У Кітаі ўводзяць палітыку «адна сям’я — трое дзяцей». Прычына — дэмаграфічны крызіс

08.06.2021 Замежжа

У Кітаі другі раз за пяць гадоў змянілася рэпрадуктыўная дзяржаўная палітыка — у 2016 годзе кітайскім сем’ям дазволілі мець двух дзяцей, а ў канцы траўня гэтага года Палітбюро КНР ўвяло палітыку «адна сям’я — трое дзяцей». Агульнанацыянальны перапіс у Кітаі праводзяць з 1953 года. У 2020-м ён адбыўся ў сёмы раз. Мяркуючы па апублікаваных выніках, цяперашнія тэмпы росту насельніцтва краіны — самыя нізкія ад моманту заснавання КНР.

У 2020 годзе ў Кітаі нарадзілася каля 12 мільёнаў дзяцей. Гэта на 15% менш, чым у 2016 годзе, калі ў краіне адмянілі палітыку «адна сям’я — адно дзіця» і дазволілі нараджаць дваіх дзяцей. Узровень фертыльнасці ў КНР цяпер адзін з самых нізкіх у свеце — 1,3 дзіцяці на адну жанчыну. Цяперашні ўзровень фертыльнасці ў Кітаі ніжэй так званага «сумарнага каэфіцыента нараджальнасці». Для захавання колькасці насельніцтва, гэта значыць ўзнаўлення пакаленняў, гэты паказчык павінен быць роўны 2,1.

Дэмографы папярэджваюць, што зніжэнне нараджальнасці і павелічэнне працягласці жыцця ў Кітаі прывядзе да дэфіцыту працоўнай сілы, здольнай пракарміць насельніцтва, якое імкліва старэее. Акрамя таго, з-за гэтых фактараў замарудзяцца і спажывецкія выдаткі, што акажа сур’ёзны ўплыў на эканоміку Кітая. Паводле прагнозу Міністэрства грамадзянскіх спраў КНР, да 2025 года ў краіне будзе больш за 300 мільёнаў чалавек ва ўзросце 60 гадоў і старэй, а да 2100-га колькасць насельніцтва скароціцца амаль удвая.

31 мая 2021 года Палітбюро Кітая дазволіла парам мець трох дзяцей. Гэта рашэнне, як тлумачыць кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа», накіравана на «падтрыманне нацыянальнай бяспекі і сацыяльнай стабільнасці і захаванне пераваг краіны ў галіне людскіх рэсурсаў».

У Палітбюро абяцаюць, што падтрымаюць сям’і, якія жадаюць займець трох дзяцей, удасканаліўшы сістэмы адпачынкаў для маці і страхавання, а таксама змяніўшы падатковую і жыллёвую палітыку краіны. Адна з канкрэтных мер падтрымкі — скарачэнне кошту вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, у Кітаі падвысяць пенсійны ўзрост — зараз мужчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, а жанчыны — у 55.

Штрафы, аборты і ператрусы

Палітыку «адна сям’я — адно дзіця» ў Кітаі ўвялі ў 1979 годзе, калі краіне пагражалі перанасяленне і голад — тады на адну жанчыну ў КНР прыходзілася ў сярэднім шэсць дзяцей. Завесці другога дзіцёнка да 2016 года маглі толькі жыхары вёсак, але пры ўмове, калі першай нараджалася дзяўчынка.

Улады сур’ёзна кантралявалі выкананне рэпрадуктыўнай палітыкі. Тых, хто парушаў гэты закон штрафавалі і звальнялі з працы, а жанчын — прымушалі да абортаў і нават гвалтоўна стэрылізавалі.

У 2018 годзе сярод жыхароў Кітая прайшла чутка, што ўлады маюць намер аслабіць сваю палітыку ў дачыненні да колькасці дзяцей у сем’ях. Інтэрнэт-карыстальнікі заўважылі, што перад 2019 годам на навагодніх паштовых марках былі намаляваныя бацькі-свінні і тры парася. Падчас палітыкі «адна сям’я — адно дзіця» там малявалі аднаго дзіця, а ў 2016-м — ужо два.

Тым часам праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла, што новая дэмаграфічная палітыка Кітая па-ранейшаму парушае сэксуальныя і рэпрадуктыўныя правы людзей. У інтэрнэце рэформу крытыкуюць. На думку карыстальнікаў папулярнага кітайскага сэрвісу мікраблогінгу Sina Weibo (аналаг Twitter), улады ўжо ніколі не змогуць кампенсаваць атрыманыя траўмы тым, каму давялося перажыць дыскрымінацыю, аборт і стэрылізацыю. Маладыя кітайцы прызнаюць, што праз ненармаваную працу яны не могуць дазволіць сабе мець дзяцей. «У нас нават няма часу з кімсьці сустракацца. 996 — лепшы кантроль над нараджальнасцю, хіба яны гэтага не разумеюць?» - пішуць карыстальнікі, маючы на ўвазе графік работы з 9-й раніцы да 9-й вечара шэсць дзён на тыдзень.

Паводле snob.ru