У вас была вялікая эпоха

На мінулым тыдні амерыканскі медыяхолдынг Hearst, які валодае часопісамі Esquire, Elle, Men’s Health, Harper’s Bazaar і Cosmopolitan, адклікаў ліцэнзію на іх выданне ў Расіі ў сувязі з вайной. Мяркуючы па ўсім, у перспектыве ўсе расійскія версіі гэтых выданняў чакае закрыццё.

Так, ужо з красавіка перастане выходзіць расійская версія Esquire. Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар часопіса Сяргей Мінаеў. Апошні нумар будзе цалкам прысвечаны асобе Эдуарда Лімонава. Атрымаецца вельмі сімвалічнае, але разам з тым і цынічнае, развітанне з чытачамі. Бо Эдуард Лімонаў належыць акурат да тых людзей, якія праграмавалі ўсё тое, што адбываецца цяпер яшчэ ў ранніх 90-х, калі Савецкі Саюз толькі-толькі распаўся.

Але ж давайце адкінем эмоцыі ды паспрабуем разабрацца з тым, кім жа быў насамрэч Эдуард Лімонаў і чаму яго так шануюць у суседняй краіне.


0. esquire-final.jpg

Юнацтва: сумнеўныя сябры, праблемы з міліцыяй, бяконцыя тусоўкі

Эдуард Савенка — а менавіта гэта сапраўднае прозьвішча пісьменніка, нарадзіўся 22 лютага 1943 года ў горадзе Дзяржынску Горкаўскай вобласці ў сям’і вайскоўца. З 1947 года сям’я пераехала ў Харкаў, дзе Лімонаў правёў сваё дзяцінства і юнацтва. А яно ў яго было даволі цяжкім: паваенныя часы, неўтаймаваны характар, сумнеўныя сябры, праблемы з міліцыяй.

1..jpg
Малады Эдуард Лімонаў у Харкаве, 1963 год

Ужо ў падлеткавым узросце Лімонаў пачынае цікавіцца літаратурай. Як і ўсе спрабуе сябе ў вершах. З 17 гадоў ідзе працаваць на завод. Мяняе рабочыя прафесіі, як пальчаткі. Але жыццё ў савецкай правінцыі, а Харкаў ён успрымае менавіта так, яго не радуе і ў 1967 годзе Лімонаў перабіраецца ў Маскву.

Аднак у герметычнай савецкай рэчаіснасці рэалізавацца маладому авангарднаму паэту, які не хоча складаць хваласпевы шчаслівым рабочым і калгасніцам, не атрымліваецца. Яго не друкуюць, у савецкай сталіцы даводзіцца літаральна выжываць, ніякіх рэалістычных перспектываў няма. Вершы свае Лімонаў распаўсюджвае саматужна, а на жыццё зарабляе пашывам нагавіцаў. Адзіная радаць — бясконцыя тусоўкі з тагачаснай культурніцкай элітай.

Сам Лімонаў не раз і не два казаў, што з савецкай уладай у яго ў першую чаргу «эстэтычныя разыходжанні». То бок яму зусім не падабалася тое, што адбывалася ўнутры краіны, найперш на культурніцкім полі. А вось у знешняй палітыцы ён сваю радзіму нібыта заўжды падтрымліваў. Пры гэтым яго нельга назваць антысаветчыкам або дысідэнтам, як іншых калегаў па цэху.

Герой свайго часу ў Нью-Ёрку

У 1974 годзе разам са сваёй другой жонкай, мадэлькай Аленай Шчапавай, ён выязджае на Захад. Спачатку ў Еўропу, у Рым, дзе маладая пара зімуе, а потым у ЗША. Там Лімонаў працуе ў эмігранцкай газеце, працягвае пісаць вершы, але ў хуткім часе расчароўваецца ў капіталістычным свеце. Бо, як высвятляецца, ніхто яго тут не чакае. І, як і ў Савецкім Саюзе, ягоная творчасць нікому асабліва нецікавая і непатрэбная. Плаціць за яе вялікія грошы ніхто не спяшаецца. А да ўсяго яшчэ і прыгажуня-жонка, якая прывыкла да камфортнага і заможнага жыцця, кідае яго ды сыходзіць у пошуках лепшай долі.

2..jpg
Эдзічка ў Нью-Ёрку, 1970-я

Лімонаў застаецца абсалютна адзін і, каб хаця б неяк падлекаваць сваю траўмаваную псіхіку, пачынае пісаць свой першы і самы вядомы раман «Гэта я — Эдзічка», які скончыць у 1976 годзе. Герой таго часу — гэта безпрацоўны эмігрант, маргінал, які жыве на вэлфэр у брудным гатэлі і перабіваецца выпадковымі заробкамі. Цэлымі днямі ён проста цёгаецца па Нью-Ёрку ў пошукаў прыгодаў і выпадковых знаёмстваў. Але разам з тым ён мае святую ўпэўненасць у тым, што ён — не проста асоба, але чалавек з вялікай літары, які варты лепшага існавання. На ягоным шляху сустракаюцца такія самыя небаракі, якім не пашанцавала ў жыцці.

Трэба думаць, што менавіта тады Лімонаў сфармаваў свой каронны метад у літаратуры — «яканне». Я — самы лепшы. Я — самы прыгожы. Я — самы няшчасны. Я — самы таленавіты. Я — самы самы. З кнігі ў кнігу ён будзе прымяняць менавіта яго, але ўжо з розных ракурсаў і не адыдзе ад яго самага свайго скону. З той толькі розніцай, што ў пачатку сваёй творчай кар’еры Лімонаў літаральна істэрыў у сваіх тэкстах, крычаў на ўвесь свет пра свае злыбеды, а ў канцы зямнога шляху стаў замкнёным назіральнікам рэчаіснасці.

Але мала кнігу напісаць — трэба яе яшчэ і выдаць. І з гэтым у пісьменніка-пачаткоўца зноўку ўзнікаюць праблемы, бо амерыканскія выдавецтвы адно за другім адмаўляюць яму. Прычына простая, як пяць цэнтаў — кніга занадта радыкальная нават для такой дэмакратычнай краіны, як ЗША. Ніхто не хоча праблемаў з цэнзурай. Бо ў дэбютным рамане процьма мату, суцэльныя праклёны, аднаполае каханне і іншчая нецэнзуршчына. Адным словам, перспектываў — нуль.

І тым не менш ён працягвае пісаць і пакрысе вяртацца да больш-менш нармальнага жыцця. Так з’яўляюцца на свет яго наступныя раманы «Гісторыя яго слугі» і «Дзённік няўдачніка», якія працягваюць лінію, запачаткаваную ў першай кнізе. Праўда, для справядлівасці варта адзначыць, што з часам Лімонаў перастаў жыць ужо такім зусім жабрацкім жыццём, як пісаў. Тут ён наўмысна згушчае фарбы ўласнага існавання, каб паказаць, які ён няшчасны на белым свеце.

Клашар ператвараецца ў моднага літаратара

Нягледзячы на ўсе захады, у Амерыцы літаратурнага поспеху ён так і не дабіўся. Але на дапамогу нечакана прыйшла Францыя, якая сама мела ўжо ва ўласнай літаратурнай абойме Луі-Фердынанда Селіна і дала прытулак у свой час такім вядомым амерыканскім пісьменнікам, як Эрнэст Хемінгуэй і Генры Мілер. І ў 1980-м годзе Лімонаў перабіраецца ў Парыж, дзе ўжо становіцца тым, кім мы яго ведаем. Паступова ён робіцца ўсё больш заўважным.

3..jpg
Эдуард Лімонаў у Парыжы, 1986 год

Адна за другой пачынаюць выходзіць яго кнігі, ён заводзіць знаёмствы ў культурніцкай эліце, а ў 1987 годзе нават атрымлівае французскае грамадзянства.

Можна сказаць, што менавіта гэтая краіна адыграла ключавую ролю ў ягонай літаратурнай кар’еры: Лімонаў з клашара, які рыецца на сметніках, ператвараецца ў моднага і запатрабаванага літаратара.

Менавіта ў часе пражывання ў Парыжы ён напіша ўсе тыя творы, якія гэтак палюбіліся чытачу. У тым ліку і знакамітую «харкаўскую» трылогію — кнігі «У нас была вялікая эпоха», «Падлетак Савенка» і «Малады нягоднік», якія будуць станоўча прынятыя крытыкай, а за іх аўтар атрымае салідны ганарар. Рэспектабельныя парыжскія выданні адно за другім не толькі будуць рабіць з ім інтэрв’ю, але і пачнуць прапаноўваць пісаць для іх. У гэты час ён пачне зарабляць на жыццё выключна літаратурай.

5..png
Эдуард Лімонаў у Парыжы, 1989 год. Фота: Gérard Gastaud

Лімонаў, пэўна, так і застаўся б французскім контркультурным інтэлектуалам, калі б на яго радзіме не пачаліся цэнтрабежныя тэндэнцыі. Спачатку пачалася Перабудова, якая да непазнавальнасці перафарматавала застойную савецкую сістэму, а потым знік з мапы свету і сам Савецкі Саюз. Гэтыя працэсы Лімонаў успрыняў, як ледзь не асабістую трагедыю і пачаў рашуча выступаць супраць і галоснасці, і дэмакратызацыі, і распаду СССР. Прычым, па іроніі лёсу менавіта гэтыя працэсы далі шанец самому Лімонаву на вяртанне. Ва ўсіх сэнсах.

Дзякуючы іншаму вядомаму пісьменніку Юліяну Сямёнаву ён наведвае спачатку Маскву, а потым і родны Харкаў у 1989 годзе. І слушна разумее, дзе заўтра будзе вяршыцца гісторыя — на прасторы былога сацлагеру. З іншага боку, заняпад нібыта магутнай савецкай сістэмы яго настолькі моцна ўражвае, што ён піша напраўду жахлівую кнігу «Іншаземец у смутны час».

Жыццё ў гарачых кропках

Пачатак 1990-х гадоў пісьменнік сустракае ў розных месцах, размяняўшы сытае парыжскае жыццё на гарачыя кропкі. Ён не памыліўся — сацыялістычны лагер і праўду пачынае распадацца. У 1991 годзе знікае Югаславія — адна за адной абвяшчаюць незалежнасць былыя рэспублікі. Сербы, як самы вялікі народ у былой СФРЮ, спрабуюць гэтага распаду не дапусціць. На Балканах пачынаюцца войны.

Лімонаў выпраўляецца туды, каб не толькі пісаць для французскіх выданняў пра тое, што там адбываецца, але і ўзяць у рукі зброю. Ён прымае бок сербаў, што аўтаматычна азначае для яго абструкцыю ў Францыі, якая падтрымлівае незалежнасць Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны. Разам з тым ягоныя кнігі пачынаюць выходзіць у Белградзе. Сербы радушна ўспрымаюць вядомага рускага пісьменніка, які вырашыў іх падтрымаць.

Лімонаў, схільны да эпатажных учынкаў, робіць чарговы выбрык. Страляе на камеру з кулямёта па ўзятым сербамі ў аблогу баснійскім Сараеве. Гэтыя кадры аблятаюць увесь свет. Ён, праўда, потым будзе аднеквацца, маўляў, страляў не па людзях, а проста ў паветра. Прыкладна тады і пачынае складацца ягоны радыкальна-негатыўны імідж. Яму, відавочна, даспадобы рабіць, што захочацца і заставацца на маргінэзе. Акрамя Балканаў, ён пабывае яшчэ на войнах у Прыднястроўі і Абхазіі.

Вяртане ў Расію і вірлівае палітычнае жыццё

Канчаткова вярнуўшыся ў Расію ў 1994 годзе, як дарэчы і Салжаніцын, Лімонаў актыўна ўключаецца ў вірлівае палітычнае жыццё. Да гэтага ён ужо падтрымаў у 1991 годзе ГКЧП, а ўвосень 1993 года стаў на бок прасавецкага Вярхоўнава Савета. І тут зноўку праяўляецца паталагічная цяга Лімонава да салідарнасці з аўтсайдэрамі.

У адрозненні ад іншых расійскіх рэваншыстаў, Эдуарда Лімонава можна смела назваць самым модным і самым паспяховым.

Яшчэ з часоў Перабудовы ягоныя кнігі разыходзяцца вялікімі накладамі, на Астанкіна яму ладзяць творчы вечар, малады Канстанцін Эрнст робіць пра яго асобную перадачу. Зрэшты, і сам Лімонаў істотна адрозніваецца ад сярэдняга «саўка»: ягоныя кнігі перапоўнены ненарматыўнай лексікай, смелымі сексуальнымі эксперыментамі і нетрывіяльным поглядам на, здавалася б, звыклыя рэчы. Гэта не ідзе ні ў якае параўнанне з поснымі мантрамі па сканаўшым СССР.

У тым самым 1994 годзе Эдуард Лімонаў разам з мысляром Аляксандрам Дугіным засноўваюць Нацыянал-бальшавісцкую партыю і пачынаюць рэкрутаваць у свае шэрагі пасіянарную моладзь, якая і складзе аснову арганізацыі. Рупарам партыі зробіцца газета «Лімонка», якая зноў жа, як і яе стваральнік, будзе якасна выдзяляцца на фоне іншых прасавецкіх або чарнасоценных выданняў. На яе старонках будуць пісаць пра авангарднае кіно і рэакцыйных мысляроў, лаяцца матам і расчытваць класіку, пісаць пра Джэка Керуака і Алістэра Кроўлі, Чарльза Мэнсана і Пола Пота.

6..jpg
Эдуард Лімонаў трымае ў руках “Лімонку”, 1994 год

Палітычна партыя будзе ці то права-левай, ці то лева-правай, як і яе стваральнік. Зрэшты, сам Лімонаў ніколі не быў зацятым адэптам хоць бы якой канкрэтнай ідэі.

Яго погляды — гэта пякельны мікс самых розных прынцыпаў, дзе нязменным заставаўся толькі адзін — рэвалюцыя і апазіцыя да існуючага ладу.

Сацыялізм, але не марксіскага толку. Нацыяналізм, але таксама з разынкаю для нашых шыротаў: паводле першай праграмы партыі, рускім можа лічыцца любы, хто лічыць рускую мову і культуру сваёй. Там жа яны абяцалі ліквідаваць і былыя савецкія, а цяпер ужо незалежныя рэспублікі ды сабраць іх у адно.

Не здзіва, што з такой каларытнай эстэтыкай да партыі далучалася моладзь. Бо НБП выглядала больш прывабнай за КПРФ Генадзя Зюганава або «Працоўную Расію» Віктара Анпілава, якія маглі хіба што мабілізаваць пенсіянераў на свае сумныя і нецікавыя акцыі. Месцам прыцягнення стаў «Бункер» — падвальнае памяшканне ў цэнтры Масквы, дзе збіраліся нацболы.

7..jpg
Эдуард Лімонаў у Бункеры, 1995 год

Папулярныя лозунгі НБП таго часу: «Расія — ўсё, астатняе — нішто!», «Завершым рэформы так: Сталін, Берыя, Гулаг», «Нашы МіГі сядуць у Рызе!», «Мы маньякі, мы дакажам!» і далей у гэтым жа стылі. У спадчыну ад Аляксандра Дугіна, які пакінуў партыю ў 1998 годзе, засталася паталагічная нянавісць да ўсяго заходняга і замілаванне еўразійствам.

Да пары да часу ні дзяржава, ні грамадства не ўспрымалі ўсур’ёз арганізацыю, разглядаючы яе як чарговы перформанс экстравагантнага пісьменніка.

Разам з тым Лімонаву ўдалося немажлівае — ён здолеў удыхнуць у старыя савецкія сімвалы новае жыццё і зацікавіць імі маладых людзей, хаця самаго яго цяжка назваць савецкім чалавекам.

Праўда, за гэтую цікавасць многім пасіянарыям з яго партыі давялося заплаціць вялікі кошт. За так званыя акцыі «прамога дзеяння» — прадуктовыя атакі на няўгодных чыноўнікаў, негвалтоўныя захопы адміністрацыйных будынкаў, разнастайныя іншыя эпатажныя выхадкі, нацболы ўсё часцей пачалі атрымліваць цалкам рэальныя турэмныя тэрміны. Шчыравалі яны не толькі ў Расіі, але і ў замежжы.

8..jpg
Акцыя нацболаў супраць адкрыцця першага Макдональдсу ў Санк-Пецярбургу, 1996 год

У 1999 годзе яня зладзілі ў Крыме антыўкраінскую акцыю, за што трапілі за краты. А ў 2001 годзе сам Лімонаў апынуўся ў турэмнай камеры ўжо за спробу арганізацыі ўзброенага паўстання ў Казахстане. Яму і паплечнікам, якія разам з ім трапілі на лаву падсудных, першапачаткова навесілі мноства цяжкіх артыкулаў з крымінальнага кодэксу, але ў выніку пакінулі толькі адзін — незаконнае захоўванне зброі. Пракурор запрошваў для Лімонава 14 гадоў зняволення, але ў выніку пісьменнік атрымаў 4, з якіх адседзеў толькі 2. За літаратара ўступілася грамадства.

Знаходзячыся за кратамі ён пісаў артыкулы і кнігі. У асноўным публіцыстыку ды эсэістыку. Галоўным ворагам для яго тады стала расійская дзяржава, якая і адправіла пісьменніка за краты. Тут яго пахіліла моцна ўлева, што адбілася ў тым ліку і на знешнім выглядзе. Лімонаў усё больш пачаў нагадваць іншага рэвалюцыянера — Льва Троцкага.

Па выхадзе з турмы ён зноў далучыўся да палітычнага жыцця. Разам з іншымі апазіцыйнымі палітыкамі таго часу ліберальных і дэмакратычных поглядаў стварыў кааліцыю «Другая Расія». Усе нулявыя прайшлі для яго пад знакам змагання з пануючай палітычнай сістэмай. У 2007 годзе ягонае дзецішча НБП была забаронена як экстрэмісцкая арганізацыя. У 2012 годзе балатаваўся на пасаду прэзідэнта Расіі.

Вядомы французскі пісьменнік Эмануэль Карэр піша ў 2011 годзе біяграфічны раман, які так і называецца — «Лімонаў». Кнігу перакладаюць болей чым на 20 моваў, яна добра прадаецца, а тагачасны прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі і наогул называе яе сваёй «настольнай кніга». Маўляў, калі хочаш зразумець сучасную Расію і рускіх, трэба чытаць менавіта яе. Была гаворка аб тым, што раман гэты варта экранізаваць. Атрымалася б добрая эпітафія яшчэ жывому пісьменніку...

12..jpg

Украінскі кантэкст

Спрабавалі ўпісаць Лімонава ў свой кантэкст і ўкраінцы.

Дзмітрый Гардон рабіў з ім двойчы працяглыя і даволі кампліментарныя гутаркі — у 2007 і ў 2013 годзе.

10..jpg
Эдуард Лімонаў і Дзмітрый Гардон, 2013 год

Тэлеканал СТБ у 2010 годзе зрабіў амаль гадзінны фільм у серыі «Мая праўда». Прычым журналісты не паленаваліся і праехаліся па «лімонаўскіх» месцах, а таксама пагутарылі з тымі, хто быў у свой час добра знаёмы з ім. Пісьменнік Міхаіл Загрэбельны напісаў невялічкую біяграфію Лімонава ў серыі «Знакамітыя украінцы».

Здаецца, яны і не думалі нават, што Эдуард Веніямінавіч піша ды кажа ўсё ўсур’ёз.

13..jpg

Нечаканы пераварот Лімонава

Абсалютна нечаканы пераварот Лімонава адбыўся ў 2013 годзе. Ён катэгарычна не прыняў падзеі ва Украіне і пачаў заклікаць да экзекуцыі над удзельнікамі Еўрамайдану. Пасля Крыму і з’яўлення непрызнаных рэспублік стаў на бок сепаратыстаў, а ягоныя былыя партыйцы пацягнуліся добраахвотнікамі на вайну. І гэта пры тым, што Украіна доўгі час была прытулкам для многіх нацболаў, якія ратаваліся ад пераследу. Ды і сам Лімонаў увесь час літаральна мроіў свабодай і рэвалюцыяй.

Недзе ў гэты час зноў актывізуецца ягоная літаратурная дзейнасць. Праўда, яна канчаткова губляе тое, за што яго многія любілі — сакавітасць. Ён, падобна прасавецкім рэваншыстам з пачатку 1990-х гадоў, паўтарае раз за разам посную мантру пра тое, што Украіну трэба падзяліць на некалькі частак. А следам за ёй і Казахстан. На дзіва для многіх, крамлёўскага правіцеля ён пачынае называць імператарам. Пасажы пра ўкраінцаў скатваюцца да шавінізму самага нізкага ўзроўню, які толькі можна сабе ўявіць. А адну са сваіх кніг ён так і назаве — «Кіеў капут».

Адбылося пераўтварэнне і ў статусным плане.

Лімонаў відавочна перастаў лічыць сябе «важдзём», але абвесціў «аяталам» рэвалюцыі. Вось толькі ад свабодалюбівых ягоных тэкстаў не засталося ўжо і сляда. Паціху выветрывалася з іх і контркультура. Ён усё больш рабіўся рэакцыйным мысляром. Пісаў, напрыклад, у адной са сваіх апошніх кніжак, што ні Макс, ні Фрэйд, ні Ніцшэ не мелі рацыі і безнадзейна састарэлі. Затое меў рацыю Томас Мальтус, які апублікаваў у 1798 годзе сваё знакамітае эсэ пра перанаселенасць. Лімонава ўсё больш пачала захапляць далёкая мінуўшчына і апакаліптычныя матывы, калі людзі пачнуць змагацца не за нейкія нібыта высокія ідэалы, але за элементарныя рэчы — ежу і ваду.

Паціху пачало адбывацца прызнанне ў сваёй краіне. У 2017 у серыі ЖЗЛ выйшла ягоная біяграфія, а ў 2019 годзе Дудзь зрабіў з ім знакамітую гутарку. Пра яго ўсё часцей пачалі згадваць, маўляў, меў рацыю даўным-даўно. Яго эсэ прачытаў нават Мікіта Міхалкоў, супраць якога ў свой час была скіравана адна з акцый «прамога дзеяння» маладых лімонаўцаў. Сам жа Лімонаў імкліва бранзавеў, а рыторыка яго і ягоных паплечнікаў з 1990-х гадоў усё часцей пачала гучаць з афіцыйных вуснаў. Як бы тая «Лімонка» дзіўным чынам займела статус «Правды».

11..jpg
Эдуард Лімонаў у Парыжы, 2019 год

Апошняя кніга Эдуарда Лімонава «Стары вандруе» была скончана за некалькі дзён да смерці. Гэта горкія развагі глыбока адзінокага чалавека, які перабірае сваё жыццё. У ей няма ўжо былога пафасу, толькі сум і самота па прамінулых часах. Лімонаў паўстае перад чытачом хворым сварлівым старым, якому нават ягоныя жанчыны здаюцца не такімі ўжо разумнымі і прыгожымі, як гэта было раней. Нечаканы фінал для, здавалася б, вечна маладога і бадзёрага Эдзічкі.

Памёр Лімонаў два гады таму, 17 сакавіка 2020 года, ад наступстваў анкалогіі.

Многія зараз пішуць, маўляў, «дзед бы адобрыў» і «быў бы вельмі рады». Але пытанне напраўду дыскусійнае. Хто яго ведае, што б мог насамрэч падумаць гэты манерны і вытанчаны чалавек. Бо адна справа мроіць пра вялікую імперыю ў сваіх кнігах, ды зусім іншая бачыць у руінах горад, дзе прайшлі маладыя гады.

Заўзяты Чытач, budzma.org

Меркаванне аўтара артыкула можа не супадаць з поглядам рэдакцыі.