У Літву з Ватыкана прывезлі ўнікальныя кодэксы з Пагоняй і гістарычнымі мініяцюрамі, створаныя беларускімі графінямі для Папы

Рукапісныя кодэксы з нацыянальнай сімволікай прыбылі ў асабліва надзейнай упакоўцы і ў суправаджэнні аховы, бо іх кошт ацэньваюць прыкладна ў адзін мільён еўра, піша «Наша Ніва» са спасылкай на Delfi.

Vyjava Pahoni i simvoliki paŭstannia 1831
Выява Пагоні і сімволікі паўстання 1831 года на пераплёце літоўскамоўнага перакладу папскай булы. Фота: фэйсбук Цельшаўскай дыяцэзіі

Упершыню гэтыя ўнікальныя помнікі кніжнага мастацтва вяртаюцца ў краі, дзе былі створаныя. Цяпер раскошныя альбомы бул папы Пія IX, прывезеныя з Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі, можна пабачыць на міжнароднай выставе «Пагоня і лілея» (Vytis ir Lelija), якая праходзіць у Ракішскім краязнаўчым музеі.

У 1854 годзе папа Пій IX абвясціў догмат пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваёй буле Ineffabilis Deus. Французскі тэолаг Мары-Дамінік Сір (1827–1917) прапанаваў перакласці яе на як мага больш моў і аформіць кожны пераклад як унікальны раскошны рукапіс з нацыянальнай і рэлігійнай сімволікай. Цягам 1870—1880‑я гадоў у Ватыкан было перададзена каля трохсот такіх альбомаў.

Poĺski arol na pierapliocie poĺskamoŭnaha pierakladu papskaj buly
Польскі арол на пераплёце польскамоўнага перакладу папскай булы. Фота: Ракішскі краязнаўчы музей

Адметна, што з заходніх губерняў Расійскай імперыі ў Рым трапілі адразу тры пераклады: па-польску, па-літоўску і па-царкоўнаславянску. Гэта выглядае як палітычная заява, асабліва ў святле таго, што ў час паўстання 1863 года, якое ўжо было не за гарамі, зноў вярнуліся да ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай трох народаў — палякаў, літоўцаў і русінаў.

Maryja z Tyzienhaŭzaŭ Pšazdzieckaja
Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая, якая нарадзілася і вырасла ў Паставах, стварыла раскошнае афармленне для перакладу папскай булы. Фота: Wikimedia Commons

На выставе ў Ракішках паказваюць арыгінальныя рукапісы літоўска— і польскамоўнай версій, а таксама іканаграфію царкоўнаславянскай. Месца абрана невыпадкова, бо Ракішскую сядзібу, у якой размяшчаецца музей, атрымала ў спадчыну пасля смерці брата графіня Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая (1823–1890), якая аформіла польскі пераклад булы.

Hieraĺdyčnyja simvaly rodaŭ Pliateraŭ i Sabanskich
Геральдычныя сімвалы родаў Плятэраў і Сабанскіх, а таксама герб Пагоня на пераплёце літоўскамоўнага перакладу папскай булы. Фота: Ракішскі краязнаўчы музей

Літоўскую версію аздобіла Ідалія з Сабанскіх Броэль-Плятэр (1808–1891), а кірылічную — Наталля з Біспінгаў Кіцкая (1806–1888). Усе тры былі пабожнымі патрыёткамі і не прызнавалі ўлады Расійскай імперыі праз той боль, што яна прынесла іх краіне і сем’ям.

«Трэба мець на ўвазе, што гэта была другая палова XIX стагоддзя — цяжкі час пераследу. Гэтыя пераклады набылі пэўнае нацыянальнае, дзяржаўнае адценне. Былі падрыхтаваныя раскошныя альбомы, кожны з якіх быў унікальным, адзіным у сваім родзе, у шыкоўным пераплёце, з дзяржаўнай сімволікай. Гэта быў дар Папу Рымскаму», — кажа куратарка выставы Санта Каньчыце.

Admyslovaja knižnaja šafa
Для перакладаў папскай булы Ineffabilis Deus у 1874–1878 была створана адмысловая кніжная шафа, у якой пачэсныя месцы занялі польскі і літоўскія пераклады. Цяпер арыгінальныя тамы знаходзяцца ў Ватыканскай Апостальскай бібліятэцы, а на іх месцы прадстаўлены факсіміле, якія можа пабачыць у вітрыне любы наведвальнік Ватыканскіх музеяў. Фота: Ватыканскія музеі

Гэтыя графіні цесна звязаныя і з сённяшнімі беларускімі землямі: Марыя Пшаздзецкая, дачка знакамітага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза, нарадзілася і вырасла ў Паставах, а Наталля Кіцкая, дачка маршалка шляхты Ваўкавыскага павета, выхоўвалася ў радавым маёнтку ў Галоўчыне (цяпер Пружанскі раён).

Польскі і царкоўнаславянскі варыянты ілюстраваныя мініяцюрамі з важныя гістарычнымі падзеямі і постацямі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, часта змяшчаюць выявы «Пагоні», гербаў розных шляхетных родаў і сімвалы вызваленчай барацьбы.

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z vyjavami hierbaŭ Vialikaha Kniastva Litoŭskaha i abrazom Maci Božaj Žyrovickaj
Аркуш польскамоўнай версіі з выявамі гербаў Вялікага Княства Літоўскага і абразом Маці Божай Жыровіцкай. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Кожнай старонкай «апякуецца» адзін з найбольш шанаваных цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі на гэтых землях — сярод іншых тут можна пабачыць абразы Маці Божай Вострабрамскай, Жыровіцкай, Бялыніцкай і інш.

Над 26‑ю аркушамі польскамоўнага кодэкса Марыя Пшаздзецкая пачала працаваць у 1857‑м па ініцыятыве аўтара перакладу ксяндза Аляксандра Елавіцкага.

Іканаграфічную праграму яна распрацавала, магчыма, разам з мужам Аляксандрам. Арнамент кожнага аркуша, вытрыманы ў стылістыцы пэўнага гістарычнага перыяду, змяшчае выявы каралёў, знакамітых людзей, святых заступнікаў, зробленыя па матывах вядомых гістарычных карцін, а таксама віды гарадоў, замкаў, храмаў і батальныя сцэны.

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z simvaličnymi vyjavami Liublinskaj unii i abrazom Maci Božaj Bialynickaj
Аркуш польскамоўнай версіі з сімвалічнымі выявамі Люблінскай уніі і абразом Маці Божай Бялыніцкай. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Завяршыць кнігу Пшаздзецкая не змагла з-за пагаршэння зроку і хваробы рук — не аформленымі засталіся два апошнія аркушы. Тым не менш у 1892 годзе яе сын Канстанцін перадаў рукапіс папу Льву XIII. Большасць мастацкай спадчыны мастачкі загінула ў 1939-м, калі ў час абароны Варшавы ў палац Пшаздзецкіх трапіла авіябомба.

Царкоўнаславянскі пераклад, прадстаўлены на выставе толькі ў копіях, таксама ўражвае мастацкім узроўнем прапрацоўкі. Але яго іканаграфія месцамі выглядае нават больш «польскай», чым у польскамоўнай версіі.

Litoŭskamoŭnaja viersija ŭpryhožana maliunkami roznych raslin i kvietak
Літоўскамоўная версія ўпрыгожана малюнкамі розных раслін і кветак. Фота: Ракішскі краязнаўчы музей

Litoŭskamoŭnaja viersija ŭpryhožana maliunkami roznych raslin i kvietak
Літоўскамоўная версія ўпрыгожана малюнкамі розных раслін і кветак. Фота: Ракішскі турыстычна-інфармацыйны цэнтр

Літоўскамоўная ж версія, пераклад якой зрабіў жамойцкі біскуп Мацеюс Валанчус (1801–1875), істотна адрозніваецца ад славянскіх — у ёй быццам і няма палітычных алюзій, замест іх пышныя кветкавыя бардзюры, на якіх адлюстраваныя лілеі, ружы, лёну, нарцысы, цюльпаны, настурцыі.

Vyjava Pahoni i simvoliki paŭstannia 1831 hoda na pierapliocie litoŭskamoŭnaha pierakladu papskaj buly
Выява Пагоні і сімволікі паўстання 1831 года на пераплёце літоўскамоўнага перакладу папскай булы. Фота: Ракішскі турыстычна-інфармацыйны цэнтр

Толькі пераплёт кнігі, выкананы з грушавага дрэва, мае выразныя палітычныя сімвалы: паміж тонка выразанымі кветкамі і лацінскімі цытатамі з Песні Песняў змешчаны срэбраныя пласціны з выявай Пагоні і чатырма каранаванымі гербамі часоў паўстання 1830–1831 гадоў.

Усе тры пераклады: літоўскі, польскі і царкоўнаславянскі — даступныя ў электронным выглядзе на сайце Ватыканскай бібліятэкі. Ніжэй некаторыя выбраныя фрагменты з аркушаў гэтых кодэксаў.

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z vyjavaj abraza Maci Božaj Kodzieńskaj
Аркуш польскамоўнай версіі з выявай абраза Маці Божай Кодзеньскай. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z vyjavami hiemaŭ viadomych dziejačaŭ
Аркуш польскамоўнай версіі з выявамі гемаў вядомых дзеячаў. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z partretam Kasciuški i abrazom Maci Božaj Vostrabramskaj
Аркуш польскамоўнай версіі з партрэтам Касцюшкі і абразом Маці Божай Вострабрамскай. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Arkuš poĺskamoŭnaj viersii z vyjavaj Sviatoha Kazimira i abraza Maci Božaj Pačajeŭskaj
Аркуш польскамоўнай версіі з выявай Святога Казіміра і абраза Маці Божай Пачаеўскай. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Pierapliot kiryličnaj viersii
Пераплёт кірылічнай версіі. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка

Arkuš carkoŭnaslavianskaj viersii z simvaličnymi vyjavami Haradzieĺskaj unii
Аркуш царкоўнаславянскай версіі з сімвалічнымі выявамі Гарадзельскай уніі. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка.

Arkuš carkoŭnaslavianskaj viersii z vyjavaj Pahoni Аркуш царкоўнаславянскай версіі з выявай Пагоні. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка.

Arkuš carkoŭnaslavianskaj viersii z simvaličnaj vyjavaj Kreŭskaj unii
Аркуш царкоўнаславянскай версіі з сімвалічнай выявай Крэўскай уніі. Фота: Ватыканская Апостальская бібліятэка.