якое паказвае стан асэнсавання беларускага сусвету і сённяшняй беларускай рэчаіснасці, а таксама акрэслівае прастору для распаўсюду і прамоцыі таго, што называецца беларушчынай і не мае дакладнага перакладу ні на якую іншую мову.
Паводле аўтараў даследавання, іх мэтаю было прадставіць асэнсаванне канцэптуалізацыі беларускай прасторы самімі беларусамі, паглядзець, як яна сімвалічна аформлена ў масавай свядомасці, які змест гэтых сімвалаў, што яны азначаюць для людзей. Бо відавочна, што сімвалічнае афармленне гэтай прасторы адлюстроўвае пэўныя каштоўнасці, памкненні, ідэалы сённяшняга беларускага грамадства.
Недахоп зместу: каля паловы рэспандэнтаў не здольныя змястоўна акрэсліць сімвалічную прастору беларускага сусвету
Большасць беларусаў усведамляе сябе прадстаўнікамі асобнай нацыі, а не часткай “трыадзінай славянскай”. Да “трыадзінай” беларусаў аднеслі 49,1 % рэспандэнтаў. Сітуацыя з асэнсаваннем уласна беларускай ідэнтычнасці нагадвае сацыёлагам «пераходны вакуум», які вымагае напаўнення новым зместам прасторы масавай свядомасці беларусаў.
Паводле вынікаў апытання, сацыёлагі канстатуюць дэсаветызацыю і адыход ад старых стэрэатыпаў. Са свядомасці беларусаў літаральна знікаюць савецкія камуністычныя брэнды, што, як зазначае кіраўнік BISS Віталь Сіліцкі, нараджае пэўны аптымізм, бо ёсць прастора для ўзнікнення новага. Але пры гэтым “неверагодная колькасць людзей (каля паловы апытаных) няздольныя змястоўна акрэсліць сімвалічную прастору беларускага сусвету”. Варта адзначыць, што пэўнае месца ў “пераходным вакууме” займае тое, што можна назваць вынікам ідэалагічнай працы, якая даволі паспяхова, як сведчаць вынікі сацыялагічных апытанняў, праводзіцца падчас прэзідэнтства Аляксандра Лукашэнкі. Таксама значным Віталь Сіліцкі называе той факт, што асэнсаванне сённяшняй сітуацыі грунтуецца на ведах, штампах і міфах, якія засталіся ў свядомасці беларусаў з савецкіх часоў.
Што тычыцца рэбрэндынгу сімвалаў, сацыёлагі канстатуюць паспяховасць высілкаў дзяржаўнага агітпрапа, але гаворка ідзе менавіта пра ўзровень сімвалаў, але не іх змест.
Зубр і бульба – пасля герба і сцяга
Абсалютная большасць рэспандэнтаў прымае за нацыянальную сімволіку існыя сёння чырвона-зялены сцяг і дзяржаўны герб. За бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” выказалася выразная меншасць рэспандэнтаў. Лічыць у роўнай ступені дзяржаўнымі сімваламі Беларусі і адно, і другое – пазіцыя 11 % апытаных. Але гэтыя звесткі, паводле вынікаў адказаў на шэраг пытанняў, не ёсць глыбока асэнсаваныя меркаванні, звязаныя з веданнем гісторыі і культуры сваёй краіны.
Тое ж самае тычыцца і дзяржаўных святаў. Большасць прымае 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінску ад фашыстскай акупацыі – менавіта як нацыянальнае свята Беларусі. І, як адзначае Віталь Сіліцкі, калі што з ім канкуруе, дык гэта іншае савецкае свята – Дзень Перамогі 9 траўня.
Лічбы вынікаў апытання, на думку Сіліцкага, адлюстроўваюць пэўны канфлікт: маладое пакаленне абірае паміж, умоўна кажучы, больш беларускім савецкім святам і менш беларускім савецкім святам. Постсавецкі варыянт – адзначаць Дзень Незалежнасці ў гадавіну падпісання дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі – набраў “маргінальны адсотак”.
Сацыёлагі таксама зазначаюць, што калі ў рэспандэнтаў пыталіся пра сімвал Беларусі па-за кантэкстам дзяржаўнай сімволікі, то ўсё роўна ў адказах дамінавалі афіцыйныя сімвалы – герб і сцяг. На трэцяе, чацвертае і пятае месцы – у залежнасці ад рэгіёну Беларусі – вырываліся зубр, бусел і бульба. Як прыклад, Сіліцкі ўзгадвае адказы рэспандэнтаў з Мінску і людзей маладзейшага веку, з якіх вынікае, што з дзяржаўнымі сімваламі канкуруе не “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг, а зубр або бусел.
Сімвалам Беларусі ў архітэктурным увасабленні большасць называе Мірскі замак
Адказы на пытанні пра сімвалічна-архітэктурнае ўвасабленне Беларусі сведчаць аб зрухах у свядомасці, якія адбыліся з розных прычын. У тым ліку з-за намаганняў дзяржавы зрабіць прамоцыю Беларусі як прывабнай для турыстаў краіны. Віталь Сіліцкі сумняецца, што 20 гадоў таму на першае месца “з вялікім адрывам мог бы вырвацца Мірскі замак. Можа, таму, што ён ляжаў в руінах, і мала хто пра яго ведаў”. То бок тут спрацавала пэўная раскрутка, сам факт рэстаўрацыі, што ўвогуле зрабіла гэты помнік пазнавальным брэндам Беларусі. Але – з пэўнымі рэгіянальнымі адрозненнямі. Напрыклад, у адказах рэспандэнтаў з Мінскай вобласці у якасці архітэктурнага ўвасаблення вобраза Беларусі дамінуе Брэсцкая крэпасць. А ў адказах рэспандэнтаў з Гомельскай вобласці ўражвае дамінуючы адсотак абранага варыянту “няма адказу”, што, на думку Сілцкага, тлумачыцца разбурэннем архітэктурных сімвалаў.
Адкуль наш род? Наперадзе – ВКЛ
Тэктанічнымі зрухамі называе Віталь Сіліцкі змены ў адказах на пытанне, адкуль пайшлі беларусы. У параўнанні з пачаткам гэтага стагоддзя выглядае на тое, што наконт вытокаў беларускай дзяржаўнасці ў грамадстве назіраецца амаль кансэнсус: большасць сучасных беларусаў (38,1 %) схільныя бачыць іх у Вялікім Княстве Літоўскім. У той час як у Полацкім і Тураўскім княстве, з аднаго боку, ды ў БССР, з другога, бачаць іх адпаведна 17,7 % і 12,4 % рэспандэнтаў. І гэтыя вынікі значна перавышаюць у адсотках адказы “Рэспубліка Беларусь” (9,2 %) і “БНР” (5 %). І толькі ў адной Віцебскай вобласці на першым месцы застаецца БССР. У той жа час, паводле вынікаў апытання, БССР-аўская ідэалогія губляе актуальнасць нават сярод людзей старэйшага пакалення.
Хіт-парад “Імёны Беларусі”
Каб найбольш грунтоўна высвятліць сітуацыю, пытанні рэспандэнтам прапанавалі ў двух варыянтах: у адным – прапаноўвалася назваць найбольш выбітнага гістарычнага дзеяча, у другім – абраць са спісу прапанаваных імёнаў. Па выніках, у хіт-парадзе “Імёны беларусі” дамінуюць дзеячы дасавецкай гісторыі. У адкрытым варыянце першыя дзве асобы, зазначае Віталь Сіліцкі, “нагадваюць мапу цэнтру Мінску да 2005 года – гэта Скарына і Машэраў. Потым называюць Каліноўскага. Даволі высокі ўзровень пазнавальнасці ў Вітаўта і Льва Сапегі, але з павышэннем узросту рэспандэнтаў ён падае. Хіт-парад цалкам выглядае так: Скарына, Машэраў, потым – з вялікім адсоткавым адрывам – Каліноўскі, Еўфрасіння Полацкая, Лукашэнка, Касцюшка, Сапега.
Бунт супраць стэрэатыпаў
Адказы на пытанне, якія рысы характару больш за ўсё ўласцівыя беларусам, па колькасці адсоткаў выбудоўваюцца ў такім парадку: гасціннасць, дабрыня, працавітасць, памяркоўнасць, законапаслухмянасць, духоўнасць, акуратнасць, дапытлівасць, сумленнасць, смеласць. У найменшай ступені, па выніках апытання, беларусам уласцівыя скупасць, эгаізм, неабавязковасць, неахайнасць, хвальба, гультайства, бязлітаснасць. Але, бадай, самае цікавае, што вынікае з апытання, як зазначыла супрацоўніца лабараторыі “НоВАК” Надзея Ефімава, – гэта тое, што назіраецца бунт супраць стэрэатыпаў. Каля 10 % рэспандэнтаў адказалі, што яны зусім не падобныя на той вобраз – хай сабе і цалкам кампліментарны, – які вымалёўваецца, зыходзячы з адказаў на папярэднія пытанні.