Санкцыі, высылкі дыпламатаў, шпіёнаманія, прэцэдэнты з самалётамі, цень жалезнай заслоны... Усё гэта да болю нагадвае рэаліі «халоднай вайны». Але ці скончыцца гэтаксама як у 1989–1991? Пісьменнік Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by.
Калі мы гаворым пра «халодную вайну», то найперш згадваем Карыбскі крызіс, «Кузькіну маць», Пражскую вясну, Берлінскі мур... Яшчэ можна ўспомніць 1970-я як час «застою» ў СССР і «разрадкі» уў міжнародных адносінах. У 1980-х свет нібыта пачаў рэзка змяняцца, усім стала не да «халоднай вайны».
Берлінскі мур
Такое ўяўленне як мінімум спрошчанае. Феномен 80-х так і застаецца неасэнсаваным. Найперш таму, што мы глядзім на той час з пазіцыі сённяшняга дня. Мы ведаем, што Саюз разваліўся, а значыць, і логіку таго часу дапасоўваем да гэтага.
Для жыхароў сацлагера тое было зусім невідавочна. Нават улетку 1989-га ў функцыянераў ГДР, Штазі ці савецкіх дарадцаў ва ўсходнім Берліне не было адчування канца. Хто ж ведаў, што праз некалькі месяцаў усё пасыплецца?..
Ланцужок фіяска для ЗША. Саюз нарошчвае мускулы
Новыя працэсы ў свеце стартавалі ў канцы 1970-х. ЗША цярпелі адну паразу за адной. У 1975-м скончылася вайна ў В’етнаме. У 1979-м — фіяска ў Іране: магутная краіна з саюзніка ператварылася ў зацятага ворага. Гісторыя з закладнікамі ў пасольстве ў Тэгеране — моцная іміджавая параза: разбітыя верталёты, уцёкі жаўнераў праз пустыню і г. д.
У Нікарагуа акурат перамагла сандынісцкая рэвалюцыя левага толку. Не тое каб Нікарагуа была вельмі важнай краінай, але Лацінская Амерыка — традыцыйна зона асаблівай увагі і цікавасці ЗША. Мабыць, як Каўказ для Расіі. Нікарагуа, дарэчы, з таго часу ператварылася ў антыамерыканскі запаведнік: гэта ці не адзіная краіна той часткі свету, дзе любяць Расію і прызналі Абхазію з Асеціяй.
Важна, што эпоха «разрадкі» падыходзіла да канца. Саюз быў у добрай форме дзякуючы патоку нафтадаляраў. Масква дасягнула парытэту па ядзернай зброі з Вашынгтонам. На ўзбраенне СССР паступаюць ракеты «Піянер». Сярэдняя дальнасць — 5500 км. Пад абмежавальныя дамовы яны не падпадалі. Пры патрэбе «піянеры» хутка паставілі б кропку ў любым еўрапейскім канфлікце, Штаты б нават адрэагаваць не паспелі...
ракеты «Піянер»
Вайну ў Афганістане таксама цяжка патлумачыць інакш як спробай дэманстрацыі сілы (няхай і няўдалай). Іншых лагічных тлумачэнняў інтэрвенцыі няма. Міфы пра тое, што калі б Саюз не ўвёў войскі, то амерыканцы паставілі б пад Кабулам свае ракеты, жалю вартыя. Адміністрацыя Картэра ці Форда проста гэтым не цікавілася. І тым больш не хацела эскалацыі з Масквой.
СССР прытрымліваўся філасофіі «разрадкі» толькі вонкава, а насамрэч рыхтаваўся да вялікай вайны. Ішлі працы над хімічнай і бактэрыялагічнай зброяй (забароненай ужо даўным-даўно). У ЗША распрацоўкі згарнулі яшчэ ў 1960-х, але ў Саюзе існавалі цэлыя профільныя прадпрыемствы і інстытуты. Дзясяткі тонаў спораў сібірскай язвы, бактэрыі чумы, нервова-паралітычныя газы... «Навічок», дарэчы, — таксама прывітанне з той эпохі.
«Зорныя войны». Гісторыя вялікага блефу
Белы дом доўгі час ігнараваў трывожныя сігналы. Усё змянілася за часамі Рэйгана. Калі раней у Штатах спарадычна ўспаміналі пра праблемы яўрэяў, дысідэнтаў ці вернікаў у Саюзе, то Рэйган падышоў да праблемы комплексна. Галоўнае — даў ёй імя.
Параўнанне Саюза з «імперыяй зла» Рэйган выкарыстаў падчас сустрэчы з амерыканскімі пратэстантамі. Гэта нашмат больш рэзка за нядаўнюю фразу Байдэна пра прэзідэнта РФ, бо тычыцца не канкрэтнага чалавека, а ўсёй сістэмы. Дарэчы, Рэйгана адгаворвалі так казаць. А ён сказаў. Фраза не была выпадковасцю: Рэйган разлічваў на канфрантацыю.
У Вашынгтоне палічылі, што ў ядзернай вайне перамагчы СССР нерэальна. Была імавернасць, што ЗША нават прайграюць... У выпадку канфлікту Штаты былі б цалкам выпаленыя, а Саюз нават мог бы захавацца. Чаму? Шмат фактараў: ад колькасці боегаловак да тэрыторыі.
Тады і з’явілася ідэя САІ (Стратэгічнай абарончай ініцыятывы), больш вядомай як «Зорныя войны». Сэнс у тым, што касмічныя спадарожнікі змогуць перахапіць і знішчыць лазерамі ракеты, выпушчаныя з СССР. САІ так ніколі і не стала рэальнасцю — не была рэалізаваная нават на 10%. «Зорныя войны» засталіся страшылкамі ў савецкіх навукова-папулярных часопісах і адной з галоўных містыфікацыяў ХХ стагоддзя.
«Зорныя войны» або САІ
У СССР тым часам усё ўспрынялі ў сур’ёз. «Дзяды» з Палітбюро разумелі, што САІ — у вялікай ступені прапаганда. З іншага боку, імперская логіка падказвала падрыхтоўку сувымернага адказу. Уявіце сітуацыю: паседжанне Палітбюро. Разумны аналітык даводзіць, што ніякіх лазераў быць не можа, гэта фантастыка... А генерал з шэрагамі медалёў перапытвае: «Зуб даеш? А калі раптам — ты адкажаш?..»
«Зорныя войны» ў савецкай інтэрпрэтацыі
Відавочна, што Саюз меў больш-менш тыя ж тэхналогіі, што і Захад. Акрамя, можа, вылічальнай тэхнікі (камп’ютары на ўзроўні 60-х) і масавасці тэхналогіяў у побыце. У ваенным плане не саступаў. Але акурат ваеннае прэвентыўнае мысленне перамагло.
Вайна нерваў
У першай палове 1980-х свет аказаўся ў стане, падобным да сённяшняга. Асабліва калі параўнаць СССР з Расіяй, а Польшчу — з Беларуссю. Нагадаем, што ў 1980-м у Польшчы ўзнікла «Салідарнасць», цэлы год віраваў «карнавал дэмакратыі», які скончыўся ваенным становішчам: краіна занурылася ў цемру. Але цягам усіх 1980-х менавіта Польшча заставалася самай праблемнай краінай для Масквы з ліку сатэлітаў «Варшаўскага блоку».
Чытайце таксама: «Вайна з народам». Польшча 1980-х і Беларусь 2020-га
У СССР цягнулася незразумелая і непапулярная Афганская вайна. Пачаліся праблемы з эканомікай: ВПК з’ядаў усе рэсурсы, а даходы ад нафты пачалі скарачацца. Нібыта і нічога новага: Расія яшчэ з часоў Пятра Першага выдаткоўвала на войска велізарныя рэсурсы. Розніца ў тым, што патрэбы познесавецкага чалавека былі іншымі за XVIII ст. і нават за 1950-я.
Алівы ў агонь падлівалі рэгулярныя прэцэдэнты. Амерыканцы заляталі на тэрыторыю Курылаў, натаўскія падлодкі заходзілі ў Ахоцкае мора. Кульмінацыяй стала збіццё савецкім бокам паўднёвакарэйскага «боінга» ў 1983-м. Цывільны самалёт прынялі за разведчыка, пусцілі ракету... Больш за 300 чалавек загінула: карэйцы, канадцы, амерыканцы. Быў страшэнны скандал.
Калектыўны страх «немінучай» вайны адбіваўся таксама ў поп-культуры. У ЗША і Вялікабрытаніі з’явіўся шэраг мастацкіх фільмаў пра савецкую інвазію і нават ядзерную вайну. Самы вядомы — «Чырвоны світанак» з Патрыкам Суэйзі. Па сюжэце савецкія дэсантнікі акупавалі ЗША, а ўчарашнія школьнікі вядуць з імі партызанскую вайну... У СССР больш здымалі і пісалі пра шпіёнаў. 1984–1986 можна смела назваць гадамі шпіёнаманіі ў Саюзе.
Амерыканскія партызаны з фільма «Чырвоны світанак»
Дысідэнтаў пагалоўна кляймілі агентамі Захаду, якія прадаліся «за джынсы», а амерыканцам для пасольства ў Маскве забаранілі наймаць савецкіх грамадзянаў. Дарэчы, апошні момант у РФ паўтарыўся нядаўна.
У пэўных момантах сітуацыя тых гадоў паўтараецца да драбніцаў. Калі пагартаць спадчыну «Палітвыдата» 1980-х, то рыторыка амаль ідэнтычная: улада капіталу, фашысты, мілітарысты, «беглыя», «здраднікі», «нашчадкі паліцаяў» і г. д. Даставалася і Касцёлу як «інструменту ў руках Захаду»... Усё гэта — мінулае, якое незаўважна стала будучыняй.
Захад. Расія. Кітай. Прывіды мінулага
Кажуць, калі б не Гарбачоў, Саюз бы выстаяў. Таксама міф. Нават Андропаў разумеў, што жыць па-ранейшаму нельга. Спрабаваў па-свойму, адміністрацыйнымі метадамі, нешта вырашаць, няхай і няўдала. У палітычным запавеце на пераемніка ён рэкамендаваў... Гарбачова. Палітбюро абрала Чарненку, які працягнуў нядоўга. Гарбачоў стаў наступным — і апошнім.
Разам з тым падабенства той сітуацыі з сённяшняй зусім не кажа, што нам варта чакаць паўтору: Расія надрываецца праз ВПК — эканамічны і сацыяльны крызіс — новы віток распаду... РФ — не СССР, «пуцінізм» — не камунізм, а расійскія вайскоўцы — не савецкія.
Заўважым, што ў Саюзе пагражаць Захаду «ядзерным попелам» не мог нейкі там генерал ці партфункцыянер. Гэта была прэрагатыва генсека. Для іншых — тэма табу. Разам з тым дзеці савецкай эліты не вучыліся і не жылі на Захадзе, вертыкальшчыкі не мелі вілаў у Італіі. Тады які «ядзерны попел», калі там твае дзеці ці майно?..
Сацлагер на мапе Еўропы
Сёння цяжка акрэсліць, якія думкі ў галаве чалавека, які абвясціў, што распад СССР для яго — найбольшая трагедыя ХХ стагоддзя... Уявім, што ён, абцяжараны сваёй асабістай трагедыяй, выразна бачыць, што ўсё ідзе тым самым шляхам, што і ў 1980-я. Ці паспрабуе зрабіць так, каб гісторыя не паўтарылася?.. У кожным разе свет падышоў да вельмі небяспечнай рысы.
Захад, як і напрыканцы 1980-х, не хоча распаду Расіі. Чаму? Бо фактар Кітая. Бо ядзерны чамаданчык, які дастанецца немаведама каму. А для Расіі калектыўны Захад, як ні парадаксальна, — шанец. Шанец атрымліваць тэхналогіі, рынкі збыту, а галоўнае — гэта альтэрнатыва Кітаю. У саюзе з Кітаем, пра які цяпер часта гаворыць расійская прапаганда, РФ атрымае тактычныя бонусы, але стратэгічную паразу. Бо эканоміка і дэмаграфія відавочна паказваюць, што ў саюзе з КНР Расія вырачаная. Яна стане кітайскім сатэлітам без усялякай палітычнай самастойнасці.
Чытайце таксама: У Кітаі ўводзяць палітыку «адна сям’я — трое дзяцей»
Але гэта — логіка. Лагічна, што сябраваць выгадней, чым ваяваць. Лагічна, што Захаду не патрэбныя расійскія тэрыторыі. Лагічна, што ў вялікім канфлікце, што ў выпадку 1980-х, што ў 2020-х, проста не будзе пераможцы — усе прайграюць. Дык навошта гэта ўсё?.. Зрэшты, логіку часам дыктуюць зусім не факты ці аб’ектыўныя рэаліі, а прывіды мінулага, якія чарговы раз не збіраюцца паміраць.
Алесь Кіркевіч, budzma.by