Праект Funny Nose дзейнічае ў Беларусі ўжо больш за пяць гадоў. Днямі бальнічныя клоуны ўпершыню выйшлі “ў народ” — спектакль “Без тормозов”, які звычайна паказваюць у шпіталях, прадэманстравалі ў адной з мінскіх кавярняў.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” паразмаўляла з удзельнікамі праекта Паўлам Цімашуком і Кацярынай Каробавай пра асаблівасці прафесіі і людзей, якія ў вольны час вяселяць хворых дзяцей.
Пра з’яўленне праекта
Ідэя прыйшла з Італіі, калі дзяўчына з Гомеля Марына Ермакова ўбачыла ў італьянскім шпіталі клоунаў і ў 2009 годзе запрасіла іх у Беларусь, каб яны навучылі нас сваёй прафесіі. У 2013 годзе праект пашырыўся, з’явіўся філіял у Мінску.
Мы — валанцёрская арганізацыя, да нас прыходзяць людзі розных прафесій: дактары, педагогі, інжынеры. Галоўны крытэр, па якім мы абіраем людзей, — досвед працы з дзецьмі, аніматарскі ці педагагічны. Галоўнае, каб чалавек быў адкрыты і адэкватны.
Пры гэтым мы імкнёмся ставіцца да гэтай працы менавіта як да прафесіі. Усіх, хто прыходзіць да нас, мы стажыруем, праводзім суразмову, а пасля займаемся павышэннем узроўню і кваліфікацыі.
Пра асаблівасці прафесіі
Прафесія бальнічнага клоуна спалучае мноства ведаў — медыцынскія аспекты, акцёрскае майстэрства, педагагічныя навыкі, уменне паказваць фокусы. Бальнічны клоун працуе ў пары ці ў тройцы, бо мы прыходзім у незнаёмую палату, не ведаючы, хто там. Мы не ведаем ні ўзросту, ні колькасці людзей. І калі адзін з нас “застопарыцца”, іншы падхопіць імправізацыю. Калі проста прыйсці да дзіцяці, “прапанаваць кантакт”, можна напалохаць. А калі клоуны прыходзяць у пары, пачынаюць гульню паміж сабой, увага дзяцей сама канцэнтруецца на іх, дзеці ўцягваюцца ў працэс.
Цяпер у нашым праекце задзейнічаныя дваццаць чалавек, у сярэднім дванаццаць-шаснаццаць выхадаў у бальніцы альбо цэнтры рэабілітацыі для дзяцей штомесяц.
Як трапіць у праект?
Першапачаткова мы вядзём набор праз сацыяльныя сеткі, у нас ёсць акаўнты ў vk.com, Facebook, Instagram, дзе мы расказваем пра сваю працу.
Бальнічны клоун — гэта чалавек, які дапамагае іншаму адцягнуцца ад сваёй праблемы або хваробы хоць на нейкі час. Шмат хто з нас прыйшоў у праект, бо перажыў хваробы родных, але гэта не адзіная прычына. У кожнага з нас ёсць асноўная праца: хтосьці — трэнер, хтосьці — прадавец, хтосьці — прафесійны арганізатар мерапрыемстваў. Выхады ў бальніцы ў нас праходзяць у вольны час і на выходных.
Але мы мусім увесь час развівацца, бо калі ты перастаеш быць цікавым у сваім амплуа самому сабе, то ты наўрад ці зможаш зацікавіць дзіця.
Мы запрашаем людзей, старэйшых за 21 год, пытаемся пра досвед працы з дзецьмі, сямейны, ці валанцёрскі. Пытаемся, ці ўяўляе чалавек, чым збіраецца займацца, ці гатовы траціць час — мінімум два “выхады” ў месяц, плюс трэнінгі і спектаклі.
Пасля навучання мы даём магчымасць выйсці да дзяцей з дасведчаным клоунам, бо не ведаем: можа, чалавеку будзе цяжка адразу пачаць працаваць у шпіталі.
Пра праблемы
Найперш няма столькі вольнага часу, каб болей аддаць бальнічнай клаунадзе і самаразвіццю. Некаторыя праходзяць праз “выгаранне” — надта шмат дзейнасці, якую трэба сумяшчаць з асноўнай працай.
Калі казаць пра агульныя праблемы, то яны ў нас падобныя да праблем іншых валанцёрскіх арганізацый — няма рэгулярнай спонсарскай падтрымкі, хаця б галоўнага менеджара, які мог бы займацца выключна праектам. Таксама ўцечка валанцёраў, пры тым, што навучыць кожнага клоуна — таксама няпростая задача. Мы імкнёмся ўсіх забяспечыць касцюмамі, бацінкамі і гэтак далей.
Наша мара — уласнае памяшканне, дзе можна праводзіць трэнінгі, даводзіцца пакуль што праводзіць іх там, куды нас пусцяць добрыя людзі, бо нават проста сустракаецца трупа хіба што на “выхадах” і трэнінгах.
Але мусім заўважыць, што спагадлівых людзей шмат, нам актыўна дапамагаюць — хто касцюмы пашые, хто з рэквізітам дапаможа. Падтрымку мы адчуваем увесь час, і гэта дае сілы працягваць.
Пра спектакль “Без тормозов”.
Расказвае рэжысёр Алена Емельян:
«Без тормозов» – мой чацвёрты спектакль з бальнічнымі клоунамі. Нашы спектаклі асаблівыя – у іх можна і трэба ўдзельнічаць гледачам, таму заўсёды ёсць рызыка нечаканасці.
Бальнічная клаунада – гэта пра стварэнне атмасферы. Хочацца, каб гледачы суперажывалі нашым героям і нават пазнавалі сябе, свае адносіны з блізкімі.
«Без тормозов» — спектакль пра тое, што па дарозе ў Маладзечна, можна апынуцца … у Парыжы! І што незразумела, каго ты сустрэнеш на сваім шляху, і што самае галоўнае ты можаш проста праспаць. І падчас прагляду ты робішся простым і смелым, як у дзяцінстве.
Мы паставілі спектакль у кавярні 1801 для таго, каб паказаць, як працуе бальнічная клаунада. Што смех дапамагае. Што добры настрой – залог здароўя. Ды і нашы родныя і блізкія па-добраму крыўдзіліся, што мы ўсё ў шпіталях, ды ў шпіталях працуем.
Калі шчыра, нам было страшна да жудасці (усім акторам). Гэта наш першы свядомы смелы крок у “вялікі свет” і, вядома, мы перажывалі. Таму што сябрам і родным паказваць спектакль цяжэй, чым незнаёмым людзям.
Дапамагчы праекту Funny Nose можна праз сістэму “Расчет Ерип” па кодзе паслугі: 4485501
Юрась Ускоў, фота — Аляксандр Кісялёў
Праект “FUNNY NOSE” стаў адным з фіналістаў курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNUNetworkUniversity (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).