Мінулы тыдзень, насычаны сонечным цяплом і светам, падарыў не адну незабывальную сустрэчу з творцамі.
11 красавіка ў “Літаратурнай гасцёўні” пры Галерэі мастацтваў і ў сярэдняй школе №3 г. Бяроза адбыліся творчыя сустрэчы з літаратарамі Берасцейшчыны. Валянціна Осіпава, Мікола Пракаповіч і Яўген Бяласін не толькі пазнаёмілі школьнікаў і слухачоў літаратурнай гасцёўні са сваімі паэтычнымі творамі і перакладамі, але і расказалі прысутным пра творчасць найбольш значных берасцейскіх паэтаў і пісьменнікаў.
Таксама быў прадэманстраваны фільм пра Міколу Арахоўскага, які з вялікай цікавасцю быў успрыняты школьнікамі. Складаны лёс земляка-драматурга, які не здаўся на міласць цяжкай хваробы, а нягледзячы на тое, што доўгія гады быў прыкаваны да ложка, актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю, з'яўляецца добрым прыкладам для юнакоў і дзяўчат.
Валянціна Осіпава расказала пра дзейнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!” на культурніцкай ніве і правяла літаратурна- гістарычную віктарыну сярод вучняў. Ад “Будзьмы” ўручыла бібліятэкарам сярэдняй школы №3 г. Бяроза, якія прысутнічалі на сустрэчы і загадчыцы Галерэі мастацтваў часопісы “Дзеяслоў”, а найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі на памяць аб творчай сустрэчы памятныя прызы.
А ў Мінску гэтам жа днём адбылася сустрэча з дзіцячай пісьменніцай – Наталкай Харытанюк. Да сябе ў госці пісьменніцу запрасіла дзіцячая бібліятэка № 14. Тут ужо 3-і год у межах моўнага праекта “Чытанні з Буслікам” ладзяцца цікавыя сустрэчы з творчымі асобамі.
Наталка Харытанюк родам з Брэста. Менавіта сваёй малой радзіме яна прысвяціла сваю кнігу “Казкі старога Адамкова”. “Адамкова” – гэта назва былога фальварка ў Брэсце, што знаходзіцца ля самага берага Буга, на памежжы з суседняй Польшчай, а сёння з’яўляецца адміністрацыйным раёнам абласнога горада. Ідэя напісаць кнігу для дзяцей з’явілася ў галаве маладой творцы, калі яна нарадзіла сына і стала яму расказваць казкі. Галоўныя героі кнігі – дзяўчынка Наталка (так звалі пісьменніцу ў дзяцінстве бацькі) і яе старэйшы брацік Кастусь. Увесь час яны трапляюць у неверагодныя сітуацыі, з імі здараюцца самыя розныя прыгоды. Кніга казак напісана ў жанры сюррэалізму, дзе, як тлумачыць аўтарка, сапраўдныя рэчы ажываюць, а прыгоды герояў заснаваны на рэальных падзеях. А якія тут шыкоўныя і яркія ілюстрацыі! Іх стварыла маладая і вельмі таленавітая мастачка Воля Кузьміч. Кніга напісана сакавітай беларускай мовай, аўтарка ўдала спалучае сучасныя і састарэлыя родныя словы, якія сёння вельмі рэдка можна сустрэць у літаратуры. Так, прачытаўшы казку, можна даведацца, хто такія “ласун” і “ласуха” і што такое “цягліца”, “імберац” і “цынамон”.
А яшчэ на сустрэчы былі гульні! “Атлас на целе”, “Унікальнае беларускае слова” ды інш. Пераможцы атрымлівалі прызы. Не проста сустрэча, не проста прэзентацыя дзіцячай кнігі, а цудоўны ўрок па беларускай мове атрымаўся гэтым разам у Бусліка! Удзельнікі праекта не падвялі: паказалі багатыя веды роднай мовы і літаратура, а бібліятэка атрымала шмат сонечнай цёплай энергіі, якая сыходзіла ад надзіва абаяльнай спадарыні Наталкі!
12 красавіка Бярозу наведала паэтэса Вера Буланда. Сустрэча адбылася ў СШ № 2. Распавядаючы сваю біяграфію, Вера Аляксандраўна прыгадала настаўніцтва, выкладанне беларускай мовы і літаратуры, кіраўніцтва фальклорны гуртом і іншае. Спыніла ўвагу слухачоў на спектаклі “Дзед”, які ў гэты самы дзень паказваўся ў Брэсце, а назаўтра планаваўся быць у г. Бяроза. Спадарыня Вера не магла не распавесці выхаванцам пра падзеі ваеннага часу і ў яе на радзіме – в. Мсціж. Кніга У. Ліпскага “Доўгія вёрсты вайны” некалі сур’ёзна кранула пачуцці будучай паэтэсы. Пасля яна напісала ў адным са сваіх вершаў:
І з Тусналобаваю Зінай
Цягнула раненых, і зноў…
Скажыце, шкадаваць не дзіўна,
Што не мая там стыла кроў?
Не я ад лёду адарвана
І не абрубкі замест рук,
На павуцінцы наснаванай
Не мой ледзь чутны сэрца стук…
Думкай пра выхаванне Вера Аляксандраўна прадоўжыла размову пра адносіны дзяцей з бацькамі, настаўнікамі, людзьмі старэйшага пакалення. Прачытала вершы, прысвечаныя маме, тату, сваім настаўнікам, у якіх падкрэсліла: “Святлом вачэй, цяплом надзей на лепшае дабраславіце!”, “Да сэрцаў каб людскіх дарога і мной пракладзена была!”
Вучні ў час гутаркі задавалі пытанні. Іх цікавіла, як пішуцца вершы, якія тэмы найбольш любімыя ў паэтэсы, вершы якіх паэтаў ёй больш падабаюцца, ці не шкадуе яна, што піша…
Ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” самыя актыўныя суразмоўцы атрымалі ў падарунак налепкі, календар і кнігі вядомых паэтаў Беларусі.
А 13 красавіка сяброў “Будзьма беларусамі!” ды Саюза беларускіх пісьменнікаў сустракаў Магілёў – “Кумпанія” Віктара Сямашкі зайграла ў магілеўскім Цэнтры “Кола”.
Дзею распачаў праект “Сінія Горы”, дзе ролю вакаліста й гітарыста выконвае Дзяніс Кудраўцаў. Дарэчы, у 2016 г. Дзяніс зняў найлепшы буктрэйлер у межах фэстывалю velcom Smartfilm да кнігі Сяргея Дубаўца “Сіні карабель у блакітным моры плыве”.
“Кумпанію” Віктару Сямашку склаў сярод іншых ураджэнец Магілева, саксафаніст і паэт Фрыдрых Самотны. Увогуле, на імпрэзу сабралася інтэлігенцыя розных узростаў ня толькі з Магілеву, але й з Быхава ды Бялынічаў. У тым ліку прадстаўнікі мясцовага хіпі-руку 1960-70-ых гг. Віктар дэклямаваў і спяваў уласныя вершы пад імправізацыйны акампанэмэнт калегаў. Па словах франтмэна, кожная кампазіцыя выконваецца гуртом толькі аднойчы.
Цягам віктарыны прысутныя атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” ды Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – календары, кнігі, торбы, нумары часопіса “Дзеяслоў”. У сваю чаргу гаспадар “Кола” Віталь Васількоў уручыў музыкам керамічныя мэдалі ўласнага вырабу з выявамі архітэктурных помнікаў роднага горада.
Журналіст Аляксандр Сабалеўскі, які рыхтуе да публікацыі відэа з імпрэзы, падзяліўся ўражаннямі: “Неверагодны блюз-джаз-рок у выкананні “Віктара Сямашкі ды Кумпаніі” плюс улётна-псыхадэлічная музыка ад “Сініх Гораў” Дзяніса Кудраўцава раскруцілі “Кола” да неверагодных абаротаў. Хто не прыйшоў - вельмі шмат згубіў...”
18 красавіка ў гімназіі № 7 г. Мінска пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася сустрэча з пісьменніцай Аксанай Спрынчан і музыкам Ярашам Малішэўскім. Аўдыторыю, апрача настаўнікаў, складалі вучні 5 і 9 класаў. Здавалася, што ў гэты цёплы і сонечны красавіцкі дзень сама прырода спрыяе і натхняе тых, хто сабраўся ў гэтым памяшканні. Пазнаёміўшыся з гасціннымі гаспадарамі, Аксана ды Яраш ўзяліся за справу. Напачатку прагучала дуда – знакавы беларускі інструмент, без якога абысціся папросту няможна.
А пад рукою ў Яраша Малішэўскага была не толькі яна – каралева беларускае музыкі, пра якую ёсць што апавесці, і ёсць, што паслухаць. З футаралаў, нібыта праз нейкае штукарства і чарадзейства, з’яўляліся жалейка і варган, дудкі і акарыны, пішчыкі ды свісцёлкі. Кожны з іх вымагаў хаця б кароткага аповеду, бо ладная частка слухачоў-гледачоў сустракалася з падобнымі рэчамі ўпершыню. І штораз новая прылада выклікала захапленне і непадробную цікавасць. Аксана Спрынчан таксама чаргавала ў сваёй прамове рознае.
Кнігі і вершы, проза і загадкі – на ўсё знаходзілася сваё месца. А воплескі і ўсмешкі яскрава сведчылі – на сустрэчу ўсе прысутныя сабраліся недарэмна. Прызы ад кампаніі “Будьма” атрымлівалі тыя, хто ўлучаўся ў размову, задаваў пытанні ды адказваў на тыя, што гучалі з вуснаў выступоўцаў. А завяршылася гэтае культурніцкае спатканне, вядома ж, песняй, якую Яраш, хуценька развучыўшы з прысутнымі, прапяяў на развітанне пад акампанемент мандаліны. Цудоўны дзянёчак працягваўся. Вучняў чакалі новыя заняткі, а выступоўцаў – новыя дарогі.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню:
stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!