Калі нашыя продкі ў пачатку ХІІІ ст. упершыню сутыкнуліся з немцамі, то ўзнікла праблема — як з імі ваяваць. Немцы выпадкова (іх купецкі карабель збіўся з курсу), прыплылі да берагу Балтыкі каля вусця Дзвіны, упадабалі тутэйшую мясцовасць і заклалі там сваю калонію, вядомую як Лівонія, ці Інфлянты.
Не тое, каб нашыя баяры моцна саступалі іхным рыцарам, але неяк не ўдавалася з тымі немцамі справіцца. Спачатку полацкае войска не змагло іх выбіць з вусця Дзвіны. Потым тыя панаставілі замкаў, пакарылі мясцовыя плямёны і пачалі наступаць уверх па рацэ, захапілі полацкія апорныя пункты Герсіке і Кукейнос.
Рыцары-крыжакі выходзяць на мяжу з Гарадзеншчынай
Неўзабаве ў суседняй Прусіі з’явіліся яшчэ больш актыўныя немцы — манахі-рыцары Тэўтонскага ордэна, прафесійныя ваяры, настолькі адданыя сваёй справе, што нават не жаніліся, каб не абцяжарвацца сям’ёй. На працягу паўстагоддзя, дакладна да 1383 г., рыцары-крыжакі (мелі адметную ўніформу — белы плашч з чорным крыжам на грудзях) зламалі супраціў мясцовых прускіх плямёнаў і выйшлі на мяжу з Літвой, а менавіта з Гарадзеншчынай. Ад краю самай усходняй прускай зямлі Судовіі да Гародні нейкая сотня кіламетраў. Ордэнскі храніст запісаў пад гэтым годам «скончылася вайна пруская, пачалася вайна літоўская». І панеслася...
Больш за стагоддзе вайны
Больш за стагоддзе рэгулярнай, амаль непарыўнай вайны ў выглядзе малых і вялікіх паходаў, імклівыя вынішчальныя рэйды прафесійных вайсковых дружын і рабаўнічых бандаў, штурмы замкаў і гарадоў, пагоні, засады, рэдкія замірэнні і перамір’і...
На дзясяткі кіламетраў абапал пруска-літоўскай мяжы ў абодва бакі расцягнулася пустка, па-нямецку «вільдніс» (Wildnis — пустыня, глуш), дзе не было ні паселішчаў, ні людзей, яны тут проста не выжывалі. Толькі шасталі туды-сюды ўзброеныя атрады.
Чаму нашыя рыцары навучыліся ў немцаў
Рыцары Тэўтонскага ордэна, якія збудавалі ў Прусіі невялікую, але добра арганізаваную дзяржаву, былі сур’ёзным праціўнікам на полі бою. Тэўтонскі ордэн валодаў стратэгічнай ініцыятывай ажно да самай бітвы пад Грунвальдам у 1410 г. Нашыя баяры-рыцары — таксама не зломкі, біліся на роўных, але шмат чаму ў немцаў навучыліся.
Крыжакі наладзілі наплыўны мост праз Нёман, і нашыя такі ж зрабілі. Немцы ламалі сцены замкаў камнекідальнымі машынамі, і нашыя такімі ж крушылі муры ў Прусіі.
Вялікія князі Гедымін і ягоныя сыны-наступнікі Альгерд ды Кейстут дакладна па ордэнскім узоры паставілі шэраг мураваных замкаў-кастэляў для абароны ад таго ж Ордэна: у Лідзе, Крэве, Медніках, Коўне.
Ад немцаў пераймаліся віды ўзбраення, некаторыя разам з іх назвамі.
Капаліна — баявы шлем падобны да капелюша, пашыраны ў Еўропе з ХІІ ст., бачны на галаве рыцара з пячаткі князя Кейстута.
Шлемы-прылбіцы (тут якраз слова польскае), мелі разнавіднасці з нямецкімі назвамі, напрыклад, кляпавая (Klappvisier), «псіная пыса» (Hundsgugel).
Корд — «вялікі нож», болт — арбалетная страла і г. д.
Захаванне ўласных традыцый
Аднак, па сведчанні ордэнскага храніста, нашыя ваяры не забывалі і свае слаўныя баявыя традыцыі.
Вось у бітве ля ракі Стрэве ў 1348 г. язычнікі-летувісы кідалі ў крыжакоў коп’і-суліцы, а «русіны» паказалі майстар-клас стральбы з лука.
У Грунвальдскай бітве ліцвінскія войскі ўдала выкарысталі тактычны прыём, запазычаны ад татараў — уяўныя ўцёкі. Крыжакі навыперадкі кінуліся ў пераслед, парушылі свае баявыя шыхты, а «ўцекачы» нечакана развярнуліся і рынуліся на разрозненых немцаў. Пры гэтым узбраенне ліцвінскіх рыцараў ужо было настолькі падобнае да ордэнскага, што саюзнікі-палякі ў запале бітвы не заўсёды адрознівалі іх ад крыжакоў. Паводле высновы спецыяліста-гісторыка зброі Юрася Бохана, «...ужо ў XIV ст. на абшарах Вялікага Княства Літоўскага пазначылася відавочная тэндэнцыя да вестэрнізацыі вайсковай справы».
Шлях да Еўропы
Нашыя продкі жылі пераважна бягучымі праблемамі і вырашалі іх па меры паступлення. Яны яшчэ не ведалі, што праз засвойванне новых узораў зброі, рамёстваў, прыёмаў гатычнага будаўніцтва яны пракладалі сабе і нашчадкам шлях да Еўропы. Афіцыйнае далучэнне Літвы да заходнееўрапейскай цывілізацыі дэкларуе вялікі князь літоўскі Ягайла ў 1385 г.
Глядзіце па тэме:
Як тэўтонскае войска разбіла ліцвінаў на рацэ Стрэве?
Канстанцін Семяновіч, budzma.org