«РАДА» прадставіла вынікі амаль пяцігадовай працы па вывучэнні настрояў беларускай моладзі: «Мы пачалі ў 2019 годзе і ставілі перад сабой даволі простыя даследчыя задачы, як мы можам разумець іх зараз. Потым адбылося ўсё тое, што адбылося, — і ўсе задачы перавярнуліся з ног на галаву».
Анкетнае апытанне было праведзенае Baltic Internet Policy Initiative па замове Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА».
«РАДА» існуе з 1992 года, аб’ядноўвае шэраг моладзевых арганізацый (на сёння — 35), першую ліквідацыю перанесла ў 2006-м, у 2021 годзе была паўторна ліквідаваная ў Беларусі.
Як паведаміў на прэзентацыі даследавання «Ха-ха, я тут жыву» полісі-сакратар БНМС «РАДА» Зміцер Герыловіч, даследаванне праводзілася метадам анлайнавага апытання ў фармаце pop-up, паказанага выбраным у выпадковым парадку карыстальнікам_цам пэўных вэб-сайтаў. Структура выбаркі скарэктаваная шляхам аналітычнага ўзважвання даных па поле, узросце і рэгіёне. Пад выбаркай разумеецца фактычная колькасць рэспандэнтаў_ак, якія адказалі на пытанні анкеты. У апытанні ўдзельнічалі інтэрнэт-карыстальнікі_цы Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Даследаванне праходзіла ў два этапы: лістапад 2019 года — сакавік 2020 года (да пандэміі), аб’ём выбаркі — 1073 рэспандэнты_кі; люты 2022 года (да пачатку вайны ва Украіне), аб’ём выбаркі — 519 рэспандэнтаў_ак.
«У нас з’явілася магчымасць зафіксаваць даволі кропкавыя паказчыкі жыццяздольнасці беларускай моладзі да і пасля — у выглядзе параўнальнага аналізу вынікаў апытанняў 2019 і 2021 гадоў. На гэтым мы не спыніліся і правялі ў Беларусі некалькі фокус-груп, развіваючы думку і паглыбляючыся ў штодзённасць. І вось у нашым распараджэнні стоп-кадр таго, што значыць быць моладзевым актывістам_кай у Беларусі ў 2022 годзе. (...) Гэтым даследаваннем і аналітыкай мы імкнемся пракласці сцяжынку дадому. З’ехаўшы хто куды, выбудоўваючы новыя сувязі і працоўныя прасторы, мы ўсё роўна працуем для таго, каб Беларусь засталася беларусам_кам. І дасягнуць гэтага немагчыма без зверкі запатрабаванняў, перажыванняў і настрояў. Мы вельмі разлічваем на тое, што атрыманыя вынікі змогуць спатрэбіцца для аднаўлення страчаных сувязяў, пошуку новых фарматаў і тэм для працы са сваёй аўдыторыяй», — заяўляюць аўтары даследавання.
Інтарэсы і сферы актыўнасці
У 2022 годзе ў параўнанні з 2020-м болей актыўнасці назіралася перадусім у адукацыі, спорце (што можа звязвацца з большай доляй навучэнцаў_ак у выбарцы), а таксама ў дамашняй сферы (сям’я, дзеці, дом). Даследчыкі зазначаюць, што паказчыкі актыўнасці, звязаныя з грамадскай дзейнасцю, палітыкай, навукай, бізнесам, культурным жыццём, практычна не змяніліся або засталіся на тым самым узроўні. Значна (больш як удвая) знізілася актыўнасць у сферы падарожжаў, што тлумачыцца пандэміяй COVID-19 і складанасцямі з перамяшчэннем, якія назіраліся ў гэты перыяд.
Структура рэальнай актыўнасці і структура інтарэсаў моладзі не заўсёды супадаюць. Так, сфера падарожжаў, жыцця за мяжой займае даволі маргінальнае месца ў структуры рэальнай актыўнасці, але знаходзіцца на першым месцы ў рэйтынгу інтарэсаў. Можна казаць пра высокі ўзровень нерэалізаванага інтарэсу, звязанага з падарожжамі, знаёмствам са светам, жыццём у іншых краінах. Сфера адукацыі, у якой засяроджана шмат рэальнай актыўнасці маладых людзей, у структуры інтарэсаў знаходзіцца толькі на 6-м месцы. Нерэалізаваны інтарэс можна адзначыць і ў такіх сферах, як навука і тэхніка, эканоміка, бізнес і фінансы, культурніцкае жыццё.
Калі казаць пра змены, якія адбыліся з 2020-га па 2022 год, то трэба заўважыць, што значны рост цікавасці назіраецца толькі да спорту і ў меншай ступені — да сферы навукі і тэхнікі. Пры гэтым дастаткова значна падае цікавасць да такіх сфер, як культурніцкае жыццё, ахова здароўя, палітыка (у 2 разы), грамадская дзейнасць (больш як у 2 разы).
Дзяржаўныя праграмы як правайдар сацыяльных паслуг па-ранейшаму запатрабаваныя не вельмі высока, найбольш папулярнай з іх (развіццё фізічнай культуры і спорту) карыстаецца або хацеў_ла бы скарыстацца кожны_ая 10-ты з апытаных, каля паловы маладых людзей ніколі не карысталіся і не плануюць карыстацца магчымасцямі якіх бы там ні было дзяржаўных праграм.
Аналіз залучанасці ў парадак дня і дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) паказвае адмоўную дынаміку практычна па ўсіх паказчыках. Падае і так невысокі ўзровень ведання пра дзейнасць АГС, на ўзроўні масавай свядомасці АГС па-ранейшаму застаюцца ў «шэрай зоне», часта нават сам гэты панятак невядомы або інтэрпрэтуецца няправільна, вядомасць канкрэтных арганізацый ледзь перавышае памылку выбаркі. Дынаміка пазнавальнасці і ўдзелу ў дзейнасці моладзевых АГС у параўнанні з 2020 годам адмоўная.
Больш за чвэрць апытаных не ведаюць, якія спосабы ўдзелу моладзі ў вырашэнні грамадскіх праблем, узмацнення свайго голасу маглі б быць эфектыўнымі. У топе-3 тут застаюцца адукацыя, блогерства і галасаванне на выбарах. Удзел у палітычных партыях і кансультацыйных радах моладзь па-ранейшаму лічыць найменш эфектыўным. Праўда, даволі высокая патэнцыйная цікавасць да магчымасцяў, якія могуць даць АГС. Найбольш патэнцыйна запатрабаваныя магчымасці — гэта абмен досведам, самарэалізацыя і стажыроўкі. Няўдзел у дзейнасці АГС часцей за ўсё абгрунтоўваецца адсутнасцю часу, а таксама эканамічнымі праблемамі.
Міграцыйныя ўстаноўкі моладзі
Ілюстрацыйнае фота
На пачатак 2022 года 12,3% апытаных з’ехалі альбо ўсур’ёз плануюць з’ехаць з Беларусі ў найбліжэйшай будучыні, яшчэ 28,3% хацелі б гэта зрабіць, але не маюць такой магчымасці. Такім чынам, каля 40% беларускай моладзі з той ці іншай ступенню рашучасці і пэўнасці не хацелі б сёння заставацца ў Беларусі.
Менш як траціна (30,3%) апытаных канкрэтна заяўляюць, што не плануюць з’язджаць з краіны, астатнія альбо не думалі пра гэта, альбо маюць цяжкасці ці не хочуць адказваць на пытанне.
Міграцыйныя настроі практычна не звязаныя з полам, узростам, узроўнем адукацыі або родам заняткаў апытаных. Ва ўзроставай групе 20–24 гады крыху болей тых, хто хацеў бы з’ехаць, але не бачыць такой магчымасці; чым старэйшая ўзроставая група, тым болей у ёй тых, хто не плануе з’язджаць, — але ўсе гэтыя адрозненні невялікія і знаходзяцца ў межах статыстычнай хібнасці.
Крыху болей неахвотных з’язджаць сярод тых, хто не валодае ні адной замежнай мовай, нават на мінімальным узроўні (трэба адзначыць, што такіх сярод апытаных толькі 12,5%). Аднак сярод іх даволі высокая доля тых, хто хацеў бы з’ехаць, але не бачыць такой магчымасці, то-бок няведанне мовы з’яўляецца дадатковым бар’ерам, але не ўплывае на самі міграцыйныя ўстаноўкі.
Палова тых, хто з’ехаў ці плануе з’ехаць з Беларусі, хочуць з’ехаць менавіта на сталае месца жыхарства, каля 40% — з мэтай часовага працаўладкавання і толькі 17,2% для атрымання адукацыі.
Найбольш папулярныя кірункі патэнцыйнай эміграцыі — Польшча, Расія, ЗША, Германія.
Сярод прычын, з-за якіх маладыя людзі пакідаюць або плануюць пакінуць краіну, самая распаўсюджаная — гэта магчымасці для добрага заробку, яе адзначаюць больш за палову тых, хто з’ехаў або напэўна плануе з’ехаць. Амаль палова з іх кажа, што не бачыць перспектыў для сябе ў Беларусі, 40,6% не адчуваюць сябе ў Беларусі ў бяспецы.
Акрамя тых, хто з’ехаў або дакладна плануе з’ехаць з краіны, 28,3% апытаных хацелі б з’ехаць, але не маюць такой магчымасці. Найбольш частай перашкодай выступае адсутнасць фінансавых магчымасцяў, каля паловы адзначаюць, што не могуць з’ехаць з-за наяўнасці розных абавязкаў (сям’я, адукацыя). Каля траціны адзначаюць недахоп ведання мовы, яшчэ 14,3% лічаць, што ім не стае ведання культуры іншых краін. Кожны пяты зазначае недахоп рашучасці ці энергіі.
Пасля двух этапаў
У кастрычніку—лістападзе 2022 года «РАДА» правяла тры фокус-групавыя абмеркаванні (адно анлайн з прадстаўнікамі_цамі розных гарадоў і два афлайн, у Мінску і Брэсце) з актывістамі_камі, якія сёння ў той ці іншай меры працягваюць браць удзел у працы грамадскіх аб’яднанняў або ініцыятыў у Беларусі. Агульная колькасць удзельнікаў_ніц фокус-груп склала 14 чалавек ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, з іх трое мужчын і 11 жанчын, 5 удзельнікаў_ніц з Мінска, 9 з розных гарадоў Беларусі.
«Плануючы даследаванне, мы не выключалі, што рэспандэнты_кі могуць мець недавер і не захочуць раскрывацца перад незнаёмымі людзьмі, асабліва ў адчувальных пытаннях. Гэтыя асцярогі не апраўдаліся, узаемны давер усталёўваўся падчас абмеркаванняў даволі хутка. Аднак мы сутыкнуліся з іншай праблемай — значная частка часу, адведзенага на абмеркаванне, ішла на ўзаемную псіхатэрапію, прагаворванне траўмаў і трывог, адчуванняў і настрояў. Паколькі падобныя працэсы разгортваліся ва ўсіх трох групах, можна лічыць іх тыповымі і ўлічваць як адну з самастойных характарыстык сітуацыі», — зазначаюць аўтары.
Вынік абмеркавання ў фокус-групах у выглядзе эсэ можна прачытаць у поўным тэксце даследавання.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org