Беларусы загаварылі? “Мабыць…”

10.12.2014 Тэатр

Гвалт у беларускіх сем’ях – і бізнес, які стварылі жабракі, што просяць міласціну ля царквы; субкультура футбольных фанатаў – і продаж каляровых металаў. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі паставілі вельмі праўдзівы спектакль пра нашу краіну.

Як ствараўся эксперыментальны праект “Мабыць?” Акцёры гутарылі з выпадковымі беларусамі пра жыццё (напрыклад, рэжысёр Аляксандр Марчанка размаўляў у трамваі з кантралёрам), драматург Дзмітрый Багаслаўскі зводзіў гэтыя маналогі і дыялогі ў тэкст, а акцёры імкнуліся перадаць асаблівасці маўлення і інтанацыі суразмоўцаў. Дарэчы, апошнія не з’яўляюцца грамадскімі асобамі (адно з выключэнняў – гутарка з мастаком Алесем Пушкіным).

Прыведзеная карціна – класічны прыклад ужывання тэхнікі “вербацім”, якая пакрысе пускае карані ў беларускім тэатры (слова “вербацім” часта выкарыстоўваюць як сінонім слова “дакументальны тэатр”). Напрыклад, летась у Мінску з’явіліся спектаклі “Patris” і “Бі-лінгвы”. Абодва мелі пэўны сацыяльны ракурс (у цэнтры апынуліся, адпаведна, патрыятызм і любоў да радзімы, а таксама ўжыванне беларускай мовы). А вось Аляксандра Марчанку больш зацікавілі агульныя праблемы. Ён вызначыў жанр пастаноўкі як “галасы вакол нашых пытанняў” і паспрабаваў “паразважаць на тэму хто такі беларус, што з’яўляецца яго адметнымі прыкметамі, што для яго важна”.

Для пераўвасаблення акцёраў Марчанка прапанаваў просты, але эфектны сцэнічны прыём. На сцэну перыядычна выкідваецца гара абутку. Выканаўцы разбіраюць іх, нібыта прымерваючы на сябе іншыя жыццёвыя лёсы. Асабліва арыгінальным выглядае рашэнне сцэны, у якой ідзе гаворка пра дзвюхмоўе. Акцёр размаўляе па-беларуску, стоячы ў адным абутку. Калі пераходзіць на рускую – мяняе пару на іншую. А ўрэшце застаецца стаяць у розных чаравіках.

Кола акрэсленых праблемаў уражвае. Дванаццаць акцёраў (дарэчы, яны апранутыя ў паўсядзённую вопратку і выходзяць на сцэну непасрэдна з глядацкай залы) абмяркоўваюць цяжкасці ва ўжыванні беларускай мовы і ўтрыманне жывёлаў у сталічным прытулку на вуліцы Гурскага. Даюць выказацца фанату маскоўскага “Спартака”, замежнікам, якія дзеляцца сваімі ўражаннямі ад Беларусі (напрыклад, англічаніну, які працуе ў ІТ; італьянцу, якога падчас першага візіту ў Мінску не пусцілі ў Беларусь – нібыта праз падроблены пашпарт), жанчынам, якія сталі ахвярамі сямейнага гвалту. Ёсць тэмы, якія яшчэ нядаўна нават не закраналі ў тэатры. Гэта развагі пра жабракоў, для якіх міласціна ля царквы ператварылася ў форму прыбытку. Або незаконны бізнес, звязаны з продажам каляровых металаў (пры гэтым, як кажа герой, трэба дамаўляцца з міліцыяй і спецслужбамі).

Праблемы, якія людзі не баяцца выносіць на шырокі агляд, паказальныя. “Мне здавалася, людзі будуць выказвацца пра жыццё радыкальна, – казаў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Марчанка. – Але атрымаліся пастэльныя тоны”. (Напрыклад, ніхто не закранаў палітыку.) “Такая наша рэальнасць”, – канстатуе рэжысёр, і з ім цяжка не пагадзіцца. Па-сутнасці, “Мабыць?” выконвае функцыю шырокага сацыяльнага даследавання. Спектакль выступае ў ролі люстэрка, у якім беларусы могуць убачыць сябе і ўласныя праблемы (прычым як тыя, што іх хвалююць, так і тыя, пра якія можна разважаць).

Праўда, існуе і адваротны бок медаля. Калі ўявіць спектакль у выглядзе графіка, “Мабыць?” нагадвае бясконцую прамую, якая ідзе на адной і той жа вышыні. Таму атрымліваецца, што пастаноўка не мае дакладна акрэсленых межаў. Можна выразаць той ці іншы маналог, памяняць некаторыя з іх месцамі, і агульны вынік кардынальна не зменіцца.

Але галоўная вартасць пастаноўкі ў іншым. Большасць меркаванняў і фактаў, якія прагучалі са сцэны РТБД, не з’яўляюцца для абазнанага чалавека нечым зусім новым, але звычайна ён даведваецца пра іх з газет або інтэрнета. Бо ў апошні час айчынны тэатр застаўся месцам для прыемнага баўлення часу або, нашмат радзей, для размоваў пра вечныя пытанні, актуальныя ва ўсе часы. Навакольная рэчаіснасць там не адлюстроўваецца зусім.

“Мабыць?” выпраўляе гэты недахоп. Перад намі вельмі шчырае, эмацыйнае выказванне наконт праблемаў сучаснага жыцця. “Галасы вакол нашых пытанняў” не даюць адназначных адказаў, але міжволі правакуюць на дыскусію. У кантэксце сённяшніх рэалій (як тэатральных, так і грамадскіх) пастаноўка гэтых пытанняў са сцэны – ужо перамога. Хочацца спадзявацца, што яна адкрые дакументальнаму тэатру дарогу і ў рэпертуарныя калектывы.

 

Дзяніс Марціновіч

 

 

фота прадастаўлена Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі