У Гродне вярнулі помнік Чапаеву, які быў дэмантаваны пару год таму. Праўда, пераставілі ў іншае месца — бліжэй да бюста Шчорса і казармаў унутраных войскаў. Побач паставілі сметніцу ў выглядзе гарматы, а яшчэ — металічную будзёнаўку, вельмі падобную на попельніцу.
Адно з нешматлікіх фота рэальнага Чапаева
Як так атрымалася, што Чапаеў стаяў, потым знік, а зараз вярнуўся?
Бюст дастаўся гораду яшчэ ў брэжнеўскія часы ад аднаго з будкамбінатаў: далі ў нагрузку разам з будаўнічымі матэрыяламі. Бюст паставілі на пастамент на вуліцы Чапаева — усё паводле савецкага фэн-шую.
Пазней, ужо ў часы незалежнасці, вуліцу перайменавалі ў гонар паэта-КПЗБоўца Міхася Васілька. Чапаеў стаў крыху недарэчным. Помнік не карыстаўся папулярнасцю: зрэдку ля яго з’яўляліся вянкі ад... мардоўскай дыяспары — Чапаеў па паходжанні мардвін.
У адносна ліберальныя гады «бязвізу» і «мяккай беларусізацыі» Чапаева прыбралі па просьбах мясцовых блогераў і журналістаў — рэдкі для Беларусі выпадак. Ужо тады кейс мільгаў у расійскай прэсе, а жанчына, якая прадставілася праўнучкай атамана, запісала зварот да Лукашэнкі, маўляў, аддайце бюст у Саратаў, калі вам без патрэбы.
Пазней уладу ў горадзе і вобласці атрымалі новапрызначаныя Лукашэнкам Уладзімір Каранік (губернатар) і Юрый Караеў (памочнік прэзідэнта). Верагодна, не без іх удзелу тэма помніка актуалізавалася — яго зноў «вярнулі гораду». Цікава іншае: наўрад ці ініцыятары вяртання самі зразумелі, наколькі сімвалічным стаў гэты жэст...
Харошы чырвоны камандзір — мёртвы чырвоны камандзір
Чаму сімвалічны? Бо асоба Чапаева — гэта ці не найлепшы прыклад савецкіх містыфікацыяў і гульняў у гісторыю. Кейс, калі вобраз рэальнага чалавека перарастае ў паўрэлігійны культ з усімі неабходнымі атрыбутамі. Чапаеў — гэта савецкі святы-пакутнік, які пасля смерці прататыпа пачаў новае цікавае жыццё.
Рэальнаму Васілю Іванавічу пашчасціла: ён не дажыў да эпохі сталінізму. Своечасова загінуў. Большасці выжылых камандзіраў часоў Грамадзянскай вайны, накшталт Якіра і Тухачэўскага, пасля «прыляцела» ад таварыша Сталіна ў 1930-я. Акурат насуперак ім, тым камандзірам, Сталіну і спатрэбіўся культ мёртвых: Чапаева, Шчорса, Фрунзэ, Лазо. Харошы чырвоны камандзір — мёртвы чырвоны камандзір.
Яшчэ Чапаеву пашчасціла з палітруком — Фурманавым. І не толькі таму, што з жонкай Фурманава (той самай Анкай) можна было весела бавіць час, але і таму, што палітрук апынуўся пісучым. З яго рамана «Чапаев» і пачалося пераўвасабленне камандзіра ў святога. Пікам стаў выхад у 1934-м аднайменнага фільма, які вельмі спадабаўся Сталіну.
Кадр з фільма «Чапаеў»
Чапаеў. Эвалюцыя (цясляр, герой анекдотаў, прарок будызму)
Конь, бурка, шашка, «святая прастата» ды інтуіцыя Чапаева — усё гэта купляла гледача. І зусім не важна, што рэальны Чапаеў больш спецыялізаваўся па матацыклах і бронецягніках — конь быў больш зразумелы простаму чалавеку.
Была нават версія, што вобраз Чапаева для кіно быў спісаны... з Балаховіча. Той сапраўды жыў тэмай кавалерыі, партызанскіх рэйдаў па тылах і быў нават знешне нечым падобны да Васіля Іванавіча.
Цікава, што калі ў кіно паказвалі «Чапаева», то падчас сцэны, калі камандзір пераплывае Урал, людзі ўскоквалі з крэслаў з крыкамі: «Не здавайся!». Гледачы хацелі, каб Чапаеў жыў. Голас народу быў пачуты. У 1941-м быў нават зняты ролік «Чапаеў з намі», у якім той... усё ж пераплывае Урал і вітаецца з чырвонаармейцамі: «Чо у вас тут, опять немцы полезли? Врешь, не возьмешь!»
Кадр з фільма «Чапаеў»
Але мая любімая гісторыя — цалкам рэлігійная, містычная. Паводле яе, сярод ветэранаў-чапаеўцаў хадзіла легенда, што камандзір усё ж выплыў, быў уратаваны казахамі, перахварэў тыфам і... згубіў памяць. Пасля працаваў цесляром недзе ў Казахстане, нічога не ведаючы пра сваё гераічнае мінулае. Гэта класічны міфалагічны сюжэт пра ўладара, які знік ці забыўся пра сваё царства, але вернецца ў крытычны момант.
Эвалюцыя чапаеўскай міфалогіі апынулася трагікамічнай. Васіль Іванавіч, Пецька і Анка сталі героямі анекдотаў, у тым ліку 18+. Па меры раскладання на малекулы савецкага рэлігійнага культу, колішнія святыя пераўтварыліся ў блазнаў. Зрэшты, у Расіі-Масковіі святыя і юродзівыя вельмі часта ходзяць тымі самымі сцежкамі.
Ну і фінал, урэшце, гэта «Чапаеў і пустэча» Пялевіна. Перанясенне героя ў пазачасовыя і пазагеаграфічныя межы. У паралельны сусвет. Гэта апошні цвік у невядомую магілу рэальнага Чапаева або — яго ўзнясенне. У пустку, у дзэн, дзе няма ані ягоных ворагаў, ані сяброў, ані яго самога.
P. S.
Кейс Чапаева цікавы тым, што гісторыя эвалюцыі яго культу нашмат цікавейшая за гісторыю самога камандзіра. Чапаеў-святы больш прыцягальны за Чапаева-атамана. У гэтым кантэксце і вяртанне помніка чытаецца па іншаму: гэта напамін не столькі пра «гераічныя старонкі барацьбы...», колькі пра квазірэлігійнасць савецкай дзяржавы, якая на ўвесь свет трубіла пра свой атэізм, але апынулася суцэльным міфам.
Алесь Кіркевіч, budzma.org