Кар’ерная лесьвіца. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

Яна Вольская распавядае ў аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» гісторыю пра пабудову кар’еры і культурны абмен паміж братнімі народамі. Гісторыя, вядома, выдуманая, але натхнёная апошнімі кадравымі зменамі, якія адбыліся ў вядомым беларускім тэатры.

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

— Каміла Васільеўна, што ж нам ставіць у гэтым сэзоне? — узмаліўся галоўны мастак тэатра Браніслаў Фёдаравіч. 

— «Жаніцьбу Гогаля», — без хвіліннага роздуму адказала мастацкая кіраўніца Нямёдава.

Галоўны мастак схапіўся за галаву:

— Дзясяты сэзон запар! Жэнім, жэнім і аніяк пажаніць ня можам! 

— Я рабіў дыплёмную працу па Гогалі, — заўважыў Браніслаў Фёдаравіч. — А ўжо нават у мяне ён сядзіць у пячонках! 

— Тады, — наморшчыла высокі і прыгожы лоб Каміла Васільеўна. — «А зоры тут ціхія»? 

— Дык ужо ідзе на галоўнай сцэне, — уздыхнуў той. 

— Вось і правільна, — задаволена пахітала галавой Нямёдава. — Не стамлюся паўтараць простую ісьціну: маладое пакаленьне мусіць памятаць і шанаваць подзьвіг нашага народа. А яшчэ задумвацца пра сумленьне, пра выбар, які робіць чалавек на вайне. Гэтая пастаноўка можа ісьці і дзесяць, і дваццаць сэзонаў запар. Чаму? Таму што гэтыя сэнсы ніколі не састарэюць. Мы ўсе гэта бачым на ўласныя вочы. А ўва ўмовах нестабільнага сьвету...

Браніслаў Фёдаравіч паморшчыўся.

— Добра, добра! — дадала Каміла Васільеўна. — Давайце ўлучым «Дзядзечкаў сон» Дастаеўскага. 

Браніслаў Фёдаравіч закрыў твар рукамі. 

— Гэта клясыка! — павучальна і з інтанацыяй пракамэнтавала Нямёдава. 

Памаўчаўшы, яна працягнула: 

— Можна па-беларуску. 

— Па-беларуску?! — галоўны мастак не паверыў сваім вушам. 

Ён перапытаў шэптам: 

— А мы за гэта па шапцы не атрымаем? 

— А што тут такога? — парыравала мастацкая кіраўніца. — Трупа ў нас расейская. Рэжысэр таксама з Расейскай Фэдэрацыі. Можна сказаць, мы робім культурны абмен паміж братнімі народамі. 

— Ну ня ведаю, — завагаўся галоўны мастак. — Абы чаго ня выйшла. Па-расейску яно ўсё ж надзейней будзе. А то — Гогаль і па-беларуску! 

— Я дык за тое, каб творы на мове арыгіналу ставіліся, — дадаў ён. 

— А што нам ставіць у новым сэзоне? — спарадыравала яго мастацкая кіраўніца. — А так атрымліваем, лічы, новыя творы ад правераных і ўзгодненых аўтараў. Наконт добранадзейнасьці пераймацца ня трэба, наконт зьместу таксама. А праграма — новая.

Браніслаў Фёдаравіч унутрана пагадзіўся з гэтымі аргумэнтамі. Ён дык у тэатры за пяцьдзесят гадоў наглядзеўся ўсялякага, а мейсца сваё захаваў. У першую чаргу дзякуючы сваёй гнуткасьці, абачлівасьці і разумнасьці. Вось і цяпер ён палічыў за лепшае, каб рашэньні прымаліся ўпаўнаважанымі асобамі, а ягоная справа маленькая. 

Так у рэпэртуары з’явіліся пераклады па-беларуску твораў расейскай літаратуры, а неўзаважна да іх пакрысе адно за адным закраліся «Пісаравы імяніны», «Брама неўміручасьці», «Вечар» і нават «Паўлінка». 

Рэжысэр працаваў зацята, артысты зубрылі тэксты, публіка наведвала спэктаклі.

У пятніцу перад паказам Браніслаў Фёдаравіч зайшоў у буфет і пабачыў там дзіўную сцэну. 

Каміла Васільеўна стаяла за стойкай і разьлічвала рэжысэра зь іхняга тэатра. 

Галоўны мастак працёр вочы і падышоў бліжэй. 

— Добры вечар, — павіталася зь ім Нямёдава і адразу дадала: — Вось, Аляксей Паповіч цяпер будзе нашым мастацкім кіраўніком. 

— Як? — яшчэ больш зьдзівіўся Браніслаў Фёдаравіч. 

— У межах, так бы мовіць, культурнага абмену, — шматзначна дадала Каміла Васільеўна. 

— А вы? — слабым голасам запытаўся галоўны мастак. 

— А я цяпер тут, — гучна расьсьмяялася Нямёдава і выпіла чарку каньяку.