Старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Станіслаў Чавус расказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук пра незвычайную мастацтвазнаўчую знаходку.
У Кальварыйскім касцёле ў Мінску знаходзіцца распяцце Хрыста, якое, паводле падання, належала вялікаму князю Ягайлу. Лічылася, што гэтая скульптура валодае цудатворнай сілай і звязана з асобай Уладзіслава Ягайлы, караля Польшчы і вялікага князя літоўскага.
Некалі ў в. Краснае Сяло, ці па-іншаму, у в. Плябань (якая сёння не в. Краснае, а менавіта в. Плябань Маладзечанскага раёна) у касцёле (сёння гэта Успенская царква) знаходзілася вялікая фігура ўкрыжаванага Хрыста, што была вядомая як «Пан Езус Ягелонскі» (ці, адпаведна, Краснасельскі).
Скульптура гэтая шанавалася як цудоўная. Менавіта для яе змяшчэння ў сярэдзіне XIX ст., пры пабудове новага касцёла на месцы папярэдняга, была ўзведзена асобная капліца (яна прымыкае да галоўнага фасада перпендыкулярна асноўнаму аб’ёму будынка).
«А ў 1939 г. ў Вільні была выдадзена брашура, якая змяшчае старую песню пра цудоўнае ўкрыжаванне, малітву і легенду аб яго паходжанні. Згодна легенды з’яўленне фігуры Хрыста ў Плябані (Красным Сяле) звязана, як вы, напэўна ж, здагадаліся, з Каралём Польскім і Вялікім Князем Літоўскім Уладыславам Ягайлам і паходзіць яна ажно з XV ст. На вокладцы маецца фотаздымак...
Дык вось, на фотаздымку — укрыжаванне, якое і сёння можна пабачыць у Мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Праўда, здаецца, ніхто пра гэта і не ведае.
Але тое, што былы «Ягелонскі Хрыстос» прызямліўся ў Мінску, не здзіўляе, бо пасля адкрыцця кальварыйскага касцёла ў 1980 г., першым яго пробашчам стаў кс. Ян Адамовіч з в. Краснае (якая ў 3-х км. ад в. Плябань)
Такая вось гісторыя пра нястрачаную, але забытую каштоўнасць».