Уладзімер Арлоў правёў аўтарскую сустрэчу ў Полацку 13 лютага.
Сустрэча праходзіла ў Полацкім музеі кнігадрукавання. Прысутных было некалькі дзесяткаў.
Уладзімер Арлоў вітаў гасцей Полацка – культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе. Гаворка ішла пра гісторыю Полацка, адраджэнне яго ў апошнія гады, якое і дазволіла набыць статус культурнай сталіцы.
Уладзімер Арлоў: “Сустрэча прайшла класна. Я быў прыемна ўражаны тым, што менавіта на яе прыехаў жаночы клуб “Адкуль Я родам” з мястэчка Язна Мёрскага раёну. Але больш за ўсё мяне ўразіла, што жанчыны з такой глыбінкі былі знаёмыя з маімі кнігамі. Нават прыехалі ўжо з набытымі, каб атрымаць аўтограф”.
Падчас сустрэчы Уладзімер Арлоў зрабіў музею неверагодны падарунак. Ён падараваў кнігу 1826 году выдання “Імшал”, надрукаваную ў друкарні Полацкага ліцэя піяраў. Гэта рэдкая, шыкоўна выдадзеная кніга, з добрай паліграфіяй, з друкам у некалькі колераў, якую набыў на замежным аўкцыёне сябра пісьменніка Андрэй Макагон.
Сустрэча падзялялася на дзве часткі, гістарычную і паэтычную. На развітанне паэт, гісторык і празаік задаў хатняе заданне слухачам: назавіце 10 рэчаў у доме, якія сведчаць аб тым, што вы беларусы. Пісьменнік узгадаў, як выступаў у школе і задаваў такое пытанне дзецям. Дзеці звычайна адказваюць: бабулін ручнік, Біблія на беларускай мове. Нават у расійскамоўных сем’ях абавязкова дома ёсць кнігі Караткевіча і Быкава на беларускай мове.
Аўтарская сустрэча прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Полацк