10 ліпеня ў сталічнай кавярні CoffeeOn усе ахвочыя змогуць пакаштаваць гарачы кактэйль з дабу, джазу й хіп-хопу ад чалавека-аркэстра Цімура Рэйзіса (Тымура) у межах праекту «П-ЦЦ-П». Будзьце асьцярожны! Бо ў складнікі вечара ўвайшлі жывы гук, псыхадэлічны лаўндж і асьвяжальна гіпнатуючы груў.
Гэтага чалавека можна пабачыць на самых розных музычных падзеях і вечарынах. Але «тусоўшчыкам» яго не назавеш. Цімур заўсёды засяроджаны на музыцы, а кола праектаў зь яго ўдзелам уражвае: «Аддис Абеба», Ceilidh Ceol, «Метадаб», «Пипапалам»,«Пукстбэнд», «СолнцеЦветы», «Хайле Туммс». Нядаўна выступаў з бардам Раманам Ярашам і гуртом«Ведзьма». Нават меў уласны гурт гаражнага року «700 тон паліва»! Ня дзіва, што прыродная цікавасьць да ўсяго новага ў музыцы, нарэшце «пераўтварыла» самога Цімура Рэйзіса ў музычны інструмэнт і падштурхнула з усім назьбіраным досьведам у сьвет бітбоксынгу.
«П-ЦЦ-П» зьяўляецца вынікам маёй цікавасьці да накірунку, зь якім я пазнаёміўся і палюбіў, калі граў у гурце «Хайле Туммс» – распавёў Цімур. – Гэта злучэньне дабу, трып-хопу, джанглу, тэхна, эйсід-джазу, разнастайнае «гнуткае і чалавечнае» этныкі. Калі «Хайле Туммс» быў «паглынуты» новым праектам «Аддис Абеба», я спрабаваў аднавіць і разьвіць гэтыя ідэі ў гуртох «Пипапалам» і «Метадаб». Праз гэтыя гурты прайшло даволі шмат народу, але нязьменны касьцяк заўсёды стваралі мы з бубначом-пэркусыяністам Мікітам Кузьміным.Недзе год таму паўстала ідэя выкарыстаць вакал з рознымі апрацоўкамі для ўшчыльненьня інструмэнтальнае пачкі, ну а да бітбоксынгу тут заставаўся толькі адзін крок.»
«Пяты элемэнт хіп-хопу» даў Цімуру творчую свабоду: «Бітбокс дазваляе не залежыць ад драм-машыны ці «фанэрных» барабанаў, цалкам спалучальны з клявішамі, плюс у музыцы захоўваецца жывы груў. Усе кампазыцыі пішу практычна сам, аднак маецца кавэр на Radiohead. У плянах зрабіць кавэра на Gods Tower, Чарльза Мінгуса.»
Варта ведаць, што на канцэрце «П-ЦЦ-П» будзе выбрана лепшая пара танцпадлогі, якая атрымае бясплатны аўтограф і тост ад Цімура, а таксама шанец бясплатна патрапіць на яго наступны выступ.
«Кавярню CoffeeOn мне параілі сябры. У прынцыпе, выступіць там можа любы музыка, чыя творчасьць падыходзіць пад атмасфэру месца. А паколькі я магу разгарнуцца ў любым куту, дзе ёсьць электрычнасьць, то бязглузда было б не выкарыстаць такой магчымасьці.»
Канцэрт Цімура Рэйзіса пачнецца 14 ліпеня а 20-й у менскай кавярні-бары CoffeeOn (побач з Інстытутам Культуры)вул. Суражская 4. Даведкі праз тэлефон: +375 44 555 0274
Блёг праекта «П-ЦЦ-П» (аудыё і відэа): ptstsp.blogspot.com
Вольга Сямашка, «Тузін Гітоў»