«Чырвоны Каліноўскі». Пушчанская адысея касінераў. Ч. ІІІ

Чаму ў часы Другой сусветнай у СССР знялі табу на Каліноўскага? Новы вобраз: не рэвалюцыянер, а партызан-падпольшчык, баец рэйкавай вайны? Колькі было савецкіх падраздзяленняў, названых імем паўстанца? Як эвалюцыянаваў адзін з камандзіраў атрада імя Каліноўскага?


Пачатак чытайце ў першай і другой частках.

Вайна ў Іспаніі выявілася ўсяго толькі рэпетыцыяй глабальнага канфлікту. У хуткім часе пасля таго, як Германія заняла тэрыторыю Беларусі, табу на імя Каліноўскага ў Саюзе было знята. Гэта не ўнікальны выпадак, бо для патрэбаў «усенароднай барацьбы» Сталіну давялося ўзяць на ўзбраенне і Праваслаўную царкву, і нават вярнуць залатыя пагоны ды званні часоў царскай Расіі. Тое самае тычылася і наратываў з нацыянальных рэспублік СССР.

«І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара...»

Невядома, ці Каліноўскага «рэабілітавалі» загадам зверху, ці гэта адбылося стыхійна. Але чырвоных партызанаў — «народных мсціўцаў» — пачалі параўноўваць з паўстанцамі 1863 года. Так, Каліноўскі «пераапрануўся» ў чарговы раз: з рэвалюцыянера і ідэолага ў партызана-падпольшчыка. Акурат на ўгодкі Паўстання — у 1943-м. 

Пачалі з’яўляцца адпаведныя вершы. Адзін з іх напісаў Пятрусь Броўка. У яго Каліноўскі — няўлоўны партызан, які «помсціць фашыстам за здзек з народа» (наратыў пра «антыпольскага» Каліноўскага сышоў у нябыт як неактуальны, бо новы Каліноўскі — «антынямецкі»):

На Беларусі

Па вёсках ідуць пагалоскі —

З’явіўся Кастусь Каліноўскі.

Чаму так назвалі хлапца — невядома,

Ці, можа, што ў світцы ён шэрай знаёмай?

Ці, можа, што мае блакітныя вочы?

Ці, можа, што тайна з’яўляецца ўночы,

Што мужны ён з твару,

Што ворагам — кара:

Як прыйдзе, успыхнуць у катаў пажары

І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара...

Верш быў надрукаваны ў 1943 годзе і распаўсюджаны сярод партызан. Вялікая частка партызанскай агітацыі тады выходзіла па-беларуску. Яе маглі не разумець дасланыя з Масквы камандзіры, але мясцовыя — разумелі. Так па Беларусі пачалі з’яўляцца атрады імя правадыра паўстанцаў. 

Zbornik Piatrusia Broŭki jaki pačynajecca z vierša pra Kastusia Kalinoŭskaha 1945
Зборнік Пятруся Броўкі які пачынаецца з верша пра Кастуся Каліноўскага 1945

Два расійцы і ўкраінец — камандзіры атрадаў імя Каліноўскага

Большасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі насілі імёны Сталіна, Суворава, Дзяржынскага і так далей. Але дакладна зафіксавана дзейнасць як мінімум чатырох атрадаў і адной брыгады імя Каліноўскага. 

Цікава, што першы арганізаваў расіец па нацыянальнасці авіяцыйны тэхнік Іван Хімічаў, народжаны ў Свярдлоўску. Ён пачынаў з падполля ў акупаваным Бабруйску, але напрыканцы 1941-га быў вымушаны сысці «ў лес». У красавіку 1943-га Хімічава накіравалі ў Любанскі раён (каля сённяшняга Салігорска).

Ivan Chimičaŭ rasiejeca kamandzir adnaho z atradaŭ imia Kalinoŭskaha 
Іван Хімічаў расееца камандзір аднаго з атрадаў імя Каліноўскага

Там ён і арганізаваў атрад імя Каліноўскага. Атрад займаўся дыверсіямі на Палескай чыгунцы: знішчаў палатно. За год павялічыўся да 240 чалавек — у такім выглядзе злучыўся з Чырвонай Арміяй улетку 1944-га. Сам Хімічаў меў цяжкое раненне, узнагароды. Цікава, што ўпершыню рэйкавай вайной у Беларусі займаліся... акурат паўстанцы 1863 года! Але Хімічаў наўрад ці пра гэта ведаў. 

Uznaharodny list Ivana Chimičava kamandzira atrada imia Kalinoŭskaha
Узнагародны ліст Івана Хімічава камандзіра атрада імя Каліноўскага

Яшчэ адзін атрад імя Каліноўскага дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Ён быў сфармаваны 1 красавіка 1944-га. Ядром атрада стала падраздзяленне падрыўнікоў брыгады Шчорса, якое ўзначальваў украінец Мікалай Крапіўка. Наводчык артылерыйскай гарматы, ён у кастрычніку 1941 г. трапіў у нямецкі палон і пасля года бадзяння па лагерах змог уцячы і далучыцца да партызан. Яго характарызавалі як смелага і вынаходлівага камандзіра. 

За тры месяцы існавання атрад імя Каліноўскага павялічыўся з 4 да 86 чалавек. Крапіўка на чале атрада прыняў удзел у пяці баях супраць немцаў, знішчыў два эшалоны, тры грузавікі (адзін — захапіў). Пасля вайны Крапіўка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, жыў у Лідзе. 

Frahmient uznaharodnaha lista Mikalaja Krapiŭki kamandzira atrada imia Kalinoŭskaha
Фрагмент узнагароднага ліста Мікалая Крапіўкі камандзіра атрада імя Каліноўскага

Падобны лёс быў у іншага камандзіра атрада імя Каліноўскага — Якава Антонава (расіец, з Браншчыны). Ён таксама прайшоў нямецкі палон, уцёк і далучыўся да партызан брыгады імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на поўначы Мінска. У верасні 1943 г. Антонаву даручылі стварэнне атрада імя Каліноўскага ў Юрацішкаўскім раёне Баранавіцкай вобласці. Атрад узяў удзел у разгромах нямецкіх гарнізонаў у мясцовасцях Лугавамічы і Маркіняты. 

Uznaharodny list Jakava Antonava kamandzira atrada imia Kalinoŭskaha
Узнагародны ліст Якава Антонава камандзіра атрада імя Каліноўскага

Брыгада Каліноўскага на Беласточчыне: па мясцінах Кастуся 

Найбуйнейшае партызанскае злучэнне імя Каліноўскага — партызанская брыгада, якая ваявала на Беласточчыне ў 1943–1944 гадах. Яе камандзір — ленінградскі інжынер Мікалай Вайцяхоўскі, які быў закінуты ў Беларусь разам са спецгрупай. Брыгада складалася з пяці атрадаў, разам — больш за 700 байцоў. Сімвалічна, што брыгада дзейнічала акурат у тых мясцінах, дзе вёў паўстанцкую працу сам Каліноўскі!

Адзін з атрадаў брыгады таксама насіў імя Каліноўскага. Яго камандзір — 23-гадовы Аляксей Карпюк, які незадоўга да таго ўцёк з канцлагера ў Штутгофе. 

Aliaksiej Karpiuk fota kanca 1940-ch Horadnia
Аляксей Карпюк фота канца 1940-х Горадня


Карпюк паходзіў з асяроддзя КПЗБ-оўцаў, хоць сам па ўзросце не мог быць у падпольнай арганізацыі. Лясныя прыгоды Карпюка, будучага савецкага пісьменніка, можна прачытаць у ягонай «Пушчанскай адысеі». Вось некалькі эпізодаў з яго баявой біяграфіі:

«...15 мая асабіста ўзарваў нямецкі эшалон каля паўстанку Крынкі. У выніку крушэння знішчаны паравоз і 14 вагонаў з харчаваннем для нямецкай арміі. Рух на ўчастку спынены на 36 гадзінаў. 18 мая каля прыпынку Страшава быў спушчаны кур’ерскі цягнік праціўніка. У выніку крушэньня, зробленага тав. Карпюком, быў знішчаны адзін паравоз, восем кур’ерскіх вагонаў з салдатамі і афіцэрамі войскаў СС. (...) 10 чэрвеня пад непасрэдным камандаваннем тав. Карпюка 14 партызанаў з яго атраду ажыццявілі налёт на чыгуначную станцыю Сакола, у выніку бою былі забітыя 3 немцы з чыгуначнай аховы, знішчаная ўся станцыённая аппаратура, стрэлкі...» І так далей. 

Partyzany bryhady imia Kalinoŭskaha ŭ Krynkach. Lipień 1944 h.
Партызаны брыгады імя Каліноўскага ў Крынках. Ліпень 1944 г.

Сімвалічны далейшы лёс Аляксея Карпюка. Скончыўшы вайну у Берліне, той вяртаецца на радзіму. Аўтамат мяняе на пяро і пачынае пісаць. Спачатку па-расійску, пасля — па-беларуску. У Горадні стварае адзін з трох у Саюзе музеяў гісторыі рэлігіі і атэізму (іншыя — у Львове і Вільні). Але самае цікавае, што ў 1980-х яго камуністычныя перакананні даюць трэшчыну. 

Асабістую споведзь ён уклаў у твор «Развітанне з ілюзіямі». Камуністычная ўлада, пра якую ён ды такія як ён, заходнебеларускія камуністы, марылі ў маладосці, аказалася зусім не тым раем з песняў і вершаў... Падчас хвалі цкавання польскай супольнасці ў Горадні Карпюк заступаўся за мясцовых палякаў. Калі гарадскія ўлады вырашылі знесці будынак архіва XVIII ст. — начаваў у ім на знак пратэсту. Хавалі Карпюка ў 1992 годзе: з ганаровай вартай і бел-чырвона-белым сцягам на труне. 

Chavali byloha kamandzira partyzanskaha atrada Kalinoŭskaha Aliaksieja Karpiuka pad dziaržaŭnym sciaham i z hanarovaj vartaj. 1992 h (1)
Хавалі былога камандзіра партызанскага атрада Каліноўскага Аляксея Карпюка пад дзяржаўным сцягам і з ганаровай вартай. 1992 г (1)

Кола замкнулася: камуністы пачыналі з выкарыстання Каліноўскага як «антыпольскага героя», але адзін з камандзіраў атрада ягонага імя, хай і пад канец жыцця, абараняў палякаў ды вітаў незалежнасць... Зерне, кінутае ў глебу, рана ці позна ўзыходзіць. 

Эпілог

Гэта апошні артыкул з серыі «Чырвоны Каліноўскі». Мы паспрабавалі паказаць, як і чаму беларусы-камуністы карысталася імем нацыянальнага героя. Як да гэтага ставіцца? Спакойна. 

Гэта гісторыя не пра ідэалогію, але пра вышыню асобы: кожнае пакаленне беларусаў, змушанае браць зброю ў рукі, раз за разам падымала на сцяг акурат Каліноўскага. Рэальнага ці міфалагічнага?.. Зусім іншая размова.

Сяргей Васковы, Алесь Кіркевіч