Чаркаванне і цалаванні ў кнігарні “логвінаЎ”

27.01.2011 Афіша

28 студзеня а 15 гадзіне на Незалежнасці, 37А ва ўрачыстай атмасферы пачнецца эксклюзіўны продаж новага рамана Артура Клінава “Шалом”.

Першы пакупнік рамана “Шалом” атрымае ў падарунак ад аўтара пляшку каньяку “Версаль” з аўтографам і магчымасць выпіць з ім на брудэршафт.

Пакупнікі асобнікаў з № 2 па № 9 атрымаюць аШАЛОМляльны пацалунак ад аўтара рамана. Пакупнік рамана за нумарам 10 атрымае ў падарунак пляшку гарэлкі і плаўлены сырок “Дружба”. Пакупнік рамана № 14 атрымае акуляры філосафа Валянціна Акудовіча ў рагавой аправе. І гэтак далей, амаль да бясконцасці, а дакладней да асобніка №50, шчаслівы ўладальнік якога дастане пляшку віна “Азарэнне”, брудэршафт, фатаграфію ў прускім шаломе, і ў дадатак ілюстраваны дапаможнік па грамадзянскай абароне. Падчас урачыстай цырымоніі выступяць іншыя літаратары і крытыкі, якія выкажуць сваё “фэ” аўтару і яго твору.

Раман “Шалом” – пра берлінска-варшаўска-мінска-магілёўскія прыгоды беларускага мастака, які набыўшы антыкварную кайзераўскую каску, катэгарычна адмаўляецца здымаць яе. Першы месяц раман “Шалом” будзе прадавацца па зніжаным кошце выключна ў кнігарні “логвінаЎ”.

Артур Клінаў – пісьменнік, мастак, галоўны рэдактар часопіса pARTisan. Аўтар фотаальбома «Горад Сонца» і кнігі «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца».