«Сёлета адзначаецца аднаўленне культурніцкага жыцця ў Беларусі. Падрасла новая генерацыя — творцы, якія свядома канчаткова пастанавілі застацца ў Беларусі, намацваюць шляхі неяк «прарасці скрозь асфальт» і дзейнічаць у новых абставінах. Але гэты ўздым няўстойлівы і, магчыма, мы яго фіксуем толькі таму, што пасля 2020-га быў эфект нізкай базы — усё было разгромлена і зачышчана. І зараз любыя рухі на гэтым полі ўспрымаюцца як уздым».
Даследаванне «Поле незалежнай беларускай культуры 2024: актары, выклікі, будучыня» праводзілася ў кастрычніку — лістападзе 2024 года на замову Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ў межах праграмы #ArtPowerBelarus.
Даследчыкі працавалі з адкрытымі крыніцамі, правялі 16 экспертных інтэрв’ю, атрымалі 50 апытальных лістоў (анкет).
Прадстаўніца групы даследчыкаў Таццяна Пашавалава на прэзентацыі вынікаў даследавання (поўная версія будзе апублікавана на сайце БРК праз колькі дзён) заўважыла, што «нашыя даследчыкі былі вельмі абмежаваныя ў тым, што тычыцца правядзення працы ў Беларусі, інфармацыя (адтуль) не можа лічыцца вычарпальнай, хутчэй, фрагментарнай».
Таццяна Пашавалава. Крыніца: eurobelarus.info
«Летась мы рабілі такое ж даследаванне. Гэта спроба замераць сітуацыю ў сферы культуры ў параўнанні. Мы не можам зараз мець нейкую дакладную статыстыку таго, што адбываецца колькасна і якасна ў беларускіх арганізацыях ці ў культурным асяродку. Таму адна з задач была неяк палічыць, перапісаць, паглядзець, што мы маем на гэтым полі. У 2020-м шмат хто быў зачынены, было ліквідавана 220 арганізацый сферы культуры, толькі 19 арганізацый сёлета. То бок гэты метад барацьбы ўладамі ўжо вычарпаны», — сказала ва ўступным слове Таццяна Пашавалава.
Паводле яе словаў, за межамі Беларусі ёсць пэўная станоўчая дынаміка, колькасць арганізацый расце, але «падвышэнне колькаснае не роўнае падвышэнню якаснаму, шмат якія ініцыятывы — на паўзе, яны перазбіраюцца ў нейкія праектныя ці часовыя калектывы».
Стагнацыя
Агульную сітуацыю эксперты і рэспандэнты вызначаюць як стагнацыю: «Колькасць масавых імпрэз і колькасць культурніцкага прадукта ў параўнанні з 2020-2021 гадамі знізілася, таксама знізілася цікаўнасць беларускіх дыяспар да культурніцкіх івентаў. Больш гэта адчуваецца ў сферах кіно і тэатра, найлепшая сітуацыя — у кнігавыдавецкай справе».
Падзел — галоўнае слова
«Відавочная і прынцыповая лінія падзелу беларускай сферы культуры на актараў, якія засталіся і працягваюць дзейнасць у Беларусі, і на тых, хто працуе па-за межамі. Такі стан рэчаў натуральны сёння, разрыў з цягам часу толькі паглыбіцца. Нам з гэтым прыйдзецца жыць. Тым не менш, кантакты паміж дзеячамі культуры існуюць, як на ўзроўні чалавечых, так і на ўзроўні агульных творчых праектаў, агульнай працы», — падкрэсліла Таццяна Пашавалава.
Паводле Таццяны Пашавалавай, рэспандэнты ставяцца да сітуацыі падзелу беларускай культуры, «можна сказаць, з фаталізмам: што з гэтым рабіць? Ды нічога не можам зрабіць, гэта будзе адбывацца далей. Можам толькі змякчаць, прыкладам, больш кааперацыі паміж тымі, хто з’ехаў і тымі, хто застаўся».
Даследаванне мела справу з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці (з рэгістрацыяй і без яе); незалежнымі творчымі калектывамі; арганізацыямі, якія ёсць інфраструктурай беларускай культуры, а таксама з індывідуальнымі ўдзельнікамі культурніцкага працэсу.
Культурніцкія прадукты могуць быць арыентаваныя на мясцовыя дыяспаральныя супольнасці, на беларусаў у Беларусі і цалкам на замежную аўдыторыю. Большасць актараў спалучаюць гэтыя аўдыторыі.
Рэспандэнты незадаволеныя цяперашнім узроўнем супрацы і ўзаемадзеяння з іншымі актарамі. Як і летась, толькі чатыры з 50 апытаных арганізацый адказалі, што яны цалкам задаволеныя. Палова — часткова, амаль чвэрць — незадаволеная ўвогуле. Неяк узаемадзейнічаюць з сеткавымі ці парасонавымі арганізацыямі — менш за траціну. Сярод прычын, якія перашкаджаюць вырасці ўзаемадзеянню — недахоп часу і рэсурсаў.
Трэнды і тэндэнцыі развіцця
На выставе посцілак у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, 2023 г. Фота: palacegomel.by
• Адыход ад траўматычных тэм і крызіс ідэй
На першае месца сярод трэндаў даследчыкі ставяць «эрозію творчага патэнцыялу палітычнай тэмы»: «Мы назіраем адыход ад траўматычных тэм, гучаць меркаванні пра неабходнасць пошуку новай сюжэтыкі, ідэйнай асновы. У трэнды выходзіць забаўляльны кантэнт. Такая рэальнасць, тут без аніякіх ацэнак. Прасяданне культурніцкага цыклу на стадыі стварэння, спад аўтарскай актыўнасці. Пры гэтым іншыя стадыі — вытворчасць, выданне, распаўсюд — усё гэта ёсць і мае пазітыўную дынаміку. Але ж з арыгінальнымі ідэямі назіраецца крызіс».
• Крызіс галіновых інстытутаў
Даследчыкі заўважылі і крызіс галіновых інстытутаў, бум якіх назіраўся ў 2023 годзе: «За гэты год кола асацыятыўных ці сеткавых структур папоўнілася, але мы бачым таксама расчараванне, таму што дэклараваныя імі мэты і планы не адпавядалі іх рэальным магчымасцям. І дзейнасць большасці з іх зводзілася да інфармацыйна-медыйнай працы і не выходзіла за межы адной-дзвюх ці ўстаноўчай канферэнцый. Гэты бум (2023 года) стаў расчароўваць нашых рэспандэнтаў. Нават у дачыненні да адносна паспяховых структур захоўваецца недавер і неразуменне іх парадку дня і мэтаў. Важна і тое, што палітызаванасць і асабліва экстрэмісцкі статус некаторых структур робіць фактычна немагчымай адкрытую супрацу з імі для культурніцкіх актараў у Беларусі і не толькі ў Беларусі».
Рэспандэнтаў у працы гэтых структур цікавіць найперш «здольнасць развязваць канкрэтныя праблемы і прыцягваць рэсурсы».
«Мы бачым, што зараз ёсць такі асэнсаваны запыт на кааперацыю, людзі ўжо яднаюцца не дзеля яднання, а дзеля канкрэтных мэтаў. Калі вы можаце развязаць праблемы, прыцягнуць рэсурсы — добра. А таксама, калі гэта стварэнне агульных піяр-стратэгій, шляхоў павышэння ўвагі да дзейнасці беларускіх творцаў, менеджарская падтрымка, пытанне выбудовы працоўнага партнёрства з мясцовымі ўладамі (небеларускімі), лакальнымі культурніцкімі арганізацыямі», — распавяла Таццяна Пашавалава.
• Пераарыентацыя на замежнага лакальнага спажыўца
Сярод сёлетніх трэндаў таксама заўважана «пераарыентацыя на замежнага лакальнага спажыўца». «З адыходам ад беларускай аўдыторыі мяняецца і ўспрыняцце межаў беларускага культурнага поля. З гэтым зараз ёсць праблема: а што ўжо тады зараз ёсць беларускім, калі яно не прывязана тэрытарыяльна ці па аўдыторыі? Толькі 60% апытаных адзначаюць Беларусь тэрыторыяй, на якую скіраваная іх дзейнасць», — зазначыла яна.
Скарачэнне фінансавання — яшчэ адна прыкмета часу: «У Беларусі замежныя гранты зараз увогуле немагчымыя, але і за мяжой усё больш актараў разумеюць вычарпанасць гэтай мадэлі. І больш увагі надаюць міжнародным грантавым праграмам, рэзідэнцыям, то бок на дапамогу, якая не скіраваная спецыфічна на беларусаў».
Дэфіцыт рэсурсаў падштурхоўвае да камерцыйных шляхоў, але «выхад на еўрапейскі рынак, аднак, патрабуе іншага ўзроўню падрыхтоўкі, у актараў ёсць усведамленне таго, што трэба падвышаць якасць менеджменту, кадраў і прадукту».
Ажыўленне культурніцкай актыўнасці ў Беларусі
Нечаканы трэнд 2024 года: «Апытанне і эксперты адзначаюць, што, нягледзячы на наступствы палітычнага крызісу 2020 года, за апошні год адзначаецца аднаўленне культурніцкага жыцця ў Беларусі. Асабліва ў галіне музыкі.
Гэтаму спрыяюць наступныя акалічнасці: падрасла новая генерацыя; творцы, якія свядома канчаткова пастанавілі застацца ў Беларусі, намацваюць шляхі неяк «прарасці скрозь асфальт» і дзейнічаць у новых абставінах. Але гэты ўздым няўстойлівы і, магчыма, мы яго фіксуем толькі таму, што быў эфект нізкай базы — усё было разгромлена і зачышчана. І зараз любыя рухі на гэтым полі ўспрымаюцца як уздым».
«У цэлым тэндэнцыі культурніцкага беларускага поля можна ацаніць такім слоганам — «Перавызначэнне і перазбор». Каля траціны апытаных (у Беларусі) — «Крызіс і пераход у падполле», гэта пра сітуацыю ўнутры краіны. Але ёсць і супрацьлеглыя ацэнкі. Можам зафіксаваць, што беларуская культура развіваецца асінхронна ўнутры краіны і па-за ёй», — сказала Таццяна Пашавалава.
Кірункі развіцця
Даследчыкі найперш тут называюць «захаванне адзінага контура беларускай культуры». Для гэтага патрабуецца «культываванне дыялогу прыняцця паміж рознымі культурніцкімі суб’ектамі, з рознымі ўстаноўкамі і мэтамі, слоган гэтага павінен быць «Мы патрэбныя адно аднаму, нават больш патрэбныя рознымі, чым аднолькавымі»».
Патрабуецца рэвізія канцэптуальных межаў беларускай культуры: «Калі гэта не тэрыторыя, то што гэта тады? Можна звярнуцца да практык арганізацыі сімвалічнай публічнай прасторы. Трэба шукаць новыя дамінанты, якія б нас аб’ядноўвалі, а таксама інтэграваць базавыя ўяўленні пра культуру».
Акрамя таго, важная сумесная праца па прасоўванні і прыцягненню ўвагі да беларускай сферы культуры; узмацненне голасу Беларусі (не беларускай дзяржавы, зразумела) на міжнароднай арэне праз пашырэнне рэпрэзентаванасці беларускай культуры за межамі краіны; лабіяванне далучэння Беларусі да праграмы «Крэатыўная Еўропа»; пашырэнне практык рэтрытаў ды рэзідэнцый; стварэнне школы культурнага менеджменту і інш.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org