Кінакрытык Тарас Тарналіцкі напісаў рэцэнзію на фільм «Белы слімак» рэжысёраў Эльзы Крэмзер і Левіна Пітэра. Год таму стужка атрымала ў швейцарскім Лакарна спецыяльны прыз журы і адзнаку за лепшы акторскі перформанс.
Фільм можна бясплатна паглядзець 26 жніўня ў Варшаве падчас летніх паказаў фільмаў «Пад агульным небам».
Кадр з фільма. Фота: locarnofestival
Загадкавая беласкурая бландзінка, нібы Беласнежка з казкі, мірна ляжыць на ложку. Спачатку падаецца, што яна салодка спіць, калі б не вялікі поліэтыленавы пакет, што шамаціць на яе галаве.
Так чарговы раз спрабуе скончыць свае адносіны з жыццём Марыя (Марыя Імбро) — пачынаючая мадэлька з Мінска, якую чакае новы кантракт у Кітаі, а ў Польшчы — бацька, які эміграваў туды з Беларусі.
Нябачная клінічная дэпрэсія, адзінота і думкі аб самагубстве нечаканым чынам падштурхоўваюць дзяўчыну да сяброўства з Мішам (Міхаіл Сянькоў) — дзіўнаватым татуяваным патолагаанатамам, які ў вольны ад аўтапсіі памерлых час стварае брутальныя карціны з разабранымі целамі людзей і жывёлаў. Агульны інтарэс да цялеснасці і смерці нечаканым чынам наладжвае кантакт паміж маладзёнамі.
Ці то апошняя дыктатура ў Еўропе. Ці то памежная прастора, дзе цывілізацыя сутыкаецца з прыроднай хтонню. Для дапытлівых еўрапейскіх кінематаграфістаў Беларусь дагэтуль застаецца таямнічым месцам, неспасцігнутай terra incognita, якую кожны з іх спрабуе разгадаць на ўласны лад. І, нягледзячы на складаны знешнепалітычны кантэкст, такіх спробаў апошнім часам становіцца ўсё болей.
У 2019 годзе свой поўнаметражны дэбют немец Лотар Херцаг прысвяціў Чарнобыльскай аварыі, зняўшы ў Беларусі драму «1986», якую паказалі на перадапошнім да гвалтоўнай змены дырэкцыі «Лістападзе». Праз чатыры гады пра сваё знаёмства з краінай узгадаў і італьянец Джакама Абруцэзе, зрабіўшы галоўнага героя сваёй трансцэдэнтальнай стужкі «Дыска бой» беларускім эмігрантам, жадаючым служыць у Французскім замежным легіёне.
Сапраўдным прысвячэннем Беларусі можна лічыць і «Белага слімака», які атрымаў год таму ў швейцарскім Лакарна спецыяльны прыз журы і адзнаку за лепшы акторскі перформанс. Зняў яго аўстра-нямецкі дуэт Эльзы Крэмзер і Левіна Пітэра, якія паспрабавалі намацаць формы і прапорцыі загадкавай беларускай душы праз гісторыю дзіўнаватых адносінаў двух аўтсайдараў.
Сімвалічна, што ў з’яўленні праекта вызначальную ролю зноў адыграў фестываль «Лістапад». Як сцвярджае ў падкасце «Кінатэатр Беларусь» аператар фільма Міхаіл Хурсевіч, ідэя «Слімака» з’явілася ў Крэмзер падчас наведвання са сваёй студэнцкай працай мінскага фестывалю ў 2014 годзе. Кінематаграфістку пазнаёмілі з мастаком Міхаілам Сяньковым, які звадзіў рэжысёрку на сваю працу ў сапраўдны морг.
Знаёмства з макабрычнай творчасцю А.Р.Ч., які працуе ў жорсткай эстэтыцы мёртвага і жывога, сапраўды атрымалася лёсавызначальным для рэжысёркі, калі амаль праз дзесяць гадоў фільм усё ж паўстаў. Крэмзер і Пітэр здымалі яго ў адпрацаваным на іншых праектах («Касмічныя сабакі», «Сабакі, якія сняцца») дакументальным стылі — у натуральным асяроддзі, з рухомай камерай, пункцірна напісаным сцэнаром, з разлікам на доўгія дублі і імправізацыйныя здольнасці актораў.
Усё гэта ператварае «Белага слімака» ў магічны постдок — ігравое кіно, знятае так блізка да мяжы рэчаіснасці, што ў пэўным момант губляеш разуменне, дзе тут аўтарская фантазія, а дзе сапраўднае жыццё. Асабліва моцна гэтая размытасць падыходу ўздзейнічае на беларускіх гледачоў, знаёмых з сучасным траўматычным кантэкстам краіны.
Фільм здымаўся у Мінску ў часы палітычных рэпрэсій і ператворанай у руціну поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі магчымасць здымаць у Беларусі засталася толькі праз атрыманне дазволу ў рэжымных ідэолагаў. Гэта робіць стужку не проста мастацкім творам, а ўнікальным аскепкам эпохі, зафіксавалым атмасферу пачварнага псіхалагічнага ціску ўнутры краіны.
Пры гэтым само кіно застаецца фактычна апалітычным, сфакусаваным на ўнутраных перажываннях герояў. Псіхалагічнае напружанне кадра, якое раз-пораз прарываецца ў якасці трывожных абрыўкаў навінаў пра мігрантаў на мяжы і супрацу сілавікоў Беларусі і Кітая, тут адлюстроўвае эмацыйны стан Марыі. Дзяўчына апынулася ў разарваным канфліктам грамадстве, у разарванай эміграцыяй сям’і і з адзінай перспектывай — з’ехаць у чужую краіну за працай і кар’ернымі перспектывамі.
Дакументальная фактура дазваляе аўтарам шмат выкарыстоўваць метафарычнасць. Вялікія вуліцы і праспекты сталіцы, бязмерна шырокія і такія ж пустэльныя, асабліва ноччу, на якіх большасць часу блукае галоўная гераіня, толькі падкрэсліваюць яе ўнутраную згубленасць і адзіноту.
Тое ж тычыцца супрацьпастаўлення працы патолагаанатама і мадэльнага бізнесу — чалавечае цела, мёртвае і жывое, становіцца мастом сувязі ў трывожным і дэзарыентаваным жыцці.
Стаўка на імправізацыю не заўсёды грае аўтарам у плюс. Манатонныя, амаль што механічныя маналогі Марыі і Мішы, большасць часу пазбаўленыя сапраўдных эмоцый і інтанацыяй разбураюць крохкую ілюзію непадробленасці гісторыі.
Ды і трывіяльнасць галоўнага месэджу пра тое, што чалавеку патрэбен чалавек, не моцна чапляе. «Белы слімак» чарговы раз нагадвае пра прапісныя ісціны жыцця ў часы, калі жыццё падобнае на смерць, а смерць ужо не здольная настолькі напужаць, як гэта падавалася яшчэ зусім нядаўна. Зрэшты, прапанаванай мастацкай тэрапіі ніколі не бывае зашмат, а кагосьці яна можа сапраўды ўратаваць ад катастрафічных думак і небяспечных паводзінаў.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org