Ігнат Іпалітавіч Дамейка — чалавек незвычайнага лёсу, патрыёт, вучоны, змагар за правы чалавека, падарожнік, адкрывальнік, чалавек высокай веры; за сваё жыццё і дзейнасць справядліва ўшанаваны тытуламі Грамадзяніна свету, Апостала навукі і адукацыі. Пра жыццё і дзейнасць Ігната Дамейкі піша «Народная воля» у чарговым артыкуле праекта «Іх гістарычны след».
Чылійскі біёграф І.Дамейкі Мігел Амунатэга піша, што «яго мозг як храм, на галоўным атлары якога Бог, а на бакавых алтарах: на правым — навука, на левым — культура і адукацыя».
Імя І.Дамейкі часцей за ўсё атаясамліваецца з філаматамі, эміграцыяй, а таксама з яго другой радзімай — Чылі. Яго дзейнасць звычайна звязваюць з геалогіяй і мінералогіяй. Асоба І.Дамейкі з часам прадстае трывалым злучэннем паміж польскім, беларускім, літоўскім, французскім, чылійскім народамі. Яго жыццё і дзейнасць пакінулі значны след у навуцы і культуры гэтых народаў.
І.Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзвядка (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкім родзе Іпаліта і Караліны Дамейкаў. Бацька працаваў старшынёй Навагрудскага земскага суда. Пасля смерці бацькі (1809) Ігната ўзялі на выхаванне бацькавы браты, спачатку дзядзька Ігнат (меў агранамічную адукацыю) у фальварак Жыбуртоўшчына (цяпер Дзятлаўскі раён), а затым дзядзька Юзаф (вучыўся ў горнай школе ў Германіі) адвёз пляменніка ў Шчучын у піярскую школу, якую ён скончыў у 14 гадоў. У 1816–1822 гадах вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе быў самым маладым студэнтам. Пасля заканчэння атрымаў ступень магістра матэматыкі і філасофіі. Менавіта з гэтага часу ў жыцці І.Дамейкі надыходзіць перыяд, які фарміруе яго як патрыёта і змагара. У Віленскім універсітэце І.Дамейка пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, А.Адынцом і іншымі. Тут ён уступіў у патрыятычнае студэнцкае згуртаванне філаматаў, афіцыйнымі мэтамі якога былі асветніцтва і самаўдасканаленне, стварэнне падручнікаў і галіновых энцыклапедый, арганізацыя народных школ і вувучэнне зямель Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля заканчэння вучобы ў Вільні, нягледзячы на вялікае жаданне маладога чалавека застацца там і надалей, дзядзька Ігнат сагітаваў яго заняцца гаспадаркай на вёсцы. Яму аддалі ў валоданне маёнтак Заполле ў Лідскім павеце.
У лістападзе 1823 года за ўдзел у тайным згуртаванні моладзі Дамейку арыштавалі. У турме ў базыльянскім кляштары ў Вільні ён сустрэўся з сябрамі, у тым ліку і з А.Міцкевічам. Вясной 1824-га пры дапамозе дзядзькі пазбег высылкі ў аддаленыя раёны Расіі і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі назад у Заполле.
У маі 1831 года І.Дамейка развітаўся з Заполлем. Ён сустрэўся з генералам Хлапоўскім і ўзяў удзел у паўстанні за вызваленне Польшчы ад расійскага панавання. Пасля разгрому паўстання ў лістападзе ён быў арыштаваны і затым вымушана эмігрыраваў у сталіцу Саксоніі — Дрэздэн, дзе зноў сустрэўся з А.Міцкевічам і іншымі сябрамі. У ліпені 1832-га разам з А.Міцкевічам паехаў у Парыж, дзе яны апынуліся ў самым цэнтры польска-беларуска-літоўскага эмігранцкага руху.
І.Дамейка — правобраз Яцака Сапліцы (Жэготы), аднаго з галоўных герояў паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». І менавіта Дамейка перапісаў паэму і падрыхтаваў яе да друку. У Парыжы ён слухаў лекцыі выдатнейшых вучоных Францыі, наведваючы Каледж дэ Франс, Сарбону, Батанічны сад. За тры гады (1834–1837) прайшоў поўны курс навучання ў Горнай школе і атрымаў дыплом спецыяліста. Як горны інжынер быў запрошаны на працу ў Эльзас, дзе неўзабаве знайшоў багатыя залежы жалезнай руды.
У 1838 годзе праз Шарля Ламбера, прадстаўніка Чылійскага ўрада, Дамейку запрасілі ў Чылі на працу ў якасці прафесара хіміі і менералогіі ў г.Какімба. Ён прыняў прапанову і з дапамогай А.Міцкевіча аформіў кантракт на шэсць гадоў.
Абвешчанай у 1838 годзе маладой Чылійскай рэспубліцы вельмі патрэбны былі вучоныя, выкладчыкі. У цэнтры горнай прамысловасці Чылі г.Калімба І.Дамейка стварыў школу па падрыхтоўцы горных тэхнікаў, арганізаваў фізіка-хімічную лабараторыю па французскай мадэлі. За тры месяцы самастойна авалодаў іспанскай мовай і мог свабодна весці курс лекцый у сваёй школе. Падчас канікул наладжваў экспедыцыі па вывучэнні Чылі, цікавіўся не толькі карыснымі выкапнямі, але і ўсімі прыроднымі багаццямі, стварыў калекцыі мінералаў, вывучаў жыццё насельніцтва, асабліва карэнных жыхароў Паўднёвай Амерыкі — індзейцаў, іх традыцыйную культуру. Дамейка сам фінансаваў гэтыя даследаванні. Падарожжы на поўдзень Чылі ў краіну індзейцаў Араўканію ён апісаў у кнізе «Араўканія і яе жыхары», напісанай на іспанскай мове; яе пераклалі на польскую і выдалі ў Вільні ў 1860 годзе.
Пасля заканчэння кантракта ў 1846-м атрымаў ад чылійскіх улад прапанову аб працягу свайго знаходжання ў Чылі для рэформы вышэйшай адукацыі. Такі праект быў сфармуляваны І.Дамейкам яшчэ ў 1842 годзе. Ён прыняў гэтую прапанову і застаўся ў Чылі назаўсёды, на 50 гадоў. І.Дамейка працаваў прафесарам хіміі, фізікі і мінералогіі ўніверсітэта ў Сант’яга, у 1867–1883-м — рэктарам гэтага ўніверсітэта, быў абраны на гэтую высокую пасаду чатыры разы запар.
У 1850-м 48-гадовы І.Дамейка ўступіў у шлюб з 15-гадовай чылійкай Энрыветай дэ Сатамаёр, з якой пражыў 20 шчаслівых гадоў, выгадаваў двух сыноў і дачку. Прыняўшы чылійскае грамадзянства, не пакідаў надзеі вярнуцца на радзіму.
У Чылі І.Дамейка рэарганізаваў сістэму навучання, у тым ліку ва ўніверсітэце; падрыхтаваў першыя нацыянальныя кадры выкладчыкаў, геолагаў, мінералогаў; увёў метрычную сістэму мер і вагі; адкрыў багатыя радовішчы золата, срэбра, медзі, каменнага вугалю, салетры, арганізаваў іх здабычу; прапанаваў выкарыстоўваць салетру для ўгнаення глебы; арганізаваў у Сант’яга службу метэаралогіі; сам займаўся будаўніцтвам шахт і капальняў, здаў у эксплуатацыю некалькі капальняў па здабычы медзі, срэбра, золата; першы распачаў картаграфаванне і раянаванне геаграфічных і геамарфалагічных з’яў, у навуковых працах закранаў праблемы межаў геаграфічных арэолаў; склаў геалагічную карту Чылі; адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў у Сант’яга водаправод, вырашыўшы праблему забеспячэння вадой чылійскай сталіцы; стварыў у Чылі музей мінералагічных, петраграфічных і палеанталагічных матэрыялаў; сабраў і апісаў мноства новых, невядомых навуцы мінералаў, раслін, акамянеласцяў, метэарытаў; арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства; заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лабараторыі; напісаў падручнікі па мінералогіі, хіміі, фізіцы; апублікаваў звыш 130 навуковых прац у розных галінах навукі па Бразіліі, Перу, Аргенціне, Уругваі.
І.Дамейка валодаў польскай, беларускай, рускай, англійскай, французскай, нямецкай, лацінскай і іспанскай мовамі, але свае творы, у тым ліку падручнікі па хіміі, мінералогіі, фізіцы, пісаў пераважна на іспанскай і французскай мовах.
Розум І.Дамейкі належаў Чылі, але яго душа рвалася на радзіму. «Мяне ніякія багацці Новага Свету, ні прыгажосць неба і гор, ні добразычлівасць тутэйшых людзей, заслугі, спакой, дабрабыт, што казаць, магіла жонкі не затрымае, калі буду магчы з дзецьмі вырвацца за Акіян і быць бліжэй да вас, з вамі, і хоць адзін дзень перад смерцю паглядзець на нашу зямлю...», — пісаў ён у 1872 годзе свайму сябру па Віленскім ўніверсітэце. І вось у 1884-м, вызваліўшыся ад пасады рэктара ўніверсітэта, 82-гадовы Дамейка прыехаў на радзіму, дзе прабыў чатыры гады. Пажыў у сям’і дачкі ў Жыбуртоўшчыне, з’ездзіў на магілу бацькі ў Мір, ахвотна бываў у Навагрудку, наведаў Вільню. Пабываў і ў родных матчыных мясцінах. У Крошыне І.Дамейка з А.Адынцом пасадзілі на памяць два дубы, а вершаваны надпіс на камені ля дубоў выбіў ім мясцовы каваль — паэт Паўлюк Багрым. Некалькі разоў быў у Парыжы, Кракаве, з’ездзіў у Італію, Турцыю, Палесціну, Егіпет. Еўрапейскім універсітэтам ён прывёз у падарунак багатую калекцыю мінералаў. За гэтыя чатыры гады сыны яго набылі еўрапейскую адукацыю. Казімір скончыў Горную школу ў Парыжы (тую ж, што і бацька) і меўся заняць бацькава месца на кафедры ва ўніверсітэце ў Сант’яга; Гернан быў выпускніком духоўнай семінарыі ў Рыме.
У 1888 годзе І.Дамейка разам з сынамі, якія вельмі хацелі працаваць на радзіме маці, вярнуўся ў Чылі, дзе і памёр. Дзень яго смерці быў аб’яўлены ў Чылі днём нацыянальнай жалобы. На пахавальным мітынгу прэзідэнт краіны аб’явіў І.Дамейку нацыянальным героем Чылі. Пахаваны на галоўных могілках у Сант’яга, на алеі, якая носіць яго імя. У знак падзякі чылійскія ўлады выпусцілі памятны медаль з яго выявай. У сталіцы Чылі ў 1902-м да 100-годдзя з дня нараджэння пастаўлены помнік з надпісам на іспанскай мове «Grande Educador» — «Вялікі Асветнік».
Пералік уласных назваў з імем І.Дамейкі налічвае каля 70 пазіцый, але, верагодна, ён далёка не поўны. У яго гонар названы горны хрыбет — Кардыльера Дамейкі, горад Дамейка, порт Пуэрта дэ Дамейка, універсітэт у Сант’яга, бібліятэкі ў Сант’яга і Буэнас-Айрэсе, мінерал дамейкіт (арсенат медзі), аманіт «аманітэс дамейкунае», выкапнёвы слімак «наўцілюс дамейкус», від фіялкі «віёла дамейкана» і іншыя.
У 1903 годзе ў Чылі выдадзены яго навуковыя працы ў 5 тамах, у 1962–1963-м у Польшчы — мемуары «Мае падарожжы» у трох тамах. Пасольства Польшчы ў Чылі пры садзейнічанні Варшаўскага ўніверсітэта выпусціла кнігу І.Дамейкі «Араўканія і яе жыхары» на іспанскай і польскай мовах. Дзейнасці вучонага прысвечаны дзясяткі манаграфій. Яго імя ўвекавечана памятнай дошкай на будынку Вільнюскага ўніверсітэта. У яго гонар адкрыты музей і ўсталяваны помнік у вёсцы Крупава, дзе раней знаходзіўся фальварак Мядзвядка. Функцыянуе музей Дамейкі ў сяэдняй школе г.п.Мір. У Гродне, Лідзе, Навагрудку і Карэлічах ёсць вуліцы Ігната Дамейка. У Карэлічах штогод адбываюцца чытанні, прысвечаныя яму. І гэта — заслужаная даніна павагі чалавеку, спадчына якога належыць адначасова розным народам — польскаму, беларускаму, літоўскаму і чылійскаму.
Паводле рашэння Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, у 2002 годзе ў гонар 200-гаддзя з дня нараджэння І.Дамейкі яго імя было ўнесена ў спіс знакамітых людзей свету.
У серыі «Беларускі кнігазбор» выдадзена кніга І.Дамейкі «Мае падарожжы», перакладзеная на беларускую мову.