Беларускія ВНУ рыхтуюць паэтаў і балбатуноў

08.12.2009 Адукацыя

Паводле слоў эксперта Уладзіміра Мацкевіча, лепш за ўсё сістэма адукацыі працуе на ўзроўні садок — школа. Выхавацелькі добра рыхтуюць дзетак да першага класу. А вось сярэдняя школа не здольная падрыхтаваць вучняў так, як таго патрабуюць ВНУ.

Давайце паспрабуем пабудаваць такі ланцужок: ад пачатковай школы — да ВНУ. Які цяпер у нас гэты ланцужок і як ён адрозніваецца ад іншых краін? У сэнсе — якія веды перадаюцца ад аднаго звяна да іншага, як яны звязаныя, ці рыхтуе адно да іншага?

Мацкевіч: Ніякай прынцыповай розніцы ў нашай сістэме адукацыі ў гэтым сэнсе няма. З канца XIX стагоддзя паўсюль у еўрапейскіх краінах зацвердзілася сістэма Коменскага, якая прадугледжвала пераемнасць узроўняў адукацыі. І менавіта ў Савецкім саюзе, дзе яна была даведзена да пэўнай бездакорнасці, яна ў найбольшай ступені паказала свае слабыя бакі.

Сістэма будуецца так, што, набыўшы адукацыю ў першым класе, дзеці пераходзяць у другі клас, дзе працягваюць далей тое, што яны набылі… І так на працягу ўсяго адукацыйнага канвееру. У гэтым сэнсе сістэма адукацыі будуецца знізу ўверх. Атрымоўваецца, што верх гэтай піраміды губляецца дзесьці ў аблоках, бо невядома, чым скончыць. Можна дадаваць і дадаваць гэтыя веды… А калі заканчваць?

Лагічна было б, каб сістэма будавалася наадварот — зверху ўніз. А што нам патрэбна ў выніку? Таму ў сучасным выглядзе сістэма Коменскага будуецца наступным чынам: збіраюцца прадстаўнікі нейкага ўзроўню адукацыі і вырашаюць, якія яны маюць патрабаванні да ніжэйшага ўзроўню… Напрыклад, ВНУ кажуць: трэба змяніць змест сярэдняй адукацыі. На што кіраўнікі, педагогі і тэарэтыкі сярэдняй адукацыі кажуць, напрыклад: гэта немагчыма. Ну, і так праз некалькі гадоў праз гэтыя патрабаванні верху да нізу ўсё ж такі пачынаецца рэформа.

У нас найбольш эфектыўна гэта сістэма працуе паміж узроўнямі 1 клас і дашкольнае навучанне, калі дзіцячыя садкі ўводзяць навучанне, каб рыхтаваць дзяцей да школы.

А як працуе пераход школа — універсітэт? Ці добра рыхтуе вучняў школа да ВНУ?

На сённяшні дзень вышэйшыя навучальныя ўстановы патрабуюць трохі іншай адукацыі ад сярэдняй школы, чым яна дае, але ж не могуць на гэта паўплываць… А сярэдняя школа не можа выканаць гэтыя патрабаванні. Таму вышэйшая школа вымушаная лічыцца з тым узроўнем, які дасягаецца дзецьмі напрыканцы школы, і неяк кампенсаваць гэта, прыстасоўвацца…

Якімі ведамі ў тэорыі павінен валодаць школьнік, каб гэта было ідэальна да далейшага развіцця? У школе трэба даваць шырокія веды ці лепш вучыць вузкім, але канкрэтным рэчам, як гэта робяць, напрыклад, у Амерыцы?

Хто вам такое сказаў пра Амерыку? Гэта ў савецкай сістэме ідзе спецыялізаванасць да вельмі вузкіх накірункаў. У савецкіх інжынерных ВНУ рыхтавалі больш за 1200 інжынерных спецыяльнасцяў. У Амерыцы на той час было 128 — у 10 разоў менш.

Не, я кажу пра школу…

Тое ж самае і ў школах. Амерыканскія школы маюць вельмі свабодныя навучальныя планы, вельмі шырокі спектр падручнікаў.

Адкуль, такім чынам, такое распаўсюджанае меркаванне, што мы спадчыннікі савецкай сістэмы адукацыі, і кожны раз кажам, што яна адна з лепшых. Можа, гэта і сапраўды так, бо ходзяць легенды пра тое, што амерыканскія дзеці ўвогуле нічога не ведаюць?

А гэта праўда. Сярэдняя адукацыя ў Амерыцы — сапраўды дрэнная. Большая частка амерыканскіх школ рыхтуе бязглуздых спажыўцоў, якія ні да чаго не прыдатныя. З шасці амерыканскіх школ чатыры не даюць ніякай адукацыі, і толькі дзве даюць адукацыю, адна з якіх — як правіла элітарная і дае вельмі грунтоўную шырокую адукацыю. Адна з шасці школ. Добра гэта ці дрэнна? Ну, давайце параўнаем з савецкай сістэмай. У савецкай сістэме з шасці школ амаль усе аднолькавыя. І там няма гэтай, якая дае выдатную адукацыю.

Чаму вучаць у нашых школах, чаго няма, напрыклад, у штатах ці Еўропе?

У савецкія часы хоць і не лепшым у свеце, але ж добрым было выкладанне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі… На жаль, сёння на былым узроўні гэта падтрымліваць не атрымоўваецца. У нас у школе зашмат ідэалогіі, зашмат рэгулявання… Але, тым не менш, нашыя вучні ў школах атрымліваюць шырокі спектр ведаў. Іншая справа, што гэтыя веды адарваныя ад рэчаіснасці, асабліва ў гуманітарнай практыцы.

Зараз праводзяцца сусветныя рэйтынгі сярэдніх школ. На сённяшні дзень сітуацыя складваецца так, што найбольш прасунутыя выпускнікі школ у Еўропе — гэта школьнікі з Галандыі, Чэхіі… А сусветнымі лідэрамі з’яўляюцца такія краіны як Сінгапур, Малайзія. Беларусь нават не ўваходзіць у гэты рэйтынг! Таму што мы проста не стандартызуем сваю адукацыю і не даем магчымасці сусветным экспертам ацаніць гэтыя рэчы. А тое, што паказваюць падобныя да нас краіны — Расія і Ўкраіна — яны выпалі далёка за 2 дзесяткі.

Нашы чыноўнікі звычайна кажуць: паглядзіце, у нас добрая адукацыя па-ранейшаму, таму што мы выйграем сусветныя алімпіяды па некаторых дысцыплінах. Давайце не блытаць адно з другім — рэйтынг, які ацэньвае сярэдні стан адукацыі па краіне, і падрыхтоўка невялічкай каманды да выступу ў алімпіядзе. Адну каманду з некалькіх дзясяткаў людзей мы здольныя падрыхтаваць. А сказаць, што ўся сістэма адукацыі добрая — на жаль, не…

Можа, мы перамагаем у алімпіядах, таму што ў нас дзеці разумныя, а не таму што добрая сістэма адукацыі?

Дзеці разумныя паўсюль. Ёсць такая показка. Прыязджаюць Японцы ў Беларусь, ходзяць, вытворчасць глядзяць, школы глядзяць, універсітэты… У іх пытаюцца: “Ну, і як вам усё гэта падабаецца?”. “Дзеці у вас добрыя”, — кажуць. “А што яшчэ?” — “А ўсё, што вы робіце рукамі…”.

Мы сапраўды пераемнікі савецкай адукацыі, але ж яна ніколі не была лепшай

Існуе такая ідэаялогія, што савецкая сістэма адукацыі была найлепшай. У чымсьці яна сапраўды была вельмі дасканалая, напрыклад, мы дасягнулі вельмі значных поспехаў у Савецкім саюзе ў галіне прафесійнай адукацыі і трохі ў галіне натуральных навук — прыродазнаўства і г.д… Вось і ўсё, чым мы маглі ганарыцца. Усё астатняе было вельмі і вельмі кепска.

А што мы ўзялі сабе цяпер з той савецкай адукацыі? І чым сучасная сістэма адукацыі Беларусі адрозніваецца ад той, што была ў тыя часы?

Што мы маглі б узяць і што было сапраўды ў Беларусі лепшым — гэта ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Беларусь, як зборачны цэх, была пляцоўкай для адпрацоўкі метадаў прафесійнай адукацыі. Гэта нам дасталася, але ж мы не па-гаспадарску з гэтым абышліся. І на сённяшні дзень у значнай ступені гэтая сістэма зруйнаваная.

Сярэдняя адукацыя ў нас і была сярэдняя — такая, як і паўсюль у Савецкім саюзе. Тут ганарыцца не было асабліва чым, трэба было яе як мага хутчэй рэфармаваць. Вышэйшая адукацыя ў нас была дрэнная. У краіне і на той момант не было ніводнага сапраўднага універсітэту. І трэба было хуценька рабіць універсітэт сапраўднага ўзроўню, але гэтага так і не адбылося.

Таму ад савецкай адукацыі мы атрымалі тое, што атрымалі — не па-гаспадарску абышліся з тым, што мелі добрага. І не хапіла ні палітычнай волі, ні мазгоў, каб палепшыць тое, што было не вельмі добра.

Цяпер у нас “платнікаў” сярод студэнтаў становіцца усё больш. Гэта нармальна ці, можа, з-за гэтага падае якасць навучання? Бо, па ідэі, тыя, хто паступае на бясплатнае, — у іх лепшыя веды, а паколькі іх становіцца ўсё менш і менш, то і планка ведаў заніжаецца?

Так, год ад году колькасць “платнікаў” расце. Гэта ўжо пытанне кіравання і адсутнасці акадэмічных свабод. Кіраўніцтва Ўніверсітэта разумее, што студэнцкая плата становіцца адной з галоўных крыніц фінансавання, і гэта жывыя грошы, якія адміністрацыі вельмі важныя… Таму, яны, кіруючыся эканамічнымі меркаваннямі, пачынаюць кіраваць сваім універсітэтам так, што пачынаюць, напрыклад, патрабаваць ад выкладчыкаў зніжаць планку і патрабаванні… І гэта ўсё яшчэ больш вядзе да зніжэння планкі навучання.

А тое, што да нас едзе вучыцца шмат кітайцаў, — гэта значыць, што ў нас добрая сістэма адукацыі, ці тое, што яна проста танная? Інакш чаму тады не едуць такімі колькасцямі студэнты з Еўропы?

Вы самі і адказалі на сваё пытанне: адукацыя не проста танная, яна яшчэ і не патрабавальная. На жаль, кітайскія і в’етнамскія студэнты нават не намагаюцца вывучыць мову, на якой атрымліваюць адукацыю. Таму іх бяруць проста за грошы, і ніхто не клапоціцца пра тое, каб яны выйшлі спецыялістамі. Менавіта гэта і прываблівае нашыя навучальныя ўстановы браць студэнтаў з Кітаю.

Кажуць, што ў нашых ВНУ вельмі добра рыхтуюць тэарэтыкаў, але не практыкаў. І таму пасля ўніверсітэтаў студэнты часта нічога не ўмеюць рабіць практычна і навучаюцца нанова ўжо на працы… Для чаго тады ўвогуле нашыя ВНУ?

Гэта дурны міф, які трэба проста адразу дыскрэдытаваць. Тэарэтыкаў у нас ніхто ўвогуле не рыхтуе! Няма ў нас тэарэтычнай падрыхтоўкі. Тэорыя — гэта тое, што можа быць падмуркам, на якім узнікае практыка. У нас жа рыхтуюць паэтаў і тупаватых выканаўцаў, а не тэарэтыкаў. Чамусьці дыскрэдытавалі вельмі добрае паняцце — тэорыя. Тэорыя — гэта тое, без чаго немагчымая практыка. А ў нас балбатуноў называюць тэарэтыкамі.

Як раз-такі паэтаў у нас і не рыхтуюць… Людзі вымушаны ехаць у Маскву, каб вучыцца ў тым жа Літінстытуце, напрыклад.

Я кажу пра паэтаў у платонаўскім сэнсе — гэта такое кепскае лаянкавае слова. Паэтаў, якія фантазіі выдаюць за схемы, тэорыі і паняцці, адарваныя ад рэальнага жыцця… Гэта не значыць, што я Хадановіча маю на ўвазе. А тое, што не рыхтуюць сапраўдных паэтаў, то ў нас увогуле гуманітарная адукацыя ніжэй за усялякую крытыку.

Значыць, у нас універсітэты ні тэарэтыкаў не рыхтуюць, ні практыкаў?

Ну, а якая можа быць практыка без тэорыі? Ёсць вялікая розніца і трэба ў гэтым разбірацца. Ніякая вышэйшая адукацыя не павінна рыхтаваць чалавека да патрабаванняў прадпрыемстваў, калгасаў і г.д. Вышэйшая адукацыя дае чалавеку шырокі светапогляд, яна дазваляе яму самому працягваць вучыцца праз усё жыццё. І яна дае яму магчымасць прыйсці на працоўнае месца і хутчэй за тых, хто не мае адукацыі, адаптавацца.

Трэба адрозніваць два працэсы — адукацыю і падрыхтоўку кадраў. Гэта розныя працэсы. Гэта ПТВ павінны рыхтаваць чалавека да таго, каб ён прыйшоў і пачаў працаваць на сваім працоўным месцы. А навучанне ў ВНУ рыхтуюць на ўсё далейшае жыццё. Таму давайце не распаўсюджваць каштоўнасці ПТВ на каштоўнасці вышэйшай адукацыі.

Спачатку вышэйшая адукацыя — гэта проста адукацыя: шырокі светапогляд і набыванне здольнасцяў вучыцца самому праз усё жыццё. Пасля на гэтай базе даецца падрыхтоўка. Так будуецца адукацыя ў лепшых амерыканскіх і еўрапейскіх ВНУ — 5 гадоў адукацыі і адзін год на падрыхтоўку. А не як у нас: прыходзіць чалавек у педагагічны інстытут і яго пачынаюць спачатку вучыць быць настаўнікам — даюць яму нейкія методыкі… Калі ён праз 5 гадоў скончыць гэты інстытут і трапіць у школу, гэтыя методыкі ўжо састарэюць.