Дабро спарадзіў Нішто

Сяргей Пукст падрыхтаваў праект-містыфікацыю, праект-пустату, праект-нішто, які чаруе і вабіць якраз вось гэтай сваёй нікчымнасьцю і бяздоннасьцю.

Упершыню Сяргей Пукст паведаміў, што ён ёсьць Дабро, у кулуарах прэміі RockProfi у 2013. Тады ідэя асвоіцца ў жанры шансону (у рускім разуменьні cтылю) выглядала ня больш чым на бздуру артыста-правакатара, псыхіку якога траўмаваў бой на “Музычным рынгу” супраць Віктара Каліны. Вядома ж, шалёная папулярнасьць артыстаў гэтага жанру ў нашых краях, “Шансон-ТВ” у кожным доме і “Радыё Рокс” ва ўсіх маршрутках робяць сваю справу – людзі неабазнаныя прымаюць гэта за музыку, а творцы часам разглядаюць дадзеную сытуацыю навязваньня як асабісты выклік (сл. “Куплеты і прыпевы” Вольскага, “Шо-Шо” Хведара Шчавеля). Уцягнуўся ў гэтую гульню і Пукст, самы неардынарны беларускі артыст, які схітрыўся нядаўна так выканаць “Александрыну”, што выклікаў нянавісьць сям’і Мулявіна. Цяпер яго могуць узьненавідзець яго ж прыхільнікі.

У сваім новым арт-праекце Сяргей, а дакладней яго альтэр-эга ў выглядзе немаладога і жанатага пэрсанажа Георгія Дабро, размаўляе зь меркаванай аўдыторыяй агульнапрынятай мовай, дае цалкам ясныя сыгналы і пасылы, каб яшчэ чаго добрага не выклікаць разрыў шаблёну. Робіцца гэта вельмі тонка, іронія ў творчым выказваньні калі і прасочваецца, то такая лёгкая і ненавязьлівая. Разьлік на тое, каб абывацеля не спужаць і даць яму тое, чаго ён прагне. “Людзям хочацца нармальнага прагаворваньня зусім простых рэчаў”, – вяшчае Дабро з экрана тэлевізара вядучай, якая слухае яго з надзвычай сур’ёзным выглядам. А гэта значыць, што містыфікацыя ўдалася, як тут не згадаць Курохіна з Шолахавым. Пукст вельмі блізкі да гэтых жа матэрыяў.

Прэтэнзія да “Энергіі” адна. Чаму гэта не альбом? У рэліз увайшлі толькі 6 песень, што не дае падставаў назваць яго паўнавартасным. І да ўсяго на дыск ня трапілі цудоўныя, нават лёсавызначальныя, калі казаць пра кар’еру менавіта Георгія Дабро, песьні – “Бальзаковский возраст” і “Америка”. Але галоўнае, што тут ёсьць “Сегодня на работу не пойду” – галоўны цуд гэтага ўсяго праекту. Песьня нібы адмыслова напісаная да фільму “Отпуск в сентябре”. Таму нядзіва, што на кліп-коўб з Далем можна глядзець як на агонь – вечна.

Наогул жа праект “Георгій Дабро” – гэта барацьба між двума “я” аўтара. Вядома ж, як Дабро ён робіць сваю справу шчыра – не папракнеш. Артыст гранічна сур’ёзны, падвоху нават спрактыкаванае вуха не адчуе (а які можа быць падвох у “Лодочках”?). Але часам ці то нэрвы здаюць, ці тое інтэлект бярэ сваё, і ў гэтую дакладна абазначаную прастору ўрываецца сам Пукст, які – наўмысна ці не – дае сыгнал тым, хто вырашыў працягваць праслухоўваньне: рабяты, тут ня ўсё проста. І тады ўзьнікае дзівосны кавэр на “Lithium” ад Nirvana альбо фірмовы пукстовы рык у “Амерыцы”, якой тут, зрэшты, няма.
“Дабро” – праект мабільны з улікам таго, што ў ім удзельнічае толькі адзін чалавек. Без інструмэнтаў, бо прынцыпова выступае пад фанаграму (да плюсавой яшчэ не дайшло, але ўсё можа быць). Зрэшты, і самога выканаўцы таксама няма, ёсьць толькі Пукст і Пустэча, у якую так цікава зазірнуць і ў якой так проста згубіцца.

Cпампаваць альбом можна на Ultra-Music

Ідэя: 2
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 2
Аздабленьне: 2

Сяргей Будкін