Пратэстанцкая царква Германіі (Evangelische Kirche in Deutschland) сумесна з Дэпартаментам па правах чалавека, міграцыі і інтэграцыі выпусцілі часопіс пра Беларусь і падзеі 2020 года, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Людзей арыштоўваюць, затрымліваюць, жорстка ставяцца і катуюць без усялякай прычыны, — напісала ў прадмове да часопіса біскуп Петра Босэ-Хубер, кіраўнік аддзела Евангелічнай царквы ў Германіі. — Але людзі ў Беларусі апярэдзілі ўрад: яны пераадолелі свой страх. Бог паглядзеў на іх, таму што Бог разумее і падзяляе іх страх і пакуты, людзі становяцца моцнымі і праяўляюць салідарнасць і прыхільнасць да сваіх блізкіх. Яны ўстаюць адзін за аднаго. З 9 жніўня 2020 года невялікая краіна ў цэнтры Еўропы кардынальна змянілася. Стала зразумела не толькі для беларусаў, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя, але і для Еўразвяза. Сусветная грамадскасць убачыла, як маладыя і пажылыя людзі з усіх слаёў грамадства патрабавалі свабоды і дэмакратыі на масавых дэманстрацыях і выказвалі свой пратэст мірным і творчым чынам. Мы молімся разам з беларусамі і просім Бога, каб ён абараніў іх на шляху да свабоды».
Часопіс атрымаў назву «Заступніцтва пераследаваным». Галоўныя тэмы выпуску — «Яўрэі Беларусі: халакост і антысемітызм», «Пераадоленне межаў: беларуска-нямецкія партнёрскія праекты», «Сусветная малітва за мір, свабоду і справядлівасць у Беларусі», «Ад дапамогі пацярпелым Чарнобыля да пратэстнай салідарнасці». Таксама ў часопісе былі апублікаваныя фатаграфіі Віялеты Саўчыц, якія яна зрабіла падчас пратэстаў у 2020 годзе, і малюнкі мастачкі-ілюстратаркі Надзеі Саяпінай.
Евангелічная царква ў Германіі — гэта самае вялікае аб’яднанне ў Германіі. Гэта унія лютэранскіх і рэфарматарскіх зямельных цэркваў. Колькасць прыхаджан складае больш за 24 млн чалавек.
Беларуская асацыяцыя журналістаў