«25 артэфактаў з калекцыі Музея Вольнай Беларусі» — першы беларускі музейны каталог, надрукаваны ў замежжы. Выданне суфінансавала мэрыя Варшавы. Карэспандэнтка Budzma.org Алена Ляшкевіч пагутарыла з дырэктаркай музея Наталляй Задзяркоўскай пра новую публікацыю, наведвальнікаў установы і самыя цікавыя экспанаты.
Вокладка каталога Музея Вольнай Беларусі ў разгорнутым выглядзе
— Як адбіралі музейныя прадметы, што трапілі ў каталог?
— Храналагічны ахоп — з 2020 г. па сённяшні дзень. Мы зрабілі чатыры раздзелы ў каталозе: «Надзея» (падзеі 2020 г.), «Ахвярнасць і гераізм» (датычыцца палітвязняў), «Салідарнасць з Украінай», «Супрацьстаянне» (тое, што працягваецца на сённяшні дзень). У кожны раздзел адабралі па некалькі экспанатаў. Тут ё і ўжо добра вядомыя артэфакты, кшталту сукенкі «бчб-нявесты» Іны Зайцавай, альбо сцяг з імёнамі палітвязняў, што зрабіла Марыя Грыц (ён, дарэчы, упрыгожыў вокладку каталога), і прадметы, пра якія мы дасюль мала казалі публічна.
Каталог Музея Вольнай Беларусі
— Якая мэта выдання і яго мэтавая аўдыторыя?
— Каталог — гэта візітоўка любога музея. Пагартаўшы яго, можна адразу зразумець профіль музейнага фонда, місію ўстановы. У нас гэта — нялёгкі шлях Беларусі да дэмакратычных пераўтварэнняў.
Выданне каталога для нас — гэта і магчымасць яшчэ раз нагадаць беларускую павестку, пра беларускіх палітвязняў. Тэксты ў ім на трох мовах — беларускай, англійскай і польскай. Мы раздаем публікацыю задарма, бо яна выдадзеная ў межах гранта ад мэрыі Варшавы. Даруем каталог і беларусам, і нашым замежным партнёрам. Частку перадалі і яшчэ плануем перадаць у амбасады еўрапейскіх краін у Польшчы, у арганізацыі, якія займаюцца культурай памяці: у Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці, у Нацыянальны інстытут музеяў. Агулам — у арганізацыі, якія падтрымліваюць беларусаў у іх дэмакратычных памкненнях. Таму і выдалі каталог на некалькіх мовах. Мы стараліся, каб ён быў рэпрэзентацыйны, меў падарункавы фармат.
Яшчэ выданнем каталога мы хацелі актывізаваць людзей, каб перадавалі ў музей рэчы.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
— Як людзям зразумець, што рэчы, якія яны захоўваюць на памяць, маюць музейнае значэнне? Напрыклад, проста чорная цішотка, у якой нехта хадзіў на пратэсты?
— Дома шмат хто захоўвае рэчы, што абуджаюць успаміны пра падзеі 2020 г. і пазней. Мы ўжо маем і прастору, каб захоўваць такія прадметы, і спецыялістаў, якія могуць іх прыняць, апісаць. Мы можам іх выкарыстоўваць на сталай і часовых выставах, уключаць у каталогі. Таму заклікаем прыносіць свае рэчы ў музей.
Кожная рэч цікавая сваёй гісторыяй. Распавяду пра гісторыю цішоткі з надпісам «ЯМы купалаўцы» ў нашай экспазіцыі. Мы сябруем з купалаўцамі і звярнуліся да іх, каб прынеслі нам якую-небудзь памятную рэч, бо трупа адыграла важную ролю падчас пратэстаў. А яны кажуць: «Ды ў нас нічога няма, нічога не засталося». А я ўзгадала пра цішоткі з надпісам «ЯМы купалаўцы», бо такую мае Павел Латушка. Спытала актора Сяргея Чуба, мо захавалася такая цішотка. А ён кажа: «Ну, захавалася». Я яму тлумачу, што гэта прадмет музейнага значэння, рэя, у якой яны хадзілі на пратэсты, якая сама пра сябе расказвае. А ён кажа: «Дык яна ж не новая». Сапраўды, шмат людзей недаацэньваюць каштоўнасць такіх рэчаў. Таму мы і тлумачым, у тым ліку шляхам выдання каталога.
Бывае наадварот, што чалавек разумее каштоўнасць рэчы, яна яму дарагая як памяць, і ён не хоча яе аддаваць нам у фонды назаўсёды. Тады мы разглядаем варыянт часовага захоўвання, дэманстрацыі на часовых выставах. Малюнкі, лісты мы скануем, капіюем лічбавыя фотаздымкі.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
— У галоўнай залі ў вас часовыя выставы, а сталая — нібы ў іх ценю. Чаму так?
— Мы адразу вырашылі не аддаваць галоўную залу пад сталую экспазіцыю, а рабіць там часовыя выставы, бо гэта памяшканне запатрабавана таксама пад разнастайныя імпрэзы, на якія прыходзіць шмат людзей. Таму сталая экспазіцыя пакуль — у малым пакойчыку.
Наталля Задзяркоўская. Фота: Polskie Radio
— На якія музейныя прадметы наведвальнікі звяртаюць увагу ў першую чаргу?
— Для мяне самыя дарагія наведвальнікі, якія вельмі эмацыйна рэагуюць, — гэта беларусы, якія жывуць у Беларусі, а сюды прыязджаюць да родных ці сяброў. Яны ўжо доўга не бачаць бел-чырвона-белага сцяга, і калі прыходзяць у музей, то бываюць нават слёзы. Яны вельмі ўдзячныя, часам расказваюць свае гісторыі. Дзяўчаты любяць фатаграфавацца з сукенкай бел-чырвона-белай нявесты. Шчырыя эмоцыі вельмі матывуюць нас, супрацоўнікаў музея.
Каталог Музея Вольнай Беларусі
Музей Вольнай Беларусі адкрыўся ў Варшаве па адрасе Foksal, 11 у ліпені 2022 г. Установа працуе з аўторка да пятніцы з 16.00 да 20.00, у суботу і нядзелю з 12.00 да 20.00. Дырэктарка музея Наталля Задзяркоўская падкрэслівае, што гэта час, калі можна наведаць выставы. Па пытаннях перадачы рэчаў можна звяртацца з самай раніцы.
Фота аўтаркі, калі не пазначана іншае
Алена Ляшкевіч, budzma.org