Дзіма Білан ці «Крамбамбуля»?

20.08.2026
Летам па ўсім свеце ладзіцца безліч разнастайных фестываляў. А што ў Беларусі? Лявон Вольскі прыгадвае, як гурт «Крамбамбуля» калісьці граў на беларускіх фэстах, і разважае пра тое, што зараз адбываецца ў музычнай сферы, і хто замяніў беларускіх артыстаў.

Гісторыя беларускіх фестываляў на прыкладзе аднаго гурта

Лета — час фэстываляў. Па ўсім сьвеце ставяць сцэны, запальваюць LED-экраны, мантажуюць апаратуру і — наперад! У гарадзкіх раёнах, на прыродзе, сярод маляўнічых краявідаў, у мястэчках і вёсках — паўсюль грукацяць і палаюць на размаітыя колеры ўсялякія шоў. Выступаюць артысты — ад мяйсцовага да сусьветнага рэйтынгу — і натоўп радасна танчыць і падпявае. Гэта ж лета! Так і мусіць быць.

Калісьці ў Беларусі для гурту «Крамбамбуля» лета было расьпісанае па днях: сёньня ты граеш у Лідзе на байк-фэсьце, заўтра — на дні гораду ў Маладэчні, праз два дні — на фэстывалі «Сьвята сонца», на наступныя выходныя — на буйным карпаратыве ў Якутах — і так усе тры гарачыя летнія месяцы. 

З таго часу шмат што зьмянілася. «Крамбамбулю» надоўга забаранілі, потым прыйшла чарговая адліга, і зноў замільгацелі летнія фэстывальныя сцэны, зрэшты, ужо ня так інтэнсыўна, як раней, бо некаторыя арганізатары баяліся зьвязвацца з апальным гуртом. 

Але ўсё адно — «Купальскае кола», «Сьвята сонца», LIDBEER (у год нашага выступу — 2017 — там было пад сто тысячаў гледачоў!), фэсты «Хмяльноў», «Дзень танкіста» ў Парку Перамогі, дзе, апроч нас, выступалі знакамітыя ВВ ды Offspring, «Наш дзень» у Строчыцах, «Навальніца» ў Лагойску, «Ракаўскі фэст», «Камяніца»... Зрэшты, усе й не пералічыш.

Liavon Voĺski
Лявон Вольскі на сцэне фэсту «Камяніца», 2010 г.

На ўсіх гэтых канцэртах мы перакрыжоўваліся зь іншымі беларускімі выканаўцамі — з Irdorath, «Пятлёй Прыхільнасьці», Brutto, «J-Moрс»...

Апошнія з тых фэстываляў адгрымелі ўлетку 2019-га. Наступным годам была пандэмія, а потым — выбары і рэпрэсіі, а яшчэ потым — усё зьмянілася да непазнавальнасьці...

Расейскія артысты на беларускіх фэстах

Арганізатары LIDBEER напачатку паведамілі, што фэст у гэтым годзе праводзіцца ня будзе паводле не залежных ад іх, арганізатараў, абставінаў, але потым усё ж абвясьцілі, што акцыя адбудзецца. У гэтым годзе хэдлайнэры фэсту — Сяргей Бабунец, артыст зь Екацярынбургу, вядомы сваёй нязьменнай, паказальнай падтрымкай вайны супраць Украіны, і MakSim — сьпявачка з Казані, здаецца, даволі ў нас вядомая, бо ў нас звыкла любяць усё расейскае (мне цяжка меркаваць, бо я амаль не знаёмы з творчасьцю гэтае артысткі).

На фэстывалі Viva Braslav (яму, дарэчы, ужо пятнаццаць гадоў, раней пазыцыянаваўся як фэст электроннае музыкі) хэдлайнэры — Ваня Дзьмітрыенка (не знаёмы мне расейскі артыст, але, гледзячы па сацыяльных сетках, папулярны ў дзяўчынак старэйшага школьнага ўзросту) і Дзіма Білан. Камэнтары залішнія.

На сьвятах беларускіх гарадоў выступаюць маладыя зоркі расейскае эстрады разам са старымі, праверанымі й загартаванымі, тыпу Алега Газманава, ня надта сьвежага, але палымянага прапагандыста вайны, нянавісьці й гвалту...


Kancert Alieha Hazmanava
Канцэрт Алега Газманава, Мінск, 9 мая 2026 г. Крыніца: belta.by

І — нічога. Людзі зьяжджаюцца, зьбіраюцца, танчаць ды падпяваюць: «Афіцэры, расіяне...» і іншыя пярліны замежных, але такіх блізкіх душы й сэрцу выканаўцаў. Людзі абмяркоўваюць у сацсетках якасьць выступу расейскага рэпэра МОТа ў Менску і запальнасьць Вані Дзьмітрыенкі...

Усплываюць дзясяткі імёнаў і прозьвішчаў расейскіх выканаўцаў, якія набылі папулярнасьць за апошнія шэсьць гадоў. Шэсьць гадоў, цягам якіх РБ-шныя начальнікі радасна выкошвалі ўсё беларускае — чытай — «чужое, няправільнае, ня нашае, не ўласьцівае нашым каштоўнасьцям і патэнцыйна варожае».

Скасавалі шмат летніх фэстываляў, якія, відаць, падаліся ўладам «падазронымі» — няма ўжо «Сьвята сонца», «Купальскага кола», «Ракаўскага фэсту», «Камяніцы» і шмат якіх іншых яскравых падзеяў.

Maliunak Liavona Voĺskaha
Сёлета хэдлайнеры беларускіх фэстаў — расейскія зоркі. Малюнак Лявона Вольскага

Беларускія зоркі выступаюць паўсюль, апроч Беларусі

За гэты час Irdorath адседзелі немалы тэрмін у турме і зьехалі за мяжу.

Brutto вярнулася да першапачатковага «Ляпіса Трубяцкога» зь нязьменным лідэрам і новым складам музыкаў. Граюць канцэртовыя туры па Эўропе і Амэрыцы. Сяргею Міхалку на радзіме завочна прысудзілі чатыры гады зьняволеньня.

«Пятля Прыхільнасьці» ад’езьдзіла некалькі пасьпяховых тураў па замежжы і скончыла на ўздыме сваё існаваньне. Так сталася, што чальцы гурту жывуць ня проста ў розных краінах — у розных вымярэньнях, бо РБ і расейская імпэрыя — гэта адзін сьвет, вельмі спэцыфічны, а астатняя Эўропа — зусім іншы. Спалучыць гэтыя розныя вымярэньні і раней, да 2020-га, было вельмі цяжка, а цяпер — амаль немагчыма.

«J-Moрс» таксама граюць паўсюль, апроч Беларусі.

«Крамбамбуля» летась аднавіла сваю дзейнасьць, але ў РБ, пакуль будзе працягвацца цяперашняя сытуацыя, не зайграе. На мяне заведзеная крымінальная справа (ці адна?), пачакаем завочнага суду: ці будзе ягоны вынік такі, як у Міхалка — чатыры гады, ці большы? Хацелася б, натуральна, абысьці Сяргея ў гэтай крымінальнай гонцы.

У Эўропе і Злучаных Штатах за гэтыя гады стварылася сетка сваіх беларускіх фэстываляў — «Тутака», «Варушняк», «Летуцень», «Мюнхеншчына», «Дранік-фэст», GRAJ... Чамусьці там абыходзяцца без удзелу Газманава і Білана.

Дзіўна. Чаму?

Лявон Вольскі, Budzma.org

P.S. Нягледзячы на забароны, межы і чорныя спісы, "Крамбамбулю" ўсё ж такі можна пачуць. Як раз сёння гурт зайграе анлайн-канцэрт на ютуб-канале Сепультура Alive. Гэта будзе сапраўдны ўсебеларускі карпаратыў, на які можна трапіць з любога куточку планеты.

20 жніўня ў 20:00 па менскім часе. Далучайцеся па спасылцы.

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org