Чырвоны касцёл. Забаронены сімвал сталіцы

21 лістапада 1910-га году ў Мінску было сапраўднае свята: асвечаны новы касцёл, якому будзе наканавана стаць сімвалам будучай беларускай сталіцы. Гэта — касцёл Святых Сымона і Алены больш вядомы, як Чырвоны. Але вось ужо больш за год дзверы аднаго з самых знакавых храмаў Мінска наглуха зачынены, піша Барыс Палута ў «Новым Часе».


Čyrvony kasciol
Чырвоны касцёл. Фота НЧ

Хто ж не ведае пра Чырвоны касцёл? Ён сапраўдны архітэктурны сімвал сталіцы. Знаходзіцца ў цэнтры, мае адметную стылістыку, яго гісторыя апаясаная легендамі... Чырвоны стаў візуальным сімвалам Мінска. Ён і на паштоўках, і на магніціках, і на турыстычных банерах. Дзясяткі, а то і сотні ўзораў турыстычнай рэкламы аздобленыя выяваю ці абрысам Чырвонага касцёла. Здаецца, храм больш вядомы, чым кафедральны касцёл...

Але ж парадокс: самы вядомы і... зачынены ад людзей. І вернікаў, і святароў, дый і проста пілігрымаў, турыстаў, мінакоў. Бязглуздзіцы ў наш час хапае, зачынены Чырвоны — на першых пазіцыях. Зачыніць знакавы храм... Ні логікі, ні здаровага сэнсу. Пры гэтым храм — сімвал, не толькі рэлігійны — гэта зразумела і натуральна — але і культурны. Чым з’яўляецца Чырвоны касцёл не толькі для вернікаў, але і для гораду, і для ўсіх беларусаў. Угодкі першага асвячэння святыні — добрая нагода даць належную ацэнку ролі Чырвонага касцёла.

Будаўніцтва касцёла — прыклад паспяховага праекта

Budaŭnictva Čyrvonaha kasciola
Будаўніцтва Чырвонага касцёла

У часы Вялікага Княства Літоўскага Мінск, які, хоць тады і не прэтэндаваў на сталічны статус, але быў адным з буйных каталіцкіх цэнтраў у краіне. Адпаведна, Мінск быў горадам касцёлаў і кляштараў: тут налічвалася адзінаццаць святынь. Пасля таго, як горад стаў часткай Расійскай імперыі, на Каталіцкі Касцёл абрынуліся рэпрэсіі. Дровы ў полымя падкідвалі яшчэ і паўстанні.

У выніку ў 1869-м годзе была ліквідавана Мінская каталіцкая дыяцэзія, а ў горадзе застаўся толькі адзін вялікі каталіцкі Марыінскі касцёл, які пасля ліквідацыі дыяцэзіі панізіў свой статус і стаў толькі парафіяльным. Па-за межамі горада на Залатагорскіх могілках знаходзіўся толькі невялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Яшчэ адзін каталіцкі храм, а дакладней капліца, стаяў на Кальварыйскіх могілках, што знаходзіліся на адлегласці некалькіх кіламетраў ад Мінска.

На працягу стагоддзя колькасць жыхароў горада толькі ўзрастала. У 1897-м годзе ў Мінску мелася болей за 90 тысяч жыхароў самых розных канфесій. Для значнай колькасці каталіцкіх вернікаў у горадзе па-ранейшаму меўся толькі адзін вялікі каталіцкі касцёл, які не мог у святочныя дні прыняць усіх Неабходнасць другога касцёла ў горадзе была відавочнай. Канешне, каталікі рабілі захады, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, але перамагчы бюракратычную імперыю — справа звыш складаная. Пытанне аб узвядзенні новага касцёла было ўзнята яшчэ ў 1897-м, а толькі 15 сакавіка 1905-га праект будаўніцтва быў разгледжаны і ўхвалены на пасяджэнні будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення.

Pieršapačatkovy prajekt kasciola
Першапачатковы праект касцёла

Канешне, былі і перашкоды. Напрыклад, супраць таго, каб у Мінску была пабудаваная новая каталіцкая святыня, вельмі рэзка выступаў праваслаўны мінскі і тураўскі епіскап Міхаіл (што цікава, народжаны ў Архангельскай губерні, да беларускіх зямель амаль не меў дачынення). Ён спачатку прывёў усе фармальныя меркаванні на гэты конт, але ўсё ж падкрэсліваў, што будаўніцтва ў горадзе яшчэ аднаго касцёла нельга дазваляць «у інтарэсах падтрымання ў краі праваслаўя і рускай народнасці, з прычыны варожага настрою мінскіх каталікоў да ўсяго рускага».

Pravaslaŭny jepiskap Michail
Праваслаўны епіскап Міхаіл

За касцёл уступіўся губернатар Аляксандр Аляксандравіч Мусін-Пушкін, які ў лісце да міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі князя Святаполк-Мірскага зазначыў, што «з палітычнага пункту гледжання я не апасаюся будаўніцтва ў горадзе новага каталіцкага храма, бо руская справа ў краі ніколькі не панясе страту ад існавання ў Мінску трох касцёлаў замест двух».

Будавалі касцёл даволі хутка: 21 лістапада 1910-га года на галасы званоў сышоўся натоўп гараджан, каб прысутнічаць на асвячэнні храма, які стаў самым вялікім у горадзе і хутка атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны.

Čyrvony kasciol u 1910-ja

Čyrvony kasciol u 1910-ja
Чырвоны касцёл у 1910-я

Пабудова і асвячэнне ў Мінску касцёла Святога Сымона і Святой Алены, безумоўна, стала важнай падзеяй у жыцці горада. Падобных поспехаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях у пачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі было небагата.

Imša na asviačenni kasciola Sviatych Symona i Alieny
Імша на асвячэнні касцёла Святых Сымона і Алены

Вельмі адметная архітэктура

Архітэктурны стыль Чырвонага касцёла вылучаецца на фоне не толькі мінскай забудовы, але ж і ў шэрагу ўсёй беларускай спадчыны.

Галоўны фундатар храма Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у раманскім стылі, бо, як сам адзначыў у мемуарах, у часы росквіту раманскага стылю ў Еўропе хрысціянства яшчэ не было падзеленае на каталіцтва і праваслаўе.

Edvard Vajnilovič
Эдвард Вайніловіч

Ёсць у Чырвонага касцёла свае прататыпы. У час разваг над праектамі Вайніловічу на вочы трапілася ілюстрацыя з выявай касцёла Святой Эльжбеты ў польскім мястэчку Ютросін пад Познанню па праекце польскага архітэктара Тамаша Пайздэрскага, які быў даволі вядомым архітэктарам і пабудаваў ужо некалькі касцёлаў у неараманскім стылі. Да яго і звярнуўся Вайніловіч. Новаму мінскаму касцёлу Святога Сымона і Святой Алены было наканавана стаць апошняй і самай значнай працай таленавітага майстра.

Tomaš Pajzderski
Томаш Пайздэрскі

Kasciol Sviatoj Eĺžbiety ŭ Jutrosinie
Касцёл Святой Эльжбеты ў Ютросіне

Прагледзеўшы праект касцёла ў Ютросіне, параўнаўшы яго з выявамі ўжо існуючых у беларускім краі нешматлікіх архітэктурных помнікаў у раманскім стылі, а галоўнае — з велічнымі раманскімі храмамі над нямецкім Рэйнам, успомніўшы сваё ўражанне ад італьянскага падарожжа, Вайніловіч пры Пайздэрскім выбраў адзін з тыпаў раманскага храма.

Мінскаму Касцёлу Пайздэрскі надаў унікальныя рысы, бо ў стылі касцёла назіраюцца формы не толькі раманскага стылю, але і элементы готыкі і мадэрна. Касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску стаў адным з рэдкіх узораў неараманскага стылю ў нашай спадчыне.

Kasciol Sviatych Apostalaŭ u Kioĺnie, pabudavany ŭ XI st.
Касцёл Святых Апосталаў у Кёльне, пабудаваны ў XI ст.

Але наконт выбару стылю ёсць і легенда. У Вайніловіча нібыта запыталі: «А чаму пан выбраў неараманскі стыль для фундаванага панам касцёла. Вядома, што болей пасаваў бы стыль нашага прыгожага віленскага барока?» На што Вайніловіч адказаў: «Неараманскі касцёл у праваслаўную царкву ніколі не пераробяць, а барочны — лёгка».

Легенда небеспадстаўная: пасля падаўлення паўстання 1863-га царская ўлада многія каталіцкія касцёлы зачыняла ці знешне перарабляла. У кожны жарце ёсць і доля праўды. А ў выпадку з Чырвоным касцёлам і празорлівасць фундатара. Здаецца, такі архітэктурны стылі выратаваў храм ад ваяўнічых бязбожнікаў...

Звязаны з класікай кіно

Kasciol z epochi Doma kino
Касцёл з эпохі Дома кіно

Калі ў Мінску канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, над касцёлам навісла пагроза знішчэння. У 1922 годзе па загадзе ўлад былі разрабаваны многія касцёлы і цэрквы горада, а ў 1923-м рабаванне закранула і Чырвоны касцёл. Тады з храма вывезлі амаль усё, але рэлігійныя службы.

Kasciol u 1930-ja
Касцёл у 1930-я

Так склалася, што савецкія ўлады не планавалі разбураць Чырвоны, бо бачылі, што гэта вельмі моцная і надзейная канструкцыя. І па стылі ён аддалена нагадваў сакральны будынак. Асабліва без зрынутых долу крыжоў... Паспрыяў захаванню касцёла і архітэктар Іосіф Лангбард. Калі ён праектаваў комплекс Дома ўрада ў Мінску, то пакінуў у сваім праекце арганізацыі плошчы Леніна комплекс Чырвонага касцёла. Але храм зачынілі ў 1932-м, прыстасаваўшы касцельны будынак спачатку пад памяшканне Польскага тэатра БССР, а ў 1937-м — пад галоўнае памяшканне кінастудыі «Савецкая Беларусь».

Interjer Doma kino
Інтэр’ер Дома кіно

Пасля Другой Сусветнай касцёл Святога Сымона і Святой Алены зноў быў закрыты і зноў тут размясцілі кінастудыю. Тут, у храме, здымалі кінастужкі «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Міколка-паравоз», «Нашы суседзі» — класіку беларускага савецкага кіно.

У 1960-я ў будынку касцёла стваралася таксама і ўся беларуская дакументалістыка. Пазней будынак касцёла сталі выкарыстоўваць пад Дом кіно. І, між іншым, менавіта ў сценах Чырвонага касцёла ў 1979-га адбылася прэм’ера фільма «Дзікае паляванне караля Стаха», знятага па матывах аднайменнай аповесці беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Так касцёл служыў культуры...

Кароткі рэнесанс касцёла альбо апошняя імша Гадлеўскага


Але ж вернемся на некалькі дзесяцігоддзяў раней. Падчас Другой сусветнай вайны храм быў вернуты парафіі. У святыні зноў распачаліся богаслужэнні і тут бурліла беларуская культура. Напрыклад, у галерэі касцёла для дзяцей ладзілі батлейку на беларускай мове.

Канешне, храм добра пацярпеў, яго трэба было аднаўляць. За справу ўзяліся лепшыя і славутыя беларускія мастакі: Анатоль Тычына, Мікалай Дучыц, скульптар Керзін. Мастак Пётра Сергіевіч адмыслова прыехаў для гэтага ў Мінск з Вільні.

Sviatary Čyrvonaha, zakatavanyja nacystami, Stanislaŭ Hliakoŭski i Vincent Hadlieŭski
Святары Чырвонага, закатаваныя нацыстамі, Станіслаў Глякоўскі і Вінцэнт Гадлеўскі

У той час у касцёле служаць знакавыя святары. Правіў службу тут беларускі святар, палітык і дзеяч нацыянальнага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Адносіны з нямецкімі ўладамі ў ксяндза не задаліся і ўвечары 24 снежня 1942-га святар, пасля вячэрняга набажэнства ў Чырвоным касцёле быў арыштаваны і расстраляны. Прыняў пакутніцкую смерць ад рук нацыстаў і пробашч касцёла ксёндз Станіслаў Глякоўскі.

У Чырвоным загаварылі пра незалежнасць

Kasciol u 1990-ja
Касцёл у 1990-я

Час бег, працэсы і падзеі ў савецкім грамадстве разгортваліся імкліва. Па так званых «братніх рэспубліках» пачыналіся нацыянальныя рухі. І Беларусь была не выключэннем. Чырвоны касцёл стаў сведкам паўстання ідэі незалежнасці...

Справа ў тым, што 19 кастрычніка 1988-га ў Доме кіно (у сценах касцёла) адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход, які зацвердзіў Статут добраахвотнага грамадска-асветнага таварыства «Мартыралог Беларусі» і Дэкларацыю таварыства, а таксама стварыў арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Тады ў грамадскую раду ўвайшлі Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Алег Белавусаў, Сяргей Грахоўскі... А ўжо ў жніўні 1989-га ў сценах касцёла адбыўся сойм Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», на якім было адкрыта сцверджана, што галоўная задача Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» — суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Так і сталася: праз год-два Беларусь стала незалежнай краінай, Чырвоны касцёл таксама быў вернуты каталікам і адрадзіўся.

Ustanoŭčy schod partyi BNF, 1988 hod. Kalia mikrafona — Vasiĺ Bykaŭ
Устаноўчы сход партыі БНФ, 1988 год. Каля мікрафона — Васіль Быкаў

Касцёл — месца памяці: Вайніловіч, Міцкевіч, Барадулін

Натуральна, што Чырвоны касцёл гэта месца захавання памяці свайго галоўнага фундатара Эдварда Вайніловіча. Навуковыя даследаванні, публікацыі, папулярызацыя... Праца робіцца тут тытанічная. Гэта зразумела: падзяка нашчадкаў за фундацыю і не толькі. Але галоўнае — парэшткі самаго Вайніловіча знайшлі апошні прытулак у самім касцёле.

Pachavannie Vajniloviča
Пахаванне Вайніловіча


Пробашч парафіі ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк у 2004-м годзе выступіў з ініцыятывай перанесці прах Эдварда Вайніловіча з Быдгашча (Польшча) у Мінск і размясціць яго ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены. Пасля ўзгаднення пытанняў, 11 чэрвеня 2006 года адбылося ўрачыстае перапахаванне Вайніловіча каля пабудаванага ім касцёла.

Таксама касцёл захоўвае памяць пра Адама Міцкевіча. Яшчэ 4 мая 1908-га года ў драўляным доме-плябаніі была афіцыйна адкрыта бібліятэка імя Адама Міцкевіча. Яе аснова — кнігі, якія перадала з маёнтка Савічы старэйшая сястра Вайніловіча Ядвіга Кастравіцкая. Калі бальшавікі рабавалі касцёл у 1922-м годзе, вернікі змаглі вывезці ў Беласток кніжны фонд бібліятэкі, чым яго ўратавалі.

Пасля адраджэння касцёла паўстала пытанне адраджэння і бібліятэкі. У 1996-м годзе касцёл звярнуўся да ўлад горада Беластока з просьбай аб вяртанні касцельнай бібліятэкі. Там пагадзіліся і ўрачыстая перадача фонду кніг адбылася ў 1998-м. У тым годзе пры касцёле была адчыненая бібліятэка, якая таксама была названая ў гонар Адама Міцкевіча.

Mierapryjemsva ŭ biblijatecy Čyrvonaha kasciola
Мерапрыемсва ў бібліятэцы Чырвонага касцёла

Вынікае, што бібліятэка Чырвонага мае трывалую гістарычную традыцыю і пераемнасць з мінулым. Ці шмат сучасных беларускіх бібліятэк пахваляцца каранямі хаця б з 1908-га году?

Яшчэ адно знакавае імя, звязанае з Чырвоным — Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. З 2005-га Чырвоны касцёл выдаў 10 кніг паэзіі Барадуліна, а за кнігу духоўнай паэзіі «Ксты» ў 2006-м Барадулін быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію. У Чырвоным касцёле пасля смерці паэт быў адпеты па ўніяцкім абрадзе і праведзены ў апошні шлях.

Razvitannie z Ryhoram Baradulinym
Развітанне з Рыгорам Барадуліным

***

Паспрабуем падвесці рысу. І ўсё ж, чым з’яўляецца Чырвоны касцёл для беларусаў?

Гэта храм, які пры ўзвядзенні стаў сімвалам поспеху ў змаганні з імперыяй, яе канфесійнай палітыкай. Чырвоны касцёл — унікальны і арыгінальны архітэктурны праект. Нават калі касцёл быў зачынены, то служыў людзям на культурнай ніве, змяшчаючы ў сваіх сценах Дом кіно. Таксама ў сценах Чырвонага выспела і была агучана публічна ідэя дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, аформілася арганізацыя-рухавік паўстання незалежнасці. Тут захоўваецца памяць па людзях: святарах і верніках.

Нават паасобку, нават без усяго пералічанага, бо гэта храм, Чырвоны касцёл мусіць быць адкрытым для людзей. Бо ён — сімвал. І гісторыя яго яшчэ не скончаная. Падзеі 2020-га, загадкавы пажар, чарговае закрыццё... Чырвоны касцёл яшчэ больш набірае сімвалічнай вагі.