Як дабрачыннасць умацоўвае салідарнасць у грамадстве

Пра кансалідацыю беларускага грамадства на базавых каштоўнасцях кажуць не адзін дзясятак гадоў з розных бакоў палітычнага і грамадскага спектра. Але, як падаецца, і кансалідацыі няма, і ўласна наконт каштоўнасцяў ёсць шмат пытанняў.

Сучасная сістэма ў свеце будавалася на намаганнях імкнуцца да справядлівасці і салідарнасці розных слаёў соцыуму. Адной з асноваў гэтага ёсць дабрачыннасць як праяўленне салідарнасці на ўзроўні мясцовай супольнасці, альбо — шырэй — народа.

Поспехі Ісландыі ў футболе – заслуга моцнай грамадзянскай супольнасці

Што вядома пра дабрачыннасць у сённяшняй Беларусі?

Адкінем шматлікія аб'явы пра збор сродкаў на лячэнне і г.д., якія, па сутнасці, не ёсць заклікам да дабрачыннай дзейнасці, а хутчэй элементамі маркетынгу. Дабрачынныя фонды — закрытыя арганізацыі, дзейнасць якіх не заўжды навідавоку. Клубная дабрачыннасць прадпрымальнікаў усё часцей нагадвае візіты ў дзіцячыя дамы перад навагоднімі святамі. Здаецца, і патрэбная рэч, і важная, але нешта патыхае паказухай. Ужо прабачце.

Пра масавую дабрачыннасць у Беларусі не вядзецца. Дабрачынныя тэлемарафоны ўжо ў мінулым.

І рэч нават не ў тым, што беларусы бедныя і сквапныя, не разумеюць неабходнасці быць салідарнымі. Беларусы — такія ж звычайныя людзі, як і па ўсёй планеце. Прычына ў тым, што ў нас нават спробы не рабіліся арганізоўваць розныя формы сацыяльнага стымулявання ахвяраванняў і развіцця салідарнасці на лакальных узроўнях.

Паўсюль, дзе распаўсюджаныя масавыя дабрачынныя ахвяраванні, існуе простая і зразумелая сістэма, якая зацікаўлівае грамадзянаў.

Прыклад — сетка Goodwill у ЗША, краіны развітага грамадскага салідарызму і дабрачыннасці.


goodwill-bryne-drive.jpg

Больш за 50% паўночнаамерыканцаў ахвяруюць грошы на дабрачыннасць

Большасць тых, хто бываў у Паўночнай Амерыцы, бачыла і карысталася сэканд-хэндамі, больш падобнымі на савецкія "камісіёнкі".

Goodwill — не проста сетка з 3200 крамаў у ЗША і яшчэ 16 краінах. Як і большасць паспяховых дабрачынных праектаў, кампанія была створаная хрысціянскай місіяй.

Датай яе заснавання лічыцца 1919 год. З тых часоў арганізацыя некалькі разоў мяняла уласнікаў і фармат, але скіраванасць на дабрачыннасць заўжды захоўвалася.

Галоўнай задачай Goodwill з'яўляецца не толькі збор і продаж ужыванага адзення, тэхнікі, мэблі, але і працаўладкаванне людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, людзей з крымінальным мінулым, працоўныя курсы і стажыроўкі.

Асобны кірунак — развіццё валанцёрскага руху і ўцягванне шырокіх слаёў грамадства ў дабрачынную дзейнасць.

Вы не паверыце, але досвед валанцёрскай працы ў ЗША станоўча ўспрымаецца працадаўцамі пры разглядзе рэзюмэ кандыдатаў. А дабрачынныя ахвяраванні ўжываных рэчаў дазваляюць кожнаму амерыканцу спісваць частку падаткаў.

Тое, што фінансавыя выгады — найлепшы стымулятар для дабрачынных ахвяраванняў, у ЗША зразумелі даўно. Пагадзіцеся, спісваць падаткі праз здачу старых рэчаў, якія і выкінуць не шкада, — прыемны бонус.

Аматарскі спорт як стымуляцыя грамадскай актыўнасці

Грамадзянін не проста здае рэчы, але бачыць, як дапамагае ўтрымліваць краму ў сваёй мясцовай супольнасці, супрацоўнікаў, якія маюць заробак у тым ліку дзякуючы яго асабістаму ўдзелу, дапамагае мясцовым жыхарам атрымліваць прафесійную асвету. Не сакрэт, што да 90% ахвярадаўцаў робяць пакупкі ў крамах Goodwill. Такім чынам, людзі ахвяруюць на дабрачыннасць "двойчы".

Па статыстыцы партала Donation Watch, больш за 50% паўночнаамерыканцаў ахвяруюць грошы на дабрачыннасць. Там жа адзначаецца, што афіцыйнай статыстыкі бракуе, і дадзеныя грунтуюцца на сацыялагічных апытаннях.

Узровень грамадскай салідарнасці залежыць ад развітасці гарызантальнага ўзаемадзеяння

На жаль, больш-менш праўдзівую статыстыку па Беларусі знайсці не атрымалася. Але маю ўпэўненасць, што ў нас гэтая лічба нашмат меншая.

Аналізуючы развітасць грамадскай супольнасці ў ЗША і ўлічваючы той факт, што большасць тых, хто ахвяруе на дабрачыннасць, — прадстаўнікі бедных слаёў насельніцтва, можна зрабіць выснову: узровень грамадскай салідарнасці залежыць ад развітасці гарызантальнага ўзаемадзеяння, а не ад дабрабыту.

Таксама можна меркаваць, што падмуркам сённяшняй рэчаіснасці ў ЗША сталі захады дзяржаўных органаў у пачатку мінулага стагоддзя, калі Штаты напаткала серыя сур'ёзных эканамічных дэпрэсій і дзяржапарат быў не ў стане спраўляцца з беднасцю. Абапіраючыся на хрысціянскія арганізацыі, улады здолелі стварыць і развіць грамадскія сацыяльныя інстытуты з функцыямі адпаведных дзяржаўных органаў. Чыноўнікаў не бянтэжыць, што яны перадаюць частку сваіх паўнамоцтваў грамадскім аб'яднанням (і гэта тычыцца амаль усіх сфераў жыцця).

Важны момант: ахвярадаўцы больш ахвотна ўзаемадзейнічаюць з лакальнымі арганізацыямі, калі дабрачыннасць можна ўбачыць, ведаць, што яна пазітыўна паўплывае на людзей з мясцовай супольнасці. Таму Goodwill і іншыя падобныя структуры заўжды робяць акцэнт на скіраванасць сваёй дзейнасці на мясцовыя патрэбы.

11111.jpg

Адказная дзяржаўная структура з разуменнем неабходнасці развіцця нацыі

Нехта запярэчыць, што ЗША — не найлепшы прыклад "сацыяльнай дзяржавы". Сапраўды, магчыма, у большасці момантаў гэта так.

Але, магчыма дзякуючы гэтаму ў амерыканцаў атрымалася добра дэлегаваць грамадству частку дзяржфункцый. І гаворка не толькі пра "сацзабеспячэнне", але, напрыклад, і пра бяспеку (узброеныя фарміраванні з цывільных грамадзян распаўсюджаныя ў штатах).

Недзяржаўны сектар разглядаецца амерыканцамі не як супрацьлеглы дзяржаўнаму, але як яго аснова. Гэта, магчыма, замінае пэўнай частцы амерыканскіх эліт, але яны вымушаныя лічыцца з яго існаваннем, выкарыстоўваць, наколькі гэта магчыма, дзеля эвалюцыі сістэмы.

Развітая салідарная грамадская супольнасць служыць моцным падмуркам для дзяржавы і эвалюцыі народа. І наадварот: адказная дзяржаўная структура з разуменнем неабходнасці развіцця нацыі як элементу сістэмы эвалюцыянуе да падмурку для пабудовы салідарнага соцыуму, што абапіраецца ў першую чаргу на базавыя каштоўнасці.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!