Рыгор Барадулін называў яго «самадзержцам нашай роднай культуры», Васіль Быкаў дзякаваў за яго працу на ніве беларушчыны, а Уладзімір Караткевіч, ставячыся «з вялічэзнай павагай да яго плённай і высакароднай дзейнасці», пісаў: «Праўда, Вы столькі робіце, што нам трэба зямно Вам кланяцца». 30 сакавіка споўнілася 90 гадоў Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу, славутаму гродзенскаму літаратуразнаўцу, педагогу і краязнаўцу, перадае Новы Час.
pokrovgrodno.org
Аляксей Пяткевіч знаходзіўся, як прынята казаць у падобных выпадках, у вытокаў развіцця філалагічнай адукацыі на Гродзеншчыне: у 1968 годзе ён узначаліў толькі што створаную кафедру беларускай літаратуры Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (цяпер — Універсітэта імя Янкі Купалы), які з цягам часу стаў для яго роднай alma mater.
Зрэшты, у Гродна Пяткевіч патрапіў выпадкова. Справа ў тым, што ў часе размеркавання ў БДУ яму прапанавалі месца ў Акадэміі навук, але малады аспірант з гатовай дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага хацеў не за сталом сядзець, хай сабе ў Інстытуце літаратуры, а выкладаць гэту самую літаратуру. У выніку ён памяняўся месцамі з хлопцам, у якога было накіраванне ў Гродна.
Дарчы надпіс Уладзіміра Караткевіча.
Працаваць пачынаў на кафедры літаратуры, якая аб’ядноўвала ўсе літаратуры разам — беларускую, рускую і замежную. Калі ж кафедра літаратуры і мовы раздзялілася на беларускую і рускую, Пяткевіч быў прызначаны загадчыкам. І гэта ў той час, калі не хапала не спецыялістаў і адпаведнай літаратуры, і малады загадчык кафедры вымушаны быў едзіць у Мінск і праседжваць у бібліятэцы, штудзіруючы навуковую літаратуру, якой немагчыма было адшукаць у Гродне. «Сёння, калі нечага не ведаеш, дапаможа літаратура, папярэднікі дапамогуць, — гаварыў ён. — А тады папярэднікаў не было, бо яны ў пераважнай большасці былі рэпрэсаваныя ў 1930-я гады і працы іх былі недаступныя»...
Зрэшты, мяне з Аляксеем Міхайлавічам пазнаёміў не Гродзенскі ўніверсітэт, а Рыгор Барадулін. Я тады працаваў над кнігай пра Васіля Быкава, і было б недаравальна не пабываць у Гродне, дзе жылі сведкі першых літаратурных крокаў Васіля Уладзіміравіча... Праз шмат гадоў прачытаю ва ўспамінах Аляксея Міхайлавіча пра тую нашу вандроўку: «У чэрвені 2005 года Рыгор Барадулін прыехаў у Гродна з Сяргеем Шапранам, які збіраў матэрыял для сваёй вядомай сёння кнігі "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця...". Мы даўно не бачыліся і сардэчна абняліся. "Во, прывёз вам, гродзенцам, журналіста Сяргея Шапрана, які рыхтуе кнігу пра Быкава. Вы тут Шапрана не знаеце. Хлопец ён талковы, уедлівы. Трэба яму дапамагчы..." І я з Юркам Голубам ды яшчэ жонка Аляксея Карпюка Іна Анатольеўна доўга сядзелі ў музеі Максіма Багдановіча і адказвалі на пытанні Шапрана — распавядалі, што зналі пра Васіля Быкава. Барадулін цярпліва чакаў побач. То выходзіў, то зноў вяртаўся. Адчувалася, што для яго вельмі важна тое, што пачынаў рабіць Шапран».
Ён пазнаёміўся з Быкавым у далёкім 1957 годзе. Пяткевіч толькі прыехаў у Гродна, і яго настойліва цягнула назад, у Мінск, — гэтак сумна здавалася па першым часе ў горадзе над Нёманам. Пакуль аднойчы Мікола Арочка не спытаў: «Ну, як там Быкаў, Карпюк?» А Пяткевіч нават не быў знаёмы з абодвума пісьменнікамі-гродзенцамі. Зрэшты, ня дзіва — Быкаў нядаўна вярнуўся з Далёкага Усходу і толькі пачынаў друкавацца. Гэткім чынам пазнаёміўшыся, Пяткевіч пачаў запрашаць пісьменніка на сустрэчы са студэнтамі.
— Мы амаль кожную яго аповесць абмяркоўвалі, — прыгадваў Аляксей Міхайлавіч. — Быкаў прыходзіў не толькі таму, што гэта было трэба, але і таму, што яму самому было цікава. Першая сустрэча была прысвечана аповесці «Жураўліны крык». Быкаў быў апрануты ў кіцялёк ваеннага тыпу з англійскага сукна, якія тады ўсе насілі. Стройны, худзенькі. Пышная рыжаватая чупрына. Замкнуты і негаваркі, сеў ціхенька... Ён, безумоўна, былі цікавы аўдыторыі. Але ў той час гэта было звыкла — Быкаў жа свой, ён тут жыве, у Гродне, па гродзенскіх вуліцах ходзіць! А вось калі ён пачынаў гаварыць... Выступаў звычайна ў канцы ў поўнай цішыні. Гаварыў не доўга, як заўсёды не паспешліва. Гэта былі неардынарныя думкі, глыбокія і цікавыя. Па сутнасці, гэта былі ўрокі выхавання для студэнтаў — разважаючы аб канкрэтнай сітуацыі ў аповесці, Быкаў гаварыў, як трэба жыць.
Між іншым, адна з першых літаратурных рэцэнзій на творы Васіля Быкава належыць Аляксею Пяткевічу. Выйшла яна ў «Гродзенскай праўдзе», дзе працаваў тады Быкаў. Зрэшты, вызначальным было не тое, што рэцэнзія тычылася «Трэцяй ракеты», а іншае: «Мясцовых аўтараў трэба падтрымліваць», — казаў Васіль Уладзіміравіч, які быў у «Гродзенскай праўдзе» літаратурным кансультантам і рэгулярна рабіў агляды дасылаемых у рэдакцыю твораў аўтараў Гродзеншчыны.
Калі ж выйшла аповесць «Мёртвым не баліць», Пяткевіч ізноў выступіў з рэцэнзіяй, бо, на яго думку, новая аповесць Быкава была моцнай і трагедыйнай. Аднак не ў натуры Васіля Уладзіміравіча было выказваць захапленне — яго вылучала нешматслоўнасць, вось і гэтым разам ён толькі й сказаў: «Добра, што адгукнуліся. Дзякуй».
Дарчы надпіс Васіля Быкава.
Тая рэцэнзія ледзь не каштавала Пяткевічу працы — ва ўніверсітэце праходзіў ідэалагічны сход, і сакратар Гродзенскага абкома партыі збіраўся лупануць па аўтару рэцэнзіі на «крамольную» аповесць, і толькі ўмяшальніцтва рэктара ратавала маладога выкладчыка...
— Літаратурная крытыка ставілася да Быкава нармальна, — гаварыў Аляксей Міхайлавіч. — З боку крытыкаў-прафесіяналаў не было ніякіх сур’ёзных абвінавачванняў, былі толькі заўвагі чыста літаратурнага характару — гэта звычайная рэч. Лупілі яго пераважна па лініі афіцыёзу. Гэта быў, канешне, ідэалагічны заказ. І да тых ветэранаў, што найбольш дзяўблі яго, Быкаў ставіўся скептычна — гаварыў, што гэта пераважна штабісты, у якіх поўныя грудзі ўзнагарод, а сапраўдныя франтавікі ляжаць забітыя ў акопах...
Калі ж у ягонай кватэры пабілі вакно, Быкаў адразу патэлефанаваў: «Зайдзіце». Але не патлумачыў, з якой нагоды. Я прыйшоў, ён, правёўшы, паказаў — у вакне была дзірка з трэшчынамі. «Адкуль гэта?» — «Невядома хто»... Ён быў вельмі ўзбуджаны, вельмі, я ніколі не бачыў яго такім. І сапраўды — калі ўжо вокны б’юць!.. Але пагаварыўшы, супакоіўся. Было відавочна, яму трэба было выгаварыцца...
Калі быў рэпрэсіраваны адзін з блізкіх быкаўскіх сяброў — Барыс Клейн, Быкаў ізноў адразу пазваніў: «Давайце сустрэнемся».
Ва ўладных структурах былі перакананыя, што менавіта пісьменнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн негатыўна ўплываюць на Быкава, і таму абодвух было вырашана «нейтралізаваць»: Карпюк колькі месяцаў заставаўся без працы, на яго нават была заведзена крымінальная справа за нібыта супрацоўніцтва з нацыстамі ў часе вайны; Клейну ж было прапанавана ўдзельнічаць у кампаніі па выкрыцці сіянізму, але ён адказаў адмовай. У выніку ён быў звольнены з выкладчыцкай працы і пазбаўлены вучонай ступені і звання, былыя калегі перабягалі на іншы бок вуліцы, каб, крый божа, не павітацца з апальным навукоўцам. Барыс Самуілавіч хацеў з’ехаць у Ленінград, аднак другі сакратар Гродзенскага абкома партыі Фамічоў папярэдзіў: калі Клейн працаўладкуецца ў Ленінградзе, будзе званок з Гродна, і яго адразу звольняць. «Паколькі ўсё ў мяне ўжо адабралі, значыць, я вам тут больш не патрэбны», — запярэчыў Клейн. «Не, вы патрэбны: вы будзеце маячыць на гродзенскіх вуліцах, як цень. Каб усе бачылі, які лёс напаткае таго, хто пойдзе супраць нас». І вось цяпер Быкаў патэлефанаваў Пяткевічу...
— Мы гулялі па вуліцы, у Быкава дрыжэлі рукі, — згадваў Аляксей Міхайлавіч. — Ён расказваў, якім менавіта чынам збіраўся матэрыял на Клейна — запісы размоў рабіліся ў парку, у рэстаране, дома — запісвалі ўсюды! Мы доўга тады хадзілі. Як я разумею, яму трэба было выгаварыцца. Я першы раз бачыў Быкава такім разгубленым. Гэта мяне вельмі ўразіла. Ён вельмі перажываў. Клейн быў яго сябрам. Да таго ж Быкаў быў уражаны падрыхтаванасцю сістэмы да высочвання людзей. Да гэтага часу ён нават не ўяўляў, што інфармацыю можна збіраць настолькі масіравана...
Між іншым, менавіта дзякуючы Быкаву Пяткевіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Хоць сам ён пра гэта не думаў, але Быкаў аднойчы патэлефанаваў: «Будзеце ў Саюз пісьменнікаў уступаць!» Ужо ў часе прыёму Іван Мележ запытаўся: «Ну што ж, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да жыцця такога?» Пяткевіч азірнуўся на Быкава, які маўчаў і толькі ўсміхаўся...
Зрэшты, пасады загадчыка кафедры Пяткевіч усё-такі быў пазбаўлены. Ішоў 1974 год. Гэта была гучная справа, калі КДБ «выкрыў» групу дзяржаўных «злачынцаў-нацыяналістаў», якая складалася пераважна з супрацоўнікаў Акадэміі навук і якая ў далейшым атрымала назву «акадэмічны асяродак». У «змоўшчыкі» былі запісаны літаратуразнаўцы Мікола Прашковіч і Валянцін Рабкевіч, археолаг Міхась Чарняўскі, мастацтвазнавец Сцяпан Міско, мовазнавец Алесь Каўрус і — Аляксей Пяткевіч. Галоўнае абвінавачванне — нацыяналізм. Кадэбісты хацелі далучыць да справы і Уладзіміра Караткевіча, але безвынікова.
— Тады была рэпрэсіравана група навукоўцаў, у тым ліку я, — згадваў Аляксей Міхайлавіч. — Адзін з тых, хто падтрымаў мяне, быў Быкаў. Ён сказаў, што трэба трымацца і трэба пісаць на будучае. «Пакінулі вас на працы — і дзякуй богу, — гаварыў. — Сістэма не можа без таго, каб не пераследваць людзей. Гэта нармальная рэч ва ўмовах савецкай сістэмы. Пішыце. Усё стабілізуецца».
Васіль Уладзіміравіч не памыліўся — так яно ўрэшце й сталася. Аляксей Міхайлавіч не толькі застаўся працаваць ва ўніверсітэце, але пазней узначаліў кафедру беларускай культуры, якая была створана дзякуючы ў тым ліку яго намаганням...
Гродна, 2005 год. На прыступках Музея Максіма Багдановіча. Злева направа: Сяргей Шапран, Аляксей Пяткевіч, Рыгор Барадулін, Іна Анатольеўна Карпюк з дачкой Валянцінай; у другім шэрагу: Юрка Голуб, дырэктарка Музея М. Багдановіча Алена Гайко, Валерый Задаля. Фота Андрэя Палуды.
Гэткім чынам, годна пражываючы сваё жыццё, ён быў і застаецца адным з найвядомейшых гродзенскіх інтэлектуалаў. Невыпадкова Васіль Быкаў не толькі дзякаваў яму, але і называў аднадумцам і сябрам. «Галоўнаму нашаму крытыку і парадачнаму чалавеку» — гэтак падпісаў Пяткевічу Аляксей Карпюк адну са сваіх кніг. А Ларыса Геніюш узнёсла казала пра яго, як пра самага вартага і дарагога яе сэрцу беларуса. У сваю чаргу Рыгор Барадулін, называючы Аляксея Міхайлавіча «апорай нашай крэўнай культуры», пакінуў такі дарчы надпіс: «Роднаму й мудраму, трапяткому й мужнаму Аляксею М. Пяткевічу — дзякуй за ўсё гады ягонае апекі й спагады! Са схіленым чалом — Рыгор Барадулін». І напісаць так у народнага паэта былі свае падставы. Аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.