На месцы гэтага тэксту па логіцы павінен быў бы зʼявіцца агляд кніжных навінак для дзетак. Каб, прычытаўшы яго, бацькі разам з малянятамі маглі выправіцца ў краму, ці прынамсі зайсці на сайт выдавецтва, кнігарні і атрымаць жаданы твор. А потым — ужо дома разам пагартаць, пачытаць, паразглядваць ілюстрацыі, пакласці кніжку пад падушку, каб лепш спалася.
Але сёння многія нашы суайчыннікі разам з дзеткамі вымушаныя шукаць дом у іншых краінах. І ва ўмовах паўсядзённага жыцця ў амаль экстрэмальных умовах кнігі — зусім не рэч першай неабходнасці. Іх цяжка перавозіць, складана і дорага атрымаць нават па пошце. А дзецям жа хочацца чытаць! Ці хаця б слухаць беларускія народныя казкі, творы сучасных аўтараў.
Таму мы і вырашылі скласці даведнік для бацькоў, які дапаможа адшукаць у інтэрнэце беларускую дзіцячую кнігу. Хай і ў фармаце электроннай ці ў выглядзе аўдыёвыдання.
Рэсурс, ужо даўно знаёмы аматарам беларускай кнігі. Тут можна знайсці часам вельмі рэдкія асобнікі ў зручным электронным фармаце. Да таго ж спіс выданняў увесь час абнаўляецца. Ёсць тут і адмысловая старонка з дзіцячымі кнігамі.
Выданні могуць быць прадстаўлены ці ў выглядзе pdf-файла (яго зручна раздрукоўваць і чытаць на паперы), ці ў фармаце, што падыходзіць для чыталак, або ў выглядзе аўдыёверсіі. А часам — ва ўсіх трох версіях. Так, на шляху да патрэбнай кнігі вас чакаюць расчараванні, бо некаторыя выданні з каталогу ёсць толькі ў папяровай форме ў пэўнай бібліятэцы. Аднак вартая ўвагі кніга для чытання на вечар дакладна знойзецца. Больш за тое — абсалютна бясплатна.
Гэты рэсурс таксама мае чым парадаваць маленькіх чытачоў. На старонцы літаратуры для дзяцей пакуль не так багата выданняў, але іх жанравая разнастайнасць вас здзівіць. Тут ёсць і казкі, і беларуская класіка дзіцячай літаратуры, і сучасныя творы для падлеткаў.
Каб атрымаць выданне ў электронным фармаце, давядзецца крыху заплаціць (але кошт адной такой кнігі намнога ніжэйшы, чым цана традыцыйнай папяровай), і яно будзе даступнае для чытання на любой электроннай прыладзе — тэлефоне, чыталцы, планшэце і кампʼютары.
Для аматараў аўдыёкніг прыкладна год таму быў распрацаваны і стаў на колы адмысловы дадатак і сайт-бібліятэчка «Кніжны воз». Яго зручнасць у тым, што бібліятэчка можа працаваць як на тэлефоне, так і на кампʼютары. І каб паслухаць казку, дададак зусім не абавязкова ўсталёўваць, ім можна карыстацца як сайтам.
Распрацаваў «Кніжны воз» Міхась Бутылін. Раней ён адзначаў: «Абіраю тыя аўдыёказкі, якія падабаюцца маім дзецям і якія, я лічу, будуць цікавыя большасці беларускамоўных і ўвогуле беларускіх дзяцей». Так, выбар пакуль небагаты, але, спадзяёмся, воз з цягам часу будзе напаўняцца ўсё больш і больш.
Немагчымасць знайсці шлях да чытача ў Беларусі для традыцыйнай папяровай кнігі прымушае і саміх аўтараў адмаўляцца ад звыклых фарматаў працы і пераходзіць на «лічбу».
Так, гэтым летам пабачыла свет некалькі кніг (у тым ліку і дзіцячых), якіх пакуль не існуе ў друкаваныям выглядзе, але якія можна пачытаць ці паслухаць. Напрыклад, на старонцы ПЭН-цэнтра на soundcloud.com выйшла новая казка Ганны Янкуты пра ката Шпрота. Яе выдатна прачытаў акцёр Мікалай Стонька, а гукавое суправаджэнне запісалі музыкі з розных краін.
Шпрот на гэты раз не проста разгадвае таямніцы ў межах кнігі, але і дае важныя падказкі бацькам. Напрыклад, якім чынам можна патлумачць дзеткам, што адбывалася на вуліцах беларускай сталіцы летам мінулага года. Гэты паласаты герой, які ўжо паспеў запомніцца маленькім чытачам, і ў новай кнізе такі ж непасрэдны, цікаўны і няаўрымслівы.
Дарэчы, на гэтым жа рэсурсе «ляжаць» і іншыя аўдыёкнігі для дзяцей. Напрыклад, «Неверагодныя прагоды на дабранач» Эрвіна Мозэра, казка пра Карлсана Астрыд Ліндгрэн, дзіцяча-дарослы «Калядны стол» Зараславы Камінскай і мноства ўсяго іншага не менш захапляннага. Галоўнае — не лянуйцеся ўважліва гартаць і шукаць.
Сваю новую кнігу «Пімкі» досыць аператыўна (адпаведна ўмовам часу) у мастацкі падкаст ператварыў і Кірыл Стаселька і размясціў яе на плаформе anchor.fm і прыкладанні Spotify.
Гэтыя кароценькія гісторыі будуць цікавыя не толькі і не столькі дзецям, колькі іх бацькам. Справа ў багацці мовы, якім напісаныя творы. Не ведаю, ці то аўтар адмыслова ператвараў кожнае апавяданне ў практыкаванне па прыдумванні сінонімаў, метафар, скручванні сучаснасці і фальклорнага, міфалагічнага кантэкстаў, ці то ў яго гэта атрымалася само сабою. На выхадзе мы маем шматпавярховыя творы, напісаныя так, нібыта кожны з іх меўся стаць тэкстам для дыктоўкі на выпускным экзамене. З граматычным заданнем узроўню абласной алімпіяды па беларускай мове.
З перамяшчэннем саміх беларусаў у іншыя краіны мы можам назіраць і пераход, нават у пэўным сэнсе невялікую экспансію беларускай культуры, літаратуры на замежныя пляцоўкі, у тым ліку электронныя кнігарні і выдавецтвы.
Напрыклад, улетку сваю новую казку «Тэатр шчасьлівых дзяцей» на расійскай платформе litres прадставіў волат беларускай літаратуры Альгерд Бахарэвіч. У гэтай казцы ўсё пачынаецца ў звычайнай гарадской кватэры і не абяцае ператварыцца ў прыгоду. Неверагодным чынам дзеці здзяйсняюць вандроўку ў часе і прасторы, трапляюць у Краіну Туманоў, дзе вымушаныя стаць акцёрамі тэатра, прыслужваць дзіўным гаспадарам, шукаць сяброў і знаходзіць сябе.
Дарэчы, тут жа, на litres знаходзіцца цэлая бібліятэка беларускамоўных кніг, у тым ліку з багатым выбарам дзіцячых. Гэтая платформа дае магчымасць не толькі набываць пэўныя выданні, дакладней, доступ да іх, але і афармляць падпіску, прадастаўляе некаторыя кнігі бясплатна, а некаторыя — у выглядзе падарунка.
Падкасты на платформе «Краіна казак» абнаўляюцца штодзень, тут ёсць зручныя наладкі для карыстальніка і актыўная форма для зваротнай сувязі.
Аплікацыя створана праграмістам Алесем Булойчыкам пад кіраўніцтвам спецыялісткі па дзіцячай і адукацыйнай літаратуры Таццяны Цуканавай. «Мы спрабуем аб’яднаць у нашай праграме традыцыі і сучаснасць: народныя казкі, аўтэнтычныя калыханкі і сучасныя тэхналогіі. А таксама імкнёмся, каб кожны маленькі чытач знайшоў тут нешта на свой узрост і густ», — пішуць стваральнікі.
Падаецца, гэта ў іх атрымліваецца, у многім дзякуючы выдатнай камандзе і падбору матэрыялу. Аздобілі праект работы выдатных мастакоў — Міхала Анемпадыстава, Ганны Сілівончык, Кацярыны Бабок і многіх іншых. Тут ёсць аўтарскія казкі Алены Масла, Ігара Кузьмініча, беларускія народныя прыпавесці, легенды і паданні.. А яшчэ — адукацыйныя праграмы, мультфільмы (у тым ліку — пра Пэтсана і Фіндуса), тэксты-чытанкі і песенькі. Карацей, па «Краіне казак» можна вандраваць і вандраваць.
***
Шаноўныя чытачы! Знайсці добрую дзіцячую кніжку па-беларуску заўсёды было нялёгка. Заўсёды цаніліся яўкі-паролі, лайфхакі ў пошуку, да правераных мясцін-кнігарняў не зарасталі сцежкі, а ўлюбёныя аўтары надоўга станавіліся сябрамі семʼяў. Але менавіта сёння мы спадзяёмся на ўважлівасць і свядомы выбар бацькоў, на ваша жаданне дзяліцца сваімі знаходкамі. Таму будзем удзячныя за падказкі, практычныя парады, як знаходзіць, чытаць і слухаць беларускае нават за мяжой.
Марына Весялуха, budzma.org