Спадар Жбанкоў выдатна заўважыў пра запалкі – мноства сапраўды цікавых беларускіх гуртоў гараць усяго 30-40 секунд. Той жа лёс спасціг у свой час і рок гурт Tav.Mauzer – магілёўцаў, якія змаглі. Сапраўды змаглі – яскрава, з сапраўдным пахам року ў нотах і душы. А потым… запалка перагарэла – засталіся толькі маленькія вугольчыкі. Дык давайце паспрабуем іх зноў падпаліць. Ненадоўга, секунд на 5, каб успомніць і пагрузіцца ў творчасць далёкіх нулявых-дзясятых. Беларусь будзе вольнай, таварыш Маўзэр!
Што за гурт?
Tav.Mauzer – магілёўскі рок-гурт, які існаваў па факце 8 гадоў (2002 – 2010). За сваё нядоўгае існаванне “Маўзэр” паспеў шмат разоў апынуцца ў цэнтры ўвагі, выйграць некалькі музычных прэмій і пакінуць невялікі, але нядрэнны стос якаснай музыкі і кліпаў. Фронтмэнам гурта быў Ян Маўзэр – цяперашні саліст гурта “Мама”. Але мы цяпер пра мінулае, а не сённяшняе.
Якая ў гурта гісторыя?
Гэта не такая вялікая гісторыя, як у Чэслава Немена – беларускія запалкі гараць бязлітасна хутка і ўспышкай. І пачатак гурта даволі кананічны для беларускай рэчаіснасці – з аскепкаў. Tav.Mauzer утварыўся на парэштках гурта “Равновесие”, якога разарвала ад унутраных супярэчнасцяў. Гэта адбылося ў далёкім 2002-м.
Новы гурт адыграў свой першы канцэрт у 2003 годзе, але папулярнасць прыйшла ажно праз два гады, дзякуючы выпадку. І імя гэтаму выпадку – Аляксандр Памідораў. Менавіта ён у 2005 патэлефанаваў Яну Маўзэру і сказаў, што яму спадабаліся песні з дэма-запісу. Тады ж Памідораў і зрабіў прапанову, якая потым падпаліла беларускую запалку, – запісаць бясплатна адну песню ў добрай польскай студыі, каб яна ўвайшла ў музычны зборнік разам з гігантамі тагачаснага беларускага року. Ну, і паралельна ён запрасіў Mauzer на Басовішча. Вядома, што гурт пагадзіўся. І з гэтай паездкі пачаўся іх трыумф. Басовішча-2005 – перамога. Рок-кола 2005 – перамога. Рок-каранацыя 2005 – прэмія “Дэбют года”. І вось Mauzer называюць лідарамі новай хвалі беларускага року.
Хэдлайнеры на вялікіх пляцоўках, дэбютны дыск, захопленыя ўскрыкі крытыкаў і фанатаў. Яшчэ адна Рок-карона (2006) як выканаўцу года і… Памятаеце пра запалку? Пачаліся ўнутраныя рознагалоссі ў гурце. Пачаліся сыходы ўдзельнікаў. Гурт крыху сцішыўся. На прэзентацыі іх апошняга альбому “PORNA” давялося іграць акустычна, бо шмат музыкаў сышло. І пасля гэтага канцэрта пачалі казаць аб развале гурта. Што і адбылося.
Толькі праз некалькі гадоў Ян Маўзэр аб’явіў аб стварэнні новага праекта “Мама”, але гэта зусім іншая стылістыка і музыка. У прынцыпе, на гэтым гісторыя чарговай беларускай запалкі са знакам якасці “40 секунд” скончылася. Але ж вуголле засталося – песні і кліпы, што гуляюць па сеціве ўсе гэтыя гады. Яны будуць заўсёды радыя, калі нехта з іх змахне пыл забытасці і зноў паслэміцца. Ужо не ў “Рэактары” ці іншай пляцоўцы, але хаця б дома, з сябрамі. Беларусь будзе вольнай, таварыш Маўзэр.
Музыка. Спадчына. Вуголле
Mauzer пакінуў нам усяго два дыскі:
- Радасць (2006)
- PORNA (2010)
А зараз давайце ўключым калонкі грамчэй, паклічам сяброў і атрымаем асалоду ад выдатнага гарачага року!
Асцярожна, прысутнічае ненарматыўная лексіка!
Альбом “Радасць” (2006)
Альбом “PORNA” (2010)
Відаць, атрымалася крыху падпаліць старое вуголле. Але ж лепш, калі агмень музыкі ніколі не згасае. Калі музыка жыве сваім жыццём, яе памятаюць і слухаюць, нягледзячы на тое, што час і жыццёвыя абставіны зрабілі з гуртом і яго ўдзельнікамі. Sex pistols, Nirvana, Queen слухаюць пакаленнямі, нягледзячы на тое, што гуртоў і часткі музыкаў ужо няма ў гэтым сусвеце. Калі такія вогнішчы будуць у Беларусі? Пакажа час. Пакуль што – толькі карабок беларускіх запалак.
Беларусь будзе вольнай, таварыш Маўзэр!
Багдан Сакалоў