Занядбаная краса: неадрэстаўраваныя будынкі Беларусі, якія варта пабачыць кожнаму

Сотні сядзібаў і палацаў у Беларусі патрабуюць рэстаўрацыі. Гэтыя занядбаныя будынкі — наш «беларускі Парфенон», які захоўвае дух шляхецкай вольнасці, інтрыг і высокай культуры. Прапануем вам маршрут па неадрэстаўраваных, але вельмі атмасферных месцах Беларусі.

Сядзіба Талстых у Грудзінаўцы: беласнежны прывід Магілёўшчыны (Магілёўская вобласць)

Палац у Грудзінаўцы быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя для графа Дзмітрыя Талстога (губернатара Магілёва). Маёнтак Талстой атрымаў пры раздачы беларускіх уладанняў ад Кацярыны II і ператварыў Грудзінаўку ў квітнеючую фамільную сядзібу. Палац стаў гэткім культурным цэнтрам рэгіёна, дзе гаспадары ладзілі імпрэзы і сустрэчы. Пахаваны Дзмітрый Талстой быў у Грудзінаўскай царкве ў 1832 г.

09-palac.jpgПалац Талстых у нашыя дні. Фоты: bel.wikipedia.org

Апошняй уладальніцай Грудзінаўкі была графіня Аляксандра Талстая. Каля Грудзінаўкі ў 1899 г. на ўласныя сродкі яна пабудавала Рыжкоўскую лякарню, якая захавалася да нашых дзён. У шпіталі працавалі найлепшыя на той час лекары Магілёўшчыны. Графіня аплачвала працу медычнага персаналу з уласных сродкаў, штогод прыязджала ў маёнтак і наведвала ўстанову разам са сваімі дочкамі. Таксама ў маёнтку працавала і палатняная фабрыка.

Падчас Другую сусветнай вайны будынак сядзібы прыстасавалі пад шпіталь. Пасля вайны тут знаходзіліся сярэдняя школа, дзіцячы дом, санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на рэўматызм.

10-palac.JPG Палац Талстых у нашыя дні. Фоты: bel.wikipedia.org

Будынак сядзібы ўяўляе сабой невялікі двухпавярховы палац з купалам, калонамі, параднымі сходамі і адкрытай тэрасай з відам на парк. Да двухпавярховага будынка прымыкаюць дзве аднапавярховыя прыбудовы. Палац выглядае вельмі эстэтычна нават цяпер, калі тынкоўка на ім абсыпаецца.

11-park.jpgПарк у Грудзінаўцы. Фота з Вікіпедыі

Вакол палаца разбіты ангельскі парк, дзе да гэтага часу растуць экзатычныя расліны. Найвядомейшае дрэва — гіганцкі сібірскі кедр, якому больш за 100 гадоў.

Сёння палац у Грудзінаўцы — гэта велічная руіна. Унутры яшчэ можна пабачыць рэшткі парадных лесвіц, але скляпенні знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане.

15-znutry.jpg Закінутыя памяшканні палаца. Фота з Вікіпедыі

Мясцовыя ўлады і валанцёры перыядычна ладзяць там талаку, але на капітальную рэстаўрацыю хіба яшчэ доўга чакаць.

Сядзіба Катлубаяў у Ястрамбелі: архітэктурны сюррэалізм (Брэсцкая вобласць)

Калі вы ўбачыце гэты палац упершыню, у вас можа ўзнікнуць пытанне наконт ягонага стылю і часу стварэння. Гэта не класіцызм, не готыка і нават не зусім барока. Сядзібны дом, пабудаваны ў 1897 годзе Эдвардам Катлубаем, — гэта ўнікальны прыклад эклектыкі, дзе змяшалася ўсё самае лепшае (і самае дзіўнае) з розных стыляў.

16-siadziba.jpg
 Сядзіба Катлубаяў, выгляд зверху. Фота: poshyk.info

У пачатку XIX стагоддзя тутэйшая сядзіба стала спадчынным гняздом Катлубаяў, род якіх мае татарскае паходжанне. Частковая заслуга ў будаўніцтве гэтага сядзібнага дома належыць аднаму з сыноў першага ўладальніка Міхала Катлубая — Эдварду Катлубаю, маладому і таленавітаму інжынеру, які атрымаў найлепшую на той момант тэхнічную адукацыю. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў у Катлубаяў быў канфіскаваны адзін з маёнткаў у Троцкім павеце. Пасля Эдварда палацам валодаў яго сын Генрык, удзельнік расійска-турэцкай вайны, вядомы вайсковы лекар. Апошнім уласнікам палаца стаў Зыгмунт Катлубай (1885–1940).

Менавіта ідэі інжынера Эдварда Катлубая былі ўзятыя за аснову праекта будаўніцтва фамільнага дома і планіроўкі паркавага ўчастка вакол будынка. Аднак, паводле крыніцаў, тая сядзіба якую можна ўбачыць сёння, будавалася ўжо ягоным сынам Генрыхам і датуецца 1897 годам.

Архітэктура сядзібы ў Ястрамбелі нібыта наўмысна знішчае сіметрыю — усё вельмі незвычайна і загадкава. У выніку выйшаў арыгінальны і адзін з самых нетыповых маёнткаў таго часу.

17-siadziba.jpg
 Палац Катлубаяў. Фота: poshyk.info

Аснова кампазіцыі — гэта двухпавярховы будынак сядзібы, да якога далучаецца яшчэ некалькі разнапланавых прастораў. Галоўная цікавінка будынка — чатырох’ярусная вежа, завершаная высокім шатровым дахам. Яна надае палацу выгляд сярэднявечнага замка.

У доме было 18 пакояў, якія былі багата аздоблены ляпнінай, сцены пакрывалі фрэскі паводле матываў антычнай гісторыі, а падлогі высланы паркетам. Усе гэтыя элементы паасобку ўяўлялі сабой творы мастацтва, але, на жаль, амаль нічога з гэтага ўнутры не захавалася. На фасадзе засталіся элементы ляпніны, якія адсылаюць да шляхецкага герба Катлубаяў. Вакол палацу захаваўся стары парк.

19-haryszcza.jpg
Гарышча сядзібы ў нашыя дні. Фота: poshyk.info

Як склаўся лёс сядзібы за саветамі? Яе нацыяналізавалі, а з часам пачалі выкарыстоўваць як дзіцячую школу-інтэрнат. Прыкладна з 1972 года, пасля таго як пабудавалі новыя цагляныя карпусы, былы палац закінулі. У 1990-я сядзібны дом часткова рэканструявалі. Быў распрацаваны план поўнай рэканструкцыі, якая, на жаль, не была рэалізаваная.

Будынак месціцца на тэрыторыі кадэцкай вучэльні, але яго можна наведаць без асаблівых перашкод.

Палац Горватаў у Нароўлі (Гомельская вобласць)

01-palac.jpgЗадні (паўночны) фасад палаца. Фота паміж 1915 і 1917 г. Крыніца: Вікіпедыя

Палацава-паркавы комплекс Горватаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Нароўлі, які месціцца ў паўночна-ўсходняй частцы горада, на беразе ракі Прыпяць. Гэта выбітны твор архітэктуры класіцызму і рамантызму. Нават у руінах палац захоўвае сваю арыстакратычную статнасць

Фармаванне сядзібы пачалося яшчэ ў XVIII стагоддзі, але мураваны палац паўстаў тут у 1850 годзе, парк сфармаваўся ў 1870-х. У 1913 годзе Горваты на тэрыторыі сядзібы збудавалі кандытарскую фабрыку.

Агулам комплекс складаецца з палаца, капліцы-пахавальні (знішчаная савецкімі ўладамі), парку з малымі архітэктурнымі формамі, гаспадарчых і вытворчых пабудоваў.


Нараўлянскі палац напрыканцы 2025 года. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова

У цэнтры фасаду палаца вылучаецца мезанін (частка будынка, што выступае ад лініі фасаду. Галоўны фасад завяршаецца прастакутным атыкам, на якім раней быў надпіс: «DІH 1850» (дата пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (І) Горватаў (H)).

04-mezanin.jpgМезанін з атыкам на фасадзе палаца. Фота: bel.wikipedia.org

На цокалях паўднёвага фасаду ляжалі бронзавыя ільвы, яны зніклі за часамі Другой сусветнай вайны ў 1941 годзе. На цокалях паўночнага фасаду ляжалі сфінксы.

05-ubrannie.jpg

06-ubrannie.jpgЗалі палаца ў ХХ стагоддзі. Фота з Вікіпедыі

На тэрыторыі разбіты маляўнічы прыродны парк у ангельскім стылі. Парк багата аздабляўся малымі архітэктурнымі формамі. У яго паўночнай частцы, уздоўж ракі Нараўлянкі вядзе дарожка да прыгожай паркавай альтанкі ў стылі ампір.


08-altanka.jpg
Альтанка ў парку. Фота з Втетпедыі

Пасля 1917 года Нараўлянскі палац быў нацыяналізаваны. У час Другой сусветнай вайны моцна пацярпеў, потым у ім месцілася школа-інтэрнат. Пасля аварыі на ЧАЭС комплекс прыйшоў у заняпад. У 2011 годзе ў палаца абрынуўся дах, і будынак пачаў паволі разбурацца... Аднак у 2020 годзе ў палаца з’явіўся шанец на аднаўленне. Ён быў выкуплены ТАА «Над Прыпяццю», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Андрэй Горват, Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. У палацы пакрысе развярнуліся рэстаўрацыйныя работы, у вялікай ступені пры дапамозе валанцёраў і неабыякавых беларусаў. Была выканана «задача-мінімум», якая фактычна выратавала будынак ад разбурэння: цалкам адбудаваны вярхі муроў і ўсталяваны дах, адрэстаўраваны ўсе паддахавыя элементы, гістарычныя карнізы і порцікі.

Касцёл Божага Цела ў Багушэвічах: спадчына паўстанцаў (Бярэзінскі раён)

Калі, едучы па трасе, вы раптам убачыце высокі шпіль, які нагадвае гатычныя парыжскія касцёлы, — значыць, вы ў Багушэвічах. Касцёл Божага Цела — адзін з самых цікавых прыкладаў неаготыкі ў Беларусі.

20-kasciol_XXst.jpg
Касцёл Божага Цела, 1900 год. Фота з Вікіпедыі


Касцёл пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. (да 1863 г.) у цэнтры вёскі, на левым беразе ракі Уса на тэрыторыі старажытнага гарадзішча. Храм уваходзіў у склад сядзібна-паркавага ансамбля. Ёсць меркаванне, што будаўніцтва вялося паводле праекта архітэктара Якуба Кубіцкага. Аднак Кубіцкі збольшага працаваў са стылем класіцызм, часцей з праектамі палацаў. Да таго ж архітэктар памёр у 1833 годзе, на той момант, верагодна, яшчэ не пачалося ўзвядзенне гэтага касцёла.

21-kasciol.jpg

22-kasciol.jpg
Касцёл Божага Цела ў наш час. Фота з Вікіпедыі

Касцёл будаваўся як сямейная пахавальня старажытнага роду Свентаржэцкіх. Лёс уладальніка Багушэвічаў, Баляслава Свентаржэцкага, быў трагічным: ён падтрымаў паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863 года, пасля паразы паўстання быў вымушаны эміграваць, а ягоная маёмасць была канфіскаваная.

Пасля паўстання касцёл перарабілі ў праваслаўную Свята-Данілаўскую царкву. Праз 50 гадоў, у 1919 годзе, царква была вернута каталікам. За савецкім часам тут быў склад, а ў 1989 годзе будынак моцна пацярпеў ад пажару.

23-dach.jpg
Дах касцёла. Фота: poshyk.info

Доўгі час касцёл стаяў без даху, палохаючы і адначасова прывабліваючы турыстаў сваёй пустэчай. Аднак Багушэвічам пашанцавала больш, чым многім іншым аб’ектам: храм быў перададзены вернікам і паступова аднаўляецца. Першыя спробы аднавіць гэты прыгожы касцёл былі зробленыя ў 2000 годзе. Часткова рэканструяваная цэнтральная вежа, атынкаваныя сцены, адноўленыя элементы дэкору. Інтэр’ер храма выглядае хоць і проста, але даволі ўтульна. Сёння касцёл Божага Цела ўжо не выглядае як закінутая руіна, але ўсё яшчэ захоўвае той самы дух «старой Еўропы», які мы спрабуем адшукаць у вандроўках па Беларусі.

Ю. К., Budzma.org