Усё-такі, што б ні балбатала тутэйшая прапаганда, застаецца фактам, што чым далей на Захад, тым вышэй заробкі. Ці вось, напрыклад, запланавалі рамонт у кватэры, а будаўнікі вам прапаноўваюць, маўляў, давайце зробім еўрарэмонт. Ніколі не чуў, каб хтосьці прапанаваў «росрэмонт» ці «белрэмонт».
І так ёсць ад стагоддзяў. Выбітны французскі гісторык гаспадаркі Фернан Брадэль прасачыў такую заканамернасць ад ХІІІ ст., глыбей прасунуцца не ўдалося — не хапае пісьмовых крыніц. Брадэль асэнсаваў, сфармуляваў і ўвёў у навуку тэрмін «свет-гаспадарка», які арганічна ўваходзіць у больш шырокае паняцце «цывілізацыя» і зусім не тоесны паняццю святовай, глабальнай эканомікі.
Кнігі Ф.Брадэля па-расейску
Святовая гаспадарка — з’ява найноўшых часоў, а светы-гаспадаркі існуюць з далёкай старажытнасці. Свет-гаспадарка ў мінулым — частка зямнога шара, злучаная, павязаная, аб’яднаная ў адно цэлае перапляценнем мноства гандлёвых сувязяў ці «эканомікай абмену», па выразу Фернана Брадэля. Ён вылучыў у мінулым некалькі такіх гаспадарак, акрамя еўрапейскай, арабскую, кітайскую, індыйскую, турэцкую, расейскую.
Яны мелі між сабой кантакты, але абмежаваныя і пераважна на знешніх рубяжах. Напрыклад, купцы арабскага свету не прапускалі еўрапейскіх да Кітаю і Індыі, бо самыя багаціліся на пасярэдніцтве ў гандлі каштоўнымі ўсходнімі таварамі: шоўкам, прыправамі, фарбавальнікамі. Дарэчы, прагненне еўрапейцаў гандляваць і Кітаем і Індыяй без пасярэднікаў навяло іх на думку абыйсці арабскі свет марскім шляхам і стала галоўным стымулам Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.
Брадэль акрамя таго заўважыў і вылучыў падзел еўрапейскай гаспадаркі на некалькі зон, істотна адрозных як па ўзроўню эканамічнага развіцця, так і грамадскіх адносінах. Ёсць полюс — цэнтр, прадстаўлены пануючым горадам, сярэдняя зона — вобласць вакол таго горада, прамежкавыя зоны і, нарэшце, шырокая перыферыя. Дык вось, у цэнтры і вакол яго самая высокая канцэнтрацыя капіталаў, банкаў, перадавой вытворчасці, сельская гаспадарка на капіталістычнай аснове, самыя высокія цэны, але і самыя высокія даходы, тут перадавая навука і найвялікшая асабістая свабода. Чым далей ад цэнтра, тым краіны бяднейшыя, ніжэйшы ўзровень гаспадаркі, ніжэйшыя заробкі (але і ніжэйшыя цэны), абмен развіты слабей, асабістай свабоды ўсё меней — сяляне запрыгоненыя і г.д.
Адмена прыгону ў Еўропе
Еўропа была светам-гаспадаркай ужо ў ХІІІ ст. у «высокім сярэднявеччы», тады яе «полюсам» з’яўляліся кірмашы Шампані (Францыя). У XIV — XVIII ст. ст. Цэнтрам па чарзе станавіліся: Венецыя, Антверпен, Генуя, Амстэрдам. У XVIII ст. полюс перамясціўся ў Лондан (Англія — першая ў свеце індустрыяльная краіна), а пасля вялікага крызісу 1929 г. цэнтр еўрапейскай гаспадаркі-свету перанёсся ў «еўрапейскую Амерыку» ў Нью-Ёрк.
Венецыя ў XV ст. Цэнтр еўрапейскай эканомікі
Агулам беручы, сярэдняя і прамежкавая зоны — гэта краіны Заходняй Еўропы, сёння гэтак званыя старыя чальцы Еўразвязу. У мінулым да перыферыі належалі Шатландыя, Ірландыя, поўнач Скандынавіі, паўднёвая Італіі, краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы ці «ўся частка Еўропы, размешчаная на ўсход ад лініі Гамбург — Венецыя». Значыць, і мы таксама.
Заканамернасць «чым далей на Захад, тым вышэйшы дабрабыт» актуальная і сёння. З гэтак званых новых чальцоў Еўразвязу адбываецца істотная працоўная міграцыя на Захад. У ангельскай і іншых мовах Заходняй Еўропы нават з’явілася стэрэатыпнае акрэсленне таннай працоўнай сілы з краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы — Polish plumber and Polish builder (польскі сантэхнік і польскі будаўнік).
Мы на перыферыі, былі і ёсць, але, як той казаў, не ўсё так дрэнна і не ўсё благое з тым звязана. Ёсць у Беларусі адна ўнікальнасць, выходная якраз з нашай перыферыйнасці, лакалізацыяй на этнічным і цывілізацыйным памежжы. Сітуацыя памежжа і працяглы вопыт сужыцця народаў і культур прычыніліся да фармавання ў краіне ў ХІІІ — XVI ст. унікальнай мадэлі грамадска-культурнага жыцця, якую даследчыкі назвалі рэнесансна-гуманістычнай. У параўнанні з Захадам яна вылучалася высокай ступенню талерантнасці і духоўнай свабоды.
Невыпадкова менавіта ў Беларусі ў часы змагання рэфармацыі і контррэфармацыі маглі адносна спакойна жыць і працаваць прыхільнікі найбольш радыкальных плыняў пратэстантызму, якім у Заходняй Еўропе пагражала інквізіцыя і публічнае спаленне на вогнішчы. Там «дысідэнтаў» палілі, а ў нас езуіты малявалі на іх карыкатуры, як на Сымона Буднага.
Сымон Будны ў пекле. Езуіцкая карыкатура
Сёння Беларусь надалей адстае ад краінаў Еўрасаюза (як «старых», так і «новых») па эканамічных паказчыках і ўзроўні свабоды. Але ў тым, акрамя шматлікіх мінусаў, ёсць адзін плюс. Гісторыя сведчыць, што той, хто ідзе ззаду, здатны на рывок уперад, бо ён вучыцца на вопыце і памылках папярэднікаў.
Дэмакратыя ў Еўропе
Напрыклад, у прамысловасці прасцей і танней адразу збудаваць новую фабрыку з найноўшымі станкамі, чым перабудоўваць стары корпус, дэмантаваць састарэлае абсталяванне і ставіць новае.
Сёння перыферыйнасць і адставанне Беларусі дае шанс пазбегнуць іншай крайнасці заходнееўрапейскай цывілізацыі — празмернага пачуцця віны за каланіяльнае мінулае і «дыктатуры талерантнасці». Для нашай краіны вымалёўваецца неблагая перспектыва генеральнага курсу «залатой сярэдзіны», які як найбольш адпавядае духу славутай «беларускай памяркоўнасці».
Канстанцін Семяновіч для budzma.org